Карона для прыгажуні

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Самую дарагую карону ў свеце для конкурсаў прыгажосці маглі пабачыць жыхары Мінска 24 верасня ў Палацы Рэспублікі. Заўтра ж яе прымерыць на сябе пераможца XXXVIII Міжнароднага конкурсу “Міс-Інтэркантыненталь-2009” — самая прыгожая дзяўчына, якую выберуць з ліку прадстаўніц усіх кантынетаў. На гэтым упрыгожанні — 720 брыльянтаў, а каштуе яна больш за 360 тысяч долараў.

Карона мае назву "Oriental Holy Water" (у перакладзе на беларускую- "Азіяцкая горная вада"), яна выканана з плаціны, як паведамляе прэсслужба АНТ. Тэлеканал-арганізатар конкурсу таксама падрыхтаваў падарунак для прыгажунь: смарагдавае калье, створанае ювелірамі з Полацка. Каштоўныя камяні для яго "вырасцілі" ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Сёння ў "Футбольным манежы", дзе адбудзецца конкурс, праходзіць генеральная рэпетыцыя. Незадоўга да шматлікіх трэніровак і прымерак удзельніцы аб'ехалі з экскурсіямі ўсе вобласці нашай краіны: яны пабывалі ў Гродне, Пружанах, Камянцы, Магілёве, Гомелі, Жодзіне, Салігорску, Дудутках (там, дарэчы, паказаліся ў нацыянальных касцюмах сваіх краін) і, канешне ж, пазнаёміліся са сталіцай.
У якасці вядучых шоу выступяць браты Георгій і Дзмітрый Калдуны, а таксама ўладальніца тытула "Супермадэль свету" Кацярына Даманькова. Журы ж фіналу "Міс-Інтэркантыненталь" будзе сапраўды міжнародным: ацэньваць дзяўчат стануць генеральны дырэктар АНТ Рыгор Кісель, еўрапейскі дырэктар Сусветнай арганізацыі прыгажосці Дзітл Дзітлаф Тэрсіс, леташняя пераможца конкурсу Хрысціна Камарга з Калумбіі, Аляксандр Рыбак, Дзіма Білан ды іншыя. Гледачы ж пабачаць унікальнае шоу са спецэфектамі. Адзін з іх - сапраўдны вадаспад, адкуль выйдуць прыгажуні.