Пяць аркестраў… і безліч зорак

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Напрыканцы наступнага тыдня Беларусь будзе вітаць зорак сусветнай музыкі, салістаў і шматлікія музычныя калектывы, што прымаюць удзел у IV Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета. З гэтай нагоды ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, намеснік генеральнага дырэктара тэатра Валерый Гедройц, мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер.

Правядзенне IV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета спрыяе міжнароднаму прэстыжу краіны і паляпшэнню іміджа Беларусі за яе межамі, - адзначыў міністр. - З іншага боку, ён сведчыць пра ўвагу, якую аказвае кіраўніцтва краіны культуры. Мінулыя музычныя форумы прайшлі з вялікім поспехам. Чым адметны новы? Па-першае, удзелам сусветна вядомых зорак класічнага мастацтва, побач з якімі будуць выступаць і маладыя музыканты. Па-другое, у фестывалі прымуць удзел пяць сімфанічных аркестраў: "Новая Расія" і "Салісты Масквы" - нашы госці, а таксама Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Прэзідэнцкі аркестр. Па-трэцяе, як і ў мінулыя гады, пройдзе шмат майстар-класаў, але сёлета яны набудуць форму Маладзёжнай акадэміі краін СНД. Плануецца ўдзел у іх 21 маладога музыканта з розных краін, у тым ліку пяці - з Беларусі. Усе майстар-класы і канцэрты акадэміі пройдуць на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яшчэ адна адметнасць: упершыню фестываль ладзіцца ў адпаведнасці з пастановай Урада краіны.
Галоўнымі яго арганізатарамі з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам. Застаецца дадаць, што адкрыццёі закрыццё фестывалю пройдуць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, а астатнія канцэрты - на сцэне Белдзяржфілармоніі. 4 кастрычніка, у канцэрце адкрыцця, які мае назву "Вечар Кармэн", прымуць удзел сімфанічны аркестр "Новая Расія" пад кіраўніцтвам маэстра Юрыя Башмета, салісты Беларускай і Баварскай опер, выступяць прыма-балерына Марыінскага тэатра Улляна Лапаткіна, салісты балета Вялікага акадэмічнага тэатра Расіі, балетная трупа Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Украіны імя Т.Шаўчэнкі. У багатай і разнастайнай праграме IV Міжнароднага фестывалю Ю.Башмета - выступленні зорак сусветнага выканальніцтва Васіля Лабанава (фартэпіяна), Віктара Трацякова (скрыпка), Дымут Попен (альт), Наталлі Гутман (віяланчэль), салістаў Цэнтра оперы Галіны Вішнеўскай, шматлікія майстар-класы, канцэрты, сустрэчы. Цікава, што фінансавы ўдзел дзяржавы на фестывалі складае толькі чвэрць ад патрэбных сум, ад 8 да 10 працэнтаў арганізатары плануюць атрымаць ад продажу білетаў, а ўсе астатнія сродкі паступілі ад шматлікіх спонсараў міжнароднага музычнага свята.

Таццяна МУШЫНСКАЯ