Вада плюс фарба

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

З 23 верасня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” экспануецца ІІ Міжнародная біенале “Вада + фарба”.

Першым аналагічны выставачны праект убачыў Полацк, і гэта ўжо стала традыцыяй, таму што і І Міжнародная біенале акварэлі, сумесная з прыбалтыйскімі мастакамі, праходзіла менавіта ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. У гэтым годзе да акварэльнай супольнасці як арганізатар далучаецца і Беларускі саюз мастакоў, адной з задач якога з'яўляецца папулярызацыя беларускага мастацтва, у тым ліку і за межамі рэспублікі.
 Сёння на выстаўцы экспануецца 144 творы 70 мастакоў з Беларусі і краін-суседак: Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі. Канцэпцыя праекта - сабраць у адным месцы і прадставіць публіцы мастакоў розных творчых пакаленняў, паказаць магчымасці акварэльнага жывапісу і выхад яго на ўзровень актуальнага мастацтва. У сувязі з гэтым у экспазіцыі прадстаўлены работы, выкананыя з выкарыстаннем акрыла, элементамі калажа, прыёмамі сучаснай падачы задумы. Прадстаўлены таксама відэапраект мастака з Літвы Г.Вайчыса "Вада і колер". Адна з задач арганізатараў біенале - наладжванне творчых кантактаў паміж мастакамі розных краін, стварэнне новых праектаў-выставак, якія пазнаёмілі б свет з творамі і іншых мастакоў. Таму плануецца зрабіць гэты праект пастаянным і пашырыць геаграфію ўдзельнікаў.