Класіка ў мініяцюры

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выстаўкі “Азербайджан, Беларусь і сусветныя класікі ў мініяцюрнай кнізе”.

Праект быў падрыхтаваны дзякуючы супрацоўніцтву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы. На выстаўцы прадстаўлена больш за 350 экспанатаў прыватнага Музея мініяцюрнай кнігі з горада Баку, стваральніцай якога з'яўляецца Зарыфа Салахава. Дарэчы, пад час работы праекта можна будзе ўбачыць і найбольш рэдкія - японскія мікракнігі фарматам 2 х 2 мм. Багатая калекцыя мініяцюрнай кнігі ХVII - XXI стагоддзяў прадстаўлена і з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У межах прэзентацыі Зарыфа Салахава перадала ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі шэраг выданняў, прысвечаных гісторыі і культуры Азербайджана. Сярод іх - і мініяцюрныя кнігі, і CDдыскі. З музычнай культурай Азербайджана прысутных пазнаёмілі музыканты Шаміль Мамедаў, які выканаў вакальную кампазіцыю, і Рашыд Амірасланаў, што выступіў з нацыянальным музычным інструментам сазам.
Ул. інф.