Адмаўляючы механічнага салаўя

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Многія лічаць, што сёння ў творчых прафесіях дзеячы дамінуюць над творцамі і “менеджэры” настойліва адцясняюць “мастакоў”. Але, нягледзячы на ўсе “аб’ектыўныя абставіны”, Аляксей ЕРАНЬКОЎ, кампазітар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага, не здраджвае свайму таленту і ў свае 55 гадоў глядзіць у будучыню з надзеяй на лепшае. А “другаснасць” тэатральных кампазітараў тлумачыць як часовы перыяд у жыцці тэатра.

 /i/content/pi/cult/115/306/Mehanichny-salavej.jpg
— Тэатральнае мастацтва развіваецца і ў сённяшніх нялепшых эканамічных варунках. Арыгінальная
музыка каштуе шмат не толькі з прычыны дарагавізны аранжыровак ці выканання. Сапраўдная прычына знаходзіцца глыбей. У даўнія часы музыка ў тэатры адыгрывала адну з галоўных роляў: яна займала гледача, пакуль змяняліся грувасткія дэкарацыі, стварала знешнюю і ўнутраную атмасферу. Сёння з вялікім жалем адзначаю, што больш няма ў тэатрах аркестраў, засталіся пустыя аркестравыя ямы. Практычна няма і жывога выканання. Абыходзіцца ж толькі фанаграмай вельмі цяжка: сённяшнія запатрабаванні гледачоў вымагаюць удумлівай, вытанчанай працы. Але я веру ў тое, што калі-небудзь з’явяцца эканамічныя магчымасці для таго, каб прывабліваць музыкантаў у тэатр на пастаянную працу, павялічваць долю іх удзелу ў спектаклях. Тады з’явіцца шмат магчымасцей для таго, каб сапраўдныя, сур’ёзныя кампазітары стваралі моцныя творы і ў прасторы тэатра.


— Якая мера свабоды ў вашай прафесіі? Вам цяжка пісаць музыку
для спектакля, які не падабаецца?

— У творчасці кожнага чалавека існуе элемент свабоды. Але абсалютнай свабоды, канешне, няма. Існуюць эстэтычныя рамкі, фактары, умовы, якія мне прапаноўваюць, тое, што адпавядае альбо не маім прынцыпам. Даводзілася адмаўляцца ад прапаноў. Напрыклад, тэмы глыбока рэлігійныя, якія закладзены ў душы кожнага чалавека і якія могуць адрадзіцца толькі пры наведванні храма, не надта прыдатныя ў тэатры, бо тэатр не можа замяніць храм. Мне заўсёды шанцавала з рэжысёрамі і творамі, таму я не ведаю, ці цяжка “выдумляць”. Але ж кампазітар павінен умець пісаць на заказ. Іншая справа, што ён не можа натхняцца па загадзе. Праўда, сам я на заказ не пісаў.

Тэатральны кампазітар — гэта артадаксальны кампазітар. У тым сэнсе, што ён павінен разумець: галоўны ў тэатры на момант пастаноўкі — рэжысёр. І гэта правільна, таму што рэжысёр заўсёды на некалькі крокаў наперадзе. Толькі ён ведае, куды прывядзе калектыў. Аспрэчваць нейкія моманты з прынцыповасці — вялікая памылка.


— У шэрагу вашых прац прысутнічае “эстраднасць”…

— Калі пагледзяце ў Магілёве спектакль “Я твая нявеста” паводле Віктара Астафьева, “Стварыўшая цуд” у ТЮГу, то вы пачуеце зусім розную музыку з сімфанічнымі элементамі. Няма эстраднасці і ў “Чорнай панне Нясвіжа” Коласаўскага тэатра.

А эстраднасць… Ведаеце, не кожны адчувае патрэбу ў тэатры, а тэатр павінен існаваць, павінен аплачваць працу сваіх служачых. Таму і ставяцца камедыі, у якіх прысутнічаюць элементы лёгкай музыкі і сучасных рытмаў і стыляў. На іх прыходзіць глядач. Мажліва, мы самі вінаваты ў гэтым, а можа, час такі... Але я за тое, каб узбагачаць чалавека пазітыўнымі эмоцыямі, пачуццямі любові.


— Дазволю сабе перафразіраваць — музыка дапамагае жыць і будаваць…

— Мне хацелася б, каб мая музыка падабалася людзям, каб, дзякуючы ёй, душа вызвалялася ад зайздрасці, злосці, нянавісці. Самае каштоўнае — гэта чалавечае жыццё і любоў да ўсяго, што навокал. Да гэтага я хачу імкнуцца, развіваючы ўнутраную гармонію.


