Заходняя Беларусь вачыма мастакоў

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

17 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася унікальная выстаўка “Заходняя Беларусь у мастацтве”, прысвечаная 70-годдзю ўз’яднання беларускага народа ў адзіную дзяржаву.

 /i/content/pi/cult/227/3043/7-1.jpg
 “Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі”.
 /i/content/pi/cult/227/3043/7-2.jpg
 Р.Семашкевіч. “Партрэт пісьменніка В.Таўлая”.

Як вядома, да верасня 1939 года тэрыторыі Заходняй Беларусі з 28 паветамі Навагрудскага, Палескага, Віленскага і Беластоцкага ваяводстваў з насельніцтвам больш за 4,5 мільёна чалавек, уваходзілі, паводле мірнага Рыжскага дагавора 1921 года, у склад буржуазнай Польшчы. Пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі гэтая тэрыторыя была ўз'яднана з БССР, і такім чынам скончылася тэрытарыяльная кансалідацыя беларускага этнасу.

З пункта погляду мастацкіх працэсаў, якія адбываліся ў Заходняй Беларусі ў той адрэзак часу - з 1921 па 1939 гг., - трэба сказаць, што гэты перыяд і сёння яшчэ не зведаў глыбокага прафесійнага даследавання, таму і многія імёны таленавітых мастакоў засталіся як бы за рамкамі беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. І якраз гэтая выстаўка ліквідуе ў дадзеных адносінах некаторыя "белыя плямы". Я пабываў на выстаўцы, калі творы яшчэ не былі развешаны і не мелі этыкетак, і таму мне было вельмі прыемна ўбачыць і пазнаць "старых знаёмых": карціны, эцюды, пейзажы і партрэты М.Сеўрука, П.Сергіевіча, Я.Драздовіча, Я.Раздзялоўскай. А вось і малавядомыя мне жывапісцы: П.Южык, Б.Залкінд, С.Вішнеўскі, З.Крачкоўскі - мастакі з індывідуальным светапоглядам на гісторыю краіны, прыроду і свет. Асабліва хачу адзначыць унікальнага мастака Рамана Семашкевіча, пра якога я 15 гадоў таму пісаў у "Культуры".

На выстаўцы прадстаўлены чатыры яго творы, у тым ліку партрэты В.Таўлая і армянкі. Я быў добра знаёмы з яго ўдавой Надзеяй Міронаўнай Васільевай, якая шмат мне расказвала пра свайго мужа. Ён нарадзіўся на Маладзечаншчыне ў мястэчку Лебедзева ў Заходняй Беларусі ў шматдзетнай сялянскай сям'і, дзе выхоўвалася аж 16 дзяцей! З ранняга дзяцінства захапляўся маляваннем, а калі падрос, апынуўся ў Вільні. Тут, паралельна з вучобай у гімназіі, браў урокі жывапісу ў мастацкай студыі Браніслава Тарашкевіча. Сваю прафесійную адукацыю працягваў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме на скульптурным аддзяленні - у адзін час з З.Азгурам, А.Бембелем, М.Пашкевічам, А.Волкавым, М.Манасзонам, М.Гусевым, А.Арловым, З.Мірынгофам. У 1927 годзе, пасля заканчэння тэхнікума, Семашкевіч быў накіраваны ