“Батлейка” просіць дапамогі

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Хто не верыць, што КВЗ — насамрэч усенародная гульня? Для яе не існуе ні ўзроставых, ні якіх іншых абмежаванняў. Адзін з доказаў гэтага — інтэграваная каманда “Батлейка”, што аб’яднала членаў тэатральнай студыі “Мімоза” Беларускага таварыства інвалідаў і акцёраў Тэатра юнага гледача. “К” у свой час пісала пра ўдзел “Батлейкі” ў Міжнародных гульнях інтэграванага КВЗ “Свет без межаў”, якія праходзілі ў маі ў Маскве.

Пасля гэтага беларуская "Батлейка" атрымала запрашэнне прыняць удзел у Міжнародным Адкрытым Кубку Нью-Йорка, які адбудзецца 12 снежня гэтага года ў тэатры "Міленіум" на Брайтан-Біч. "Галоўныя задачы падобных мерапрыемстваў, - кажа кіраўнік каманды Вольга Прохарава, - сацыякультурная і сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя і інтэграцыя інвалідаў у грамадства, выхаванне адносін паміж інвалідамі і неінвалідамі, а таксама, што немалаважна, - умацаванне сувязей праз "народную дыпламатыю" і падтрыманне іміджа Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.
Усяго ў Кубку Нью-Йорка плануецца выступленне васьмі амерыканскіх і трох запрошаных каманд, у шэрагах якіх чакаюць і прыезду беларускай "Батлейкі". Наша каманда з сямі чалавек, сярод якіх - чацвёра інвалідаў, ужо падрыхтавала праграму выступлення, дэвіз якой: "Мы з Беларусі!". Цяпер галоўны клопат "Батлейкі" - знайсці спонсараў для паездкі на Кубак. Камандзе патрабуецца аплаціць праезд, пражыванне і харчаванне. Не сакрэт, што для большасці яе ўдзельнікаў гэта адзіная магчымасць убачыць свет і адчуць сябе паўнацэннымі грамадзянамі сваёй краіны, прадстаўляючы яе на міжнародных гульнях інтэграванага КВЗ". Што ж, не толькі для членаў "Батлейкі", але і для спонсараў гэта - унікальная магчымасць заявіць пра сябе на міжнароднай арэне, праявіўшы сацыяльную і дабрачынную актыўнасць і падтрымаўшы цікавыя пачынанні беларускага інтэграванага КВЗ.
Наш кар.