— Якой жа мусіць быць наша музычная культура?

— Як база — класічная музыка. А потым гарманічна ўзбагачацца іншай музыкай, лепшымі яе ўзорамі — пазітыўнымі. Яна не можа быць агрэсіўнай. Штучныя жанры, напрыклад, жорсткі рок, падчас якога на выступленнях разломваюць, спальваюць інструменты, — разбуральныя для чалавечай псіхікі. Паганіні не прыходзіла ў галаву зламаць скрыпку. Самая высокая музыка — гэта і ёсць адчуванне ўласнай чысціні перад людзьмі і Бога ўнутры сябе.


— Вам не здаецца, што сучасная
музыка робіцца ўсё больш уніфіцыраванай, пазбаўленай нацыянальнага аблічча?

— Сучасная лёгкая музыка — так. Той вядомы фармат, які існуе зараз, — гэта перапяванне таго, што мы некалі пачулі на Захадзе. А класіка не страціла нацыянальных тэндэнцый. Усходняя музыка вельмі багатая, таму што не адарвалася ад сваіх каранёў. А заходняя — дрэва з рознымі галінкамі, часам надзвычай чужароднымі адна адной. Мы можам узяць там, а можам рабіць сваё. Добра, калі культуры ўзаемаўзбагачаюцца, але ж гэта не адзіны магчымы для творчага існавання шлях. Нас часта абвінавачваюць у тым, што мы адукаваныя, але мала культурныя. Але, на маю думку, кожны павінен сам выхаваць у сябе густ, які дапаможа зразумець, ці ёсць “нацыянальнае аблічча” ў таго ці іншага кампазітара.


— Творчасць — заўсёды загадка,
спробы лагічна вытлумачыць яе існаванне — наіўныя. Але тое, што натхняе, зразумець удаецца?

— Няўлоўны момант. Гэта таксама таямніца. Натхненне лёгка спалохаць, яго лёгка страціць, калі на твой адрас выказваецца нейкая негатыўная крытыка. Я захапляюся Пушкіным — насамрэч мужным чалавекам, які за ўсё сваё жыццё не прачытаў пра сябе ніводнага станоўчага артыкула, але працягваў любіць людзей і дараваць усё. Самае страшнае, калі натхненне адбіраюць тыя, хто прачыняе дзверцы алтара, дапускаючы цябе да святога…


— Існуе сапраўдная творчасць і імітацыя яе. Імітацыя — рэч зразумелая і лёгка дасягальная, кожны ці
амаль кожны можа гэтаму навучыцца. А дзе, на вашу думку, крыюцца першапрычыны творчасці?

— Як не трэба даказваць, ці ёсць Бог, так і гэтае пытанне лепш пакінуць у спакоі. Задумвацца можна, але не варта чакаць хуткага і адназначнага адказу. Мы — тут, а адказ — там. І гэта, мне здаецца, самая вялікая мудрасць свету. Усё — дзеля таго, каб кожны апісваў Сінюю Птушку па-свойму, але каб яе ніхто і ніколі не ўбачыў наяве. Гэта той сімвал, які ўвесь час кудысьці знікае, але мы ў сваім імкненні да яго таксама ляцім туды, уперад — да развіцця, сонца, святла. Гэтая птушка нас кліча за сабой, але як толькі ты ўбачыш яе, усё парушыцца… Толькі разважаючы такім чынам, можна разлічваць на тое, што мы — не механічныя салаўі.


— Яшчэ Шэкспір пісаў: “Мы створаны з таго ж рэчыва, што і нашы
сны, і сном акружана ўсё наша маленькае жыццё”. Творчыя здольнасці — гэта, у першую чаргу, здольнасці “сну”. Палёт фантазіі, азарэнне — гэта вынік доўгай і цяжкай працы энергетычных вобразаў? Як вы лічыце?

— Мне аднойчы прысніўся сон, што я чую вельмі прыгожую музыку. Я раптам адчуў, што трэба хутчэй падняцца і запісаць. Але калі прачнуўся, то анічога не ўспомніў, аніводнай ноты. Перакананы, што проста “ў сне” нічога не ствараецца. Катаржная праца над якой-небудзь ідэяй можа прывесці да таго, што, знаходзячыся ў паўдрымоце, вы знойдзеце адказ. Але проста так, як падарунак, толькі дзіцяці можа прысніцца таямніца ад матулі-прыроды. Даросламу ж чалавеку — усё толькі праз працу.

Гутарыла Таццяна БОЙКА
Фота Юрыя ІВАНОВА