Барочны “Дыярыуш”

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Рэфлексія была ўласціва чалавеку спрадвечна. У гэтым можна пераканацца нават на прыкладзе наскальных малюнкаў першабытных людзей. Сёння ж тысячы карыстальнікаў Інтэрнета вядуць свае “жывыя дзённікі”, так званыя блогі. Але зварот да такіх публіцыстычных запісаў быў надзвычай папулярным значна раней: яшчэ ў ХVІІ стагоддзі.

/i/content/pi/cult/227/3050/14-2.jpg На беларускіх землях Рэчы Паспалітай, Вялікага княства Літоўскага цікавасць да асобы, яе індывідуальных якасцей, суб'ектывізм, супярэчлівасць былі ўласцівыя барочнай літаратуры. Працэс рэфлексіі асобы адбіўся і ў гісторыка-мемуарнай прозе, якая пачала зараджацца ў шляхецкім асяроддзі з другой паловы XVI ст. і набыла форму дыярыушаў, успамінаў. Гэта былі творы досыць разнастайныя па змесце: яны маглі спалучаць летапісныя традыцыі, пагадавое выкладанне падзей, часта - істотнага гістарычнага ахопу, з аўтабіяграфічнымі фактамі, маглі быць дзённікамі падарожжаў, аповедамі пра барацьбу за веру, ды і проста сістэматычнымі запісамі. У мемуарнай літаратуры таго часу мы не сустракаем падрабязнай рэфлексіі пачуццяў, працяглыя роздумы, падрабязныя псіхалагічныя характарыстыкі.

Разам з тым, у гэтых творах прысутнічаюць рысы, звязаныя з развіццём асабістай інтраспекцыі, якія знаходзяцца ў кантэксце культур эпох Рэнесанса і барока. Такімі рысамі валодае і адзін з найбольш значных дзённікаў таго часу, што належаў вядомаму грамадскаму дзеячу, прыхільніку праваслаўя, Афанасію Філіповічу (Брэсцкаму), дзень памяці якога адзначаўся днямі. Як можна зразумець з "Дыярыуша", Афанасій Філіповіч абсалютна ўпэўнены ў сваёй выключнай місіі, якую яго "Бог сотворитель мой на тое власне полал, творца мой Исус Христос и матка его Пречистая Богородица Купятицкая так трудную, дивную и барзо великую справу й послугу на меня покорного, як на быдлятко Валаамово, вложита зезволили?". Місія святога грунтавалася на атрыманых ім шматлікіх адкрыццях, што даваліся надзвычайным чынам: чалавекам у белым адзенні, вобразам Багародзіцы, загадкавым голасам. Увогуле, разнастайныя "знакі" досыць часта з'яўляліся Афанасію Філіповічу: гэта і жудасная панарама гнеўнага неба з карным войскам і пякельнымі агнямі на зямлі, вобраз Багародзіцы на небе. Ён быў упэўнены ў іх рэальнасці, але падкрэсліваў свой пагранічны, як можна меркаваць, стан у той момант: "Не праз сон, але в день и наяве только як в захвиценю яком будучи".

Місіянерскія амбіцыі А.Філіповіча разам з адкрыццямі і знакамі дазваляюць звязаць спецыфіку яго ўнутранага свету з барочным ірацыяналізмам кшталту святой Тэрэзы з Авіла, а таксама з барочнай гіпертрафіяй, дэструкцыяй рэчаіснасці, выхадам у адкрытую ілюзорную прастору. Нельга не звярнуць увагу і на досыць высокі ўзровень чаканняў Афанасія Філіповіча. Як можна меркаваць, ён упэўнены як у сваім праве звароту да вышэйшых асоб, устаноў дзяржавы - караля польскага, рускага цара, сейма, сената, так і ў тым, што яго патрабаванні здолеюць істотна змяніць свет. Характэрна, што сваю місію Афанасій Філіповіч бачыць у барочным кантэксце: як ролю "на высоким театрум света таго, сейму", дзе ён павінен выступіць. Гэтае спалучэнне рэнесансных матываў з барочным светапоглядам, дзе ідэя: "Жыццё - гэта тэатр" з'яўляецца адной з канцэптуальных, паказвае, наколькі актыўна рэфлектуючая асоба можа спалучаць канкрэтна-індывідуальнае і эпахальнастылёвае. Ва ўсім гэтым барочным і асабістым дысбалансе, экспрэсіўнай дысгармоніі прысутнічае сапраўдны трагізм: не здолеўшы прымірыць сябе з тым, што яму можа даць навакольны свет, ілюзорнае з рэальным, Афанасій Філіповіч не ўтрымаўся ў рамках тагачаснага грамадства і быў забіты ў 1648 годзе. Пазней пад імем Афанасія Брэсцкага ён быў далучаны да ліку святых зямлі Беларускай.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук