Інтуітыўныя эксперыменты з імправізацыяй

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Самай папулярнай жывёлінай Беларусі апошнім часам стаў, падобна на тое, трусік. Ды не звычайны, а чароўны. А яшчэ больш дакладна — песенны. Такога яшчэ не было: абсалютна “нефарматная”, па сутнасці, песня “Чароўны трусік” літаральна “ўзарвала” не толькі Інтэрнет, а ўсю неабыякавую да музыкі грамадскасць. І чым больш узнікала вакол песні разнастайных “за” і “супраць”, тым больш, па законах піара, яе “раскручванню” садзейнічалі нават тыя, хто збіраўся “забараніць”. Пра Юру Дземідовіча загаварылі ўсе: маўляў, новае імя на музычным Алімпе! На справе ж, яно было добра вядомым — як кажуць, у шырокім коле вузкіх спецыялістаў.

/i/content/pi/cult/227/3047/13-2.jpg

За плячыма хударлявага хлопчыка з шырока расплюшчанымі, бы ў мульцяшных герояў, вачыма - выступленні на лепшых еўрапейскіх сцэнах: і сола, і ў складзе знакамітай капэлы хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дый рэпертуар - далёка не "трусікавы" (у гэтай песні свой чароўны голас Юра дэманструе ўсяго на некалькіх нотках прыпеву ў высокім рэгістры), а "даросла-класічны", дзе што ні твор- найскладаны сусветны хіт: "Санта Лючыя", "O, sole mio", "Памяці Каруза"... На памяці ж аматараў опернай класікі - удзел Юры ў канцэртнай версіі "Барыса Гадунова" М.Мусаргскага на сцэне сталічнай філармоніі (гл. "К" №8 за 2008 г.), дзе ён, у якасці эксперыменту, спяваў Фёдара - сына Барыса (кампазітар, паводле традыцыі, прызначыў гэтую партыю для мецца-сапрана, што і вытрымліваецца звычайна ў тэатры: яшчэ з часоў Моцарта, з ягонага Керубіна ў "Вяселлі Фігара", партыі юнакоў спяваюць жанчыны).

Таму калі ў Юры ці ў яго выкладчыка, кіраўніка капэлы Уладзіміра Глушакова запытваюць, колькі яны рыхтаваліся да "Еўрабачання", тыя, не задумваючыся пры падліках, адказваюць вельмі проста: "Усё жыццё". Дый песня гэтая - акурат пра жыццё музыканта (шырэй - творцы, мастака). Яе герой жыве ў гэткім "рэальным Залюстэраччы". Яму падуладны таямніцы ведаў, назапашаных мінулымі пакаленнямі, перад ім адкрываюцца ўласныя "касмічныя" фантазіі і перспектывы, - а ён сумуе па маці, і рука міжволі выводзіць "заміж персідскага ўзору" - крыжыкі-нулікі, у якія гуляюць самыя звычайныя дзеці. У прапанаваным вобразе чытаюцца повязі і з "Алісай у Краіне цудаў" (гэтая казка сапраўды натхніла Юру), і з хорамі "хлопчыкаў-зайчыкаў" (капэла, у якой спявае Ю.Дземідовіч, - адна з іх), і з "Песенькай студэнта": "Тяжело учиться мне в университете...". Сам жа Юра каменціруе сваю песню так: "Яна пра тое, што жыць трэба ў радасці".

Як тэкст, так і музыка песні сатканы з самых, здавалася б, розных і нават супрацьлеглых стылёвых знітаванняў, але ў гэткім выглядзе - нітачка да нітачкі- яны складаюць надзвычай цэласную кампазіцыю. Паводле жанру - штосьці накшталт канта "па-сучаснаму", дзе лепшыя еўрапейскія здабыткі кладуцца на адметную нацыянальную глебу, нараджаючы, як сказаў адзін паэт (праўда, пра іншую з'яву мастацтва), "прамень святла на пыльным еўрапейскім лісці". Калі шукаць паралелі "Чароўнаму трусіку" ў беларускай музыцы, дык бліжэй за ўсё яна да апрацовак арыгінальных твораў Вольгі Вараб'ёвай, якіх багата ў рэпертуары і капэлы хлопчыкаў, і філарманічнага ансамбля "Камерата". Мяккі рэп спалучаецца з шыкоўным бэльканта, а шэптавыя прыгаворкі, уласцівыя фальклорным абрадавым дзеянням, - з інтанацыйнасцю старадаўніх знаменных-харальных-гімнічных песняспеваў, у аранжыроўцы чуюцца імпрэсіянісцкія гучанні, што раптам успыхваюць экспрэсіўнымі воклічамі. Атрымліваецца надзіва гарманічнае "спалучэнне неспалучальнага", што было ўласціва беларускай музычнай культуры на працягу стагоддзяў, стаўшы адной з трывалых ментальных прыкмет. Такая "нефарматнасць" структуры, адыход ад агульнапрынятых "правілаў" пры вельмі багатых асацыятыўных сувязях, уласцівых мастацтву постмадэрна з яго схільнасцю да полістылёвых гульняў, робяць песню не толькі запамінальнай, імгненна вылучаючы яе сярод іншых, але і цалкам натуральна ўпісваюць яе і ў нацыянальнае мастацтва, і ў агульнаеўрапейскую сучасную культурную прастору.

