“Куфар” і два бонусы

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Фестываль “Тэатральны куфар-2009” распачнецца 28 верасня традыцыйнай промаакцыяй “100 жаданняў” і працягнецца да 3 кастрычніка на пляцоўках БДУ.

Сёлета яго мерапрыемствы збяруць пад сваім крылом 22 спектаклі, акцёраў і рэжысёраў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славеніі, Велікабрытаніі, Бельгіі, Турцыі, Ірана, Мексікі, Сербіі, Германіі, Польшчы і Алжыра. Фестываль мае на мэце не проста дапамагчы маладым талентам, але ж і развіць, папулярызаваць тэатральную культуру, аб'яднаць маладых тэатралаў розных краін.
 Праграма фестывалю - насычаная і разнастайная. Акрамя дэманстрацый ужо падрыхтаваных пастановак, "Куфар" абяцае адукацыйныя семінары і практыкумы, а ў якасці бонуса - два новыя праекты. Гэта "МоноК" - два спектаклі ў жанры монадрамы, пастаўленыя рознымі рэжысёрамі, але аб'яднаныя адной тэмай. Сярод двух поглядаў заўсёды застаецца права выбару. Другое новаўвядзенне - праект "KoufartoStage", створаны як платформа для культурнага і творчага абмену паміж студэнтамі розных краін. У склад журы ўвойдуць тэатральныя крытыкі, рэжысёры і педагогі з Беларусі, Літвы, Балгарыі, Турцыі, Філіпінаў, Калумбіі, Расіі, Мексікі, Эстоніі. Найлепшы спектакль па выніках галасавання гледачоў будзе ўзнагароджаны Прызам глядацкіх сімпатый.
Ганна СІВАКОВА, студэнтка IV курса Інстытута журналістыкі БДУ