Традыцыі і актуальнасць

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 24 — 25 верасня прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і сучаснае становішча культуры і мастацтваў”.

Тэма канферэнцыі выклікала вялікую цікавасць у навуковых колах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Дастаткова сказаць, што ў арганізацыйны камітэт паступіла больш як 120 заявак. Пад час пленарнага і секцыйных пасяджэнняў прадстаўнікі розных краін абмяркоўвалі пытанне ролі навуковых даследаванняў у вобласці архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатразнаўства, музыкі, кіно і экранных відаў мастацтваў у вырашэнні актуальных задач сучаснай культуры. Таксама беларускія і замежныя навукоўцы засяроджвалі сваю ўвагу на актуальных праблемах вывучэння этнакультурных традыцый, фалькларыстыкі і антрапалогіі, шукалі сістэмныя падыходы да вырашэння актуальных задач захавання нацыянальных культур і гісторыка-культурнай спадчыны ва ўмовах глабалізацыі. Для ўдзельнікаў канферэнцыі былі арганізаваны экскурсіі ў Музей старажытнай беларускай культуры, Цэнтральны батанічны сад, а таксама выступленне этнафольк-гурта "Гуды".
Наш кар.