Інавацыі ў стылі рэтра

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Чаго не хапала “Залатому шлягеру” цягам усіх гадоў яго існавання? Свайго аналага “Алеі славы”. Сёлета сітуацыя выправіцца. Арганізатары форуму прапанавалі яго знакамітым удзельнікам паспрабаваць сябе ў якасці мастакоў. У вольны ад канцэртаў час зоркі эстрады здолеюць дэбютаваць у новым амплуа, а потым іхнія творы можна будзе ўбачыць у галерэі абласнога Цэнтра культуры.

Зрэшты, па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, гэта зусім не адзіная інавацыя сёлетняга фэсту. Адгэтуль рэтра-імідж "...Шлягера" будзе тычыцца не толькі яго музычнай палітыкі. У праграме запланаваны рэтра-дэфіле, паказы рэтра-кіно, выстаўка рэтра-аўтамабіляў. Ля адроджанай не так даўно гарадской Ратушы адбудзецца конкурс "Голас горада". А ўздоўж усёй Ленінскай вуліцы ўпершыню разгорнецца своеасаблівы "Горад майстроў". Былая Садовая стане найлепшым антуражам фестывалю. Але ж свята завітае не толькі на магілёўскія вуліцы: сёлета яго імпрэзы адбудуцца ў 16 раёнах вобласці. Прычым не толькі ў іх цэнтрах, але таксама і ў аграгарадках. Фестывальны марафон па Магілёўшчыне працягнецца ажно да 16 кастрычніка. Сапраўдны гастрольны тур па вобласці зладзіць Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь са сваім творчым праектам "Маладыя галасы Беларусі". Апрача Магілёва, ён наведае Шклоў, Быхаў, Бабруйск, Асіповічы. А знакаміты Нацыянальны канцэртны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга прадставіць новую праграму "Залатое сэрца", прысвечаную Міхаілу Танічу. Апрача эстраднай музыкі, у праграме фестывалю - канцэрт Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, спектакль "Пігмаліён" у пастаноўцы Паўла Сафонава, канцэрт дзіцячых калектываў.
 Як заўсёды, адным з найважнейшых пунктаў праграмы стане конкурс ВІА імя Уладзіміра Мулявіна. Старшынёй журы сёлета з'яўляецца Анатоль Ярмоленка. - Мне цікава будзе пачуць, як маладыя выканаўцы трактуюць старыя шлягеры, - распавёў мэтр айчыннай песні карэспандэнту "К". - Вельмі хочацца, каб моладзь навучылася той пранікнёнасці, якая ўласціва артыстам майго пакалення. Каб на эстрадзе з'яўляліся не чарговыя "аднадзёнкі", а новыя "залатыя шлягеры". Што да фестывалю... Лічу, ён ужо стаў адным з культурных брэндаў нашай краіны, займеў уласную глядацкую аўдыторыю. Але ж, скарыстаўшыся нагодай, агучу тут і сваё пажаданне. Было б вельмі добра, каб фэст акцэнтаваў увагу не толькі на савецкія шлягеры, але і на ўласна беларускія, каб трывалую прапіску ў яго праграме займеў канцэрт, прысвечаны нашай музычнай гісторыі. Бо, без сумневу, яна вельмі багатая. Па словах Анатоля Сінкаўца, з запаўняльнасцю залаў праблем не прадбачыцца. А дыяпазон цэн білетаў у Лядовы палац складае ад 5 і да 170 тысяч рублёў.