Галоўнае - колькі гэтую песню ні слухай, абавязкова знойдзеш штосьці, яшчэ не заўважанае. А ўсё, мабыць, таму, што вышэй адзначаныя "музыказнаўчыя раскладкі" - плён "знешняга" аналітыка, а не самога творцы: песня нарадзілася інтуітыўна, і ўсе яе далейшыя ўдасканаленні толькі падкрэсліваюць той першы парыў натхнення. Не будзем загадваць, якой атрымаецца канчатковая версія: ці застанецца ў ёй "скок Дзімы Білана", ці далучыцца да астатніх той хлопчык з "падпеўкі-падтанцоўкі" (а ўсе паплечнікі Юры, што былі з ім на сцэне, - з той жа капэлы хлопчыкаў), які перад фіналам ці то захварэў на бранхіт, ці то пабаяўся ўдзельнічаць у песні, што выклікала шырокі разгорт палярных думак і нават жудасных абвінавачванняў. Усе ўпэўнены: наш "трусік" не "струсит". Ужо сёння нашумелая кампазіцыя вядомая ў некалькіх варыянтах: і ў аўтарскім перакладзе на беларускую мову, і з В.Вараб'ёвай, якая ўвасабляе ў песні маці, і ў перакладах на французскую, нямецкую (дзе пасля слоў "па маці сумуе", згодна з нямецкай пунктуальнасцю, дадалося тлумачэнне: "А маці жыве ў суседнім лесе"). Зроблены пераклад і на кітайскую: мабыць, многія іншаземныя студэнты ўбачылі ў тым "трусіку" і свае правобразы. Пры такой жывой зменлівасці, уласцівай м у з ы ч н а м у мастацтву і асабліва - выканальніцтву, нязменнай засталася нязмушанасць, з якой Юра і спявае, і скача, і адказвае на пытанні журналістаў. Прэс-канферэнцыя з ім, паводле традыцыі, адбылася ў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Але ўжо паўтара года таму, як аказалася, Юра зрабіў свой першы візіт у гэтую ўстанову.

Як згадваюць супрацоўнікі, ён адкрыў дзверы рэдакцыі праграм для дзяцей і сказаў: "Давайце знаёміцца: мяне завуць Юра Дземідовіч". - "А дзе твая мама?" - "Навошта мама? Я сам прыйшоў". - "А што ты ўмееш рабіць?" - "Спяваць". - "Ну, праспявай нам што-небудзь". І ён заспяваў "Санту Лючыю". Вядома, такі рэпертуар у дзіцячых праграмах не самы запатрабаваны, і яму прапанавалі: "А давай ты запішаш якую-небудзь эстрадную песеньку, і мы ўключым цябе ў праграму". "Не, я папсой не цікаўлюся".- "Дык чаго ж тады прыходзіў?" - "Проста, пазнаёміцца". Можа, і папраўдзе, як кажа яго кіраўнік У.Глушакоў, Юра - гэткі "беларускі хітры трусік"? Бо калі меркаваць па ягоных адказах на журналісцкія пытанні пад час прэс-канферэнцыі - цаца-хлопчык, дый толькі! - Мае любімыя дысцыпліны ў школе - хор, спевы, фартэпіяна. З агульнаадукацыйных - матэматыка, руская мова, літаратура: чытаю Марка Твэна, класіку і крыху - фантастыку; фізкультура: падабаюцца шахматы, гуляю ў футбол. (Як маглі заўважыць тэлегледачы, сваю "графіці-візітоўку" Юра маляваў левай рукой - і не таму, што ляўша: руку зламаў акурат з-за футбола. - Н.Б.)

