Што на фестывальнай “вешалцы”?

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так фестываль — з ідэі. Ідэяй Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, а генеральным партнёрам — “Белгазпрамбанк”, яго арганізатары бачаць спрыянне і развіццё працэсаў інтэграцыі беларускага тэатральнага мастацтва ў агульнакультурную сусветную прастору. З 7 па 31 кастрычніка, вось ужо чацвёрты раз, гэты прэстыжны творчы форум збярэ сталічную тэатральную грамадскасць.

У рамках сёлетняй "Панарамы" гледачоў, па-традыцыі, чакаюць беларуская праграма, у якой свае работы пакажуць сталічныя тэатры, і гасцявая, дзе прымуць удзел калектывы з Расіі, Літвы, Латвіі, Швейцарыі, Эстоніі, Італіі і Венесуэлы. Акрамя таго, традыцыйная "разыначка" "Панарамы" - праект "Оn-line" - будзе сёлета выключна беларускай: маладым драматургам прапанавана стварыць невялічкія, памерам да 5 старонак, п'есы на тэму: "Хто я?" Далей - праца над 15-хвіліннымі міні-пастаноўкамі, якія прадставяць наступныя творчыя тандэмы, вызначаныя шляхам лёсавання: Аляксандр Марчанка і Дзіяна Балыка, Кацярына Аверкава і Аляксандр Казела, Васіль Дранько-Майсюк і Ігар Скрыпка, Кірыл Захараў і Алена Вайцяхоўская, Павел Харланчук і Мікалай Рудкоўскі, Багдан Арлоўскі і Алена Баландзіна, а таксама Кацярына Тарасава і Таццяна Ламонава.
Вынікі гэтай працы ўсе ахвотныя змогуць убачыць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 18 кастрычніка. І яшчэ адзін цікавы праект чакае прыхільнікаў "Панарамы" - "Тэатральны SOUND": 27 кастрычніка адбудзецца музычная феерыя з удзелам вядомых беларускіх гуртоў, дзе граюць артысты драматычных тэатраў. На сцэне выступяць "ДетиДетей", "Сярэбранае вяселле", Дзяніс Паршын і гурт "StepHoll", "9-ы міліметр", "Маланка orchestra" і "Нака", а таксама ўзорны дзіцячы хор "Радасць" Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Т.К.