У школе ўвогуле цікава, мне падабаецца. Я нават сёння, хаця ад заняткаў вызвалілі, у школу пайду: сустрэцца з сябрамі. Люблю класіку, вакал. Моцарт, Гайдн, Бах, Шапэн - музыка кожнага з іх па-свойму цудоўная. - Хто твае куміры? - У мяне няма ніякіх куміраў. - А сябры ёсць? - Шмат. Ёсць блізкія сябры, а ёсць - проста таварышы. На праекце я пасябраваў з групай "РоКі". Мне спадабаліся таксамапесня "Баба-Яга", выступленне Магамета Асланава, песня "Дзень нараджэння". Увогуле, усе канкурсанты былі моцнымі, добра падрыхтаванымі. Але я рады, што перамог. Я вельмі намагаўся, спадзяваўся, што ўсё будзе добра, як Богу заўгодна. - Ты веруючы? - Так, разам з мамай мы ходзім у царкву. Пра тое, як Юра прыйшоў да музыкі, расказвала маці Таццяна Міхайлаўна: - У нашай сям'і музыкантаў няма, Юра - першы. Спяваў ён з трох гадоў, мог хутка вывучыць песню. Людзі сталі падказваць мне, каб я аддала яго вучыцца. Калі мы пераехалі ў Мінск (усе сваякі і цяпер жывуць у Капылі), у верасні, калі навучальны год ужо пачаўся, я прывяла Юру ў дзіцячую музычную школу № 2. Нам, вядома, адказалі, што ўжо позна. Але калі дырэктар паслухаў, як Юра спявае, яго адразу прынялі. Ён спяваў у хоры пад кіраўніцтвам Святланы Савельевай, яму вельмі падабалася. Потым мы пераехалі на Паўночны Захад і пайшлі ў школу з музычным ухілам, што знаходзілася побач. Але там параілі звярнуцца ў Рэспубліканскі каледж: маўляў, хлопчык вельмі адораны. Тут Юра і вучыцца - з другога класа. Вядома, былі пытанні і наконт "зорнасці". Але тыя, хто ўяўляе сабе, што такое навучанне ў нашым каледжы пры Акадэміі музыкі, добра ведае, што там ледзь не кожны выхаванец - патэнцыйная зорка. Ужо на гэтым школьным этапе амаль усе - лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў. Дый сама капэла хлопчыкаў, неаднойчы гастралюючы па Еўропе (у тым ліку з Юрам Дземідовічам не толькі як удзельнікам, але і як салістам), мае і бліскучыя рэцэнзіі, і ўласна конкурсныя перамогі.

Адчуваць сябе суперзоркай у такой кампаніі вундэркіндаў не тое што цяжка, а папросту немагчыма. Таму і на пытанне "Кім хочаш стаць?" Юра адказвае дастаткова сціпла, без залішніх "завоблачных мар": - Хачу стаць добрым музыкантам. Мабыць, не абавязкова спеваком. Бо будзе ў мяне добры голас ці не, зараз адказаць складана: мутацыі ў мяне пакуль не было, і якім стане голас пасля, прадказаць немагчыма. Песні я раней не пісаў - проста імправізаваў сам для сябе, мне гэта падабаецца... "Чароўны трусік" таксама нарадзіўся з імправізацыі, як нейкі імпульс, развага пра свае музычныя заняткі,- і зачараваў сваёй непадобнасцю на больш "рэалістычныя" песніскокі. І тое, што большасць тэлегледачоў розных узростаў горача падтрымала менавіта гэтую кампазіцыю, сведчыць, што густы нашай публікі- далёка не толькі "папсовыя". Гісторыя з "Чароўным трусікам" дадатковы раз пераканала, што мы, мабыць, становімся сведкамі новага гістарычнага этапа нашай музычнай культуры: гэткага "зліцця" высокай музычнай класікі і побытавых жанраў, да якіх звычайна далучаюць і эстраду. Сапраўды, у часы Моцарта музыка не ведала прынцыповай стылёвай розніцы паміж духоўнымі і гуллівазабаўляльнымі свецкімі творамі. Рэзкі падзел на музыку "сур'ёзную" і "лёгкую" з'явіўся на мяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў і далей усё больш замацоўваўся. Не дапамагаў нават так званы "трэці напрамак", што спалучаў здабыткі класікі і эстрады.

Але сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, усё больш заўважным становіцца імкненне творцаў не толькі да будучыні, але і да непасрэдна слухачоў, якія прагнуць музыкі прыгожай, але эксперыментальнай. Змянілася стаўленне да "лёгкіх" жанраў і сярод музычна-прафесарскага складу, які раней стаяў на абароне адно акадэмічных ідэалаў. - Я не хвалююся, што Юра можа сысці ў эстраду,- сказаў пад час прэсканферэнцыі Уладзімір Глушакоў (дарэчы, сам былы выхаванец Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ і Маскоўскай кансерваторыі, патомны музыкант, сын знакамітага опернага спевака Валерыя Глушакова). - Мой сын Яраслаў, які цяпер вучыцца ў Маскоўскай кансерваторыі і які, дарэчы, зрабіў аранжыроўку для песні Юры, сказаў так: "Моцарт таксама пісаў поп-музыку - як пазней і Чайкоўскі". Сапраўды: ці не за тое крытыкавала Чайкоўскага "Магутная кучка", што той максімальна ўлічваў законы ўспрыняцця, давяраў сваёй інтуіцыі, а не толькі дбаў пра збудаванне музыкі для наступных пакаленняў? Юра - артыст. І тыя хвалі "прыняцця - непрыняцця", што разгарнуліся вакол песні, - частка яго прафесіі. Не заўсёды ж выслухваць адно кампліменты! Таму я не настройваю яго выключна на перамогу. Кажу так: "Мы ўжо перамаглі, бо заявілі пра сябе, сталі больш заўважнымі". Аднойчы нават запытаўся ў сваіх навучэнцаў: "Чым талент адрозніваецца ад "зоркі"?". Адказы былі рознымі, але ўсе чакалі маё меркаванне. Я сказаўтак: "Калі ад цяжкасцей, што сустракаюцца на яго шляху, талент не згасае, а зіхаціць яшчэ ярчэй, - гэта "зорка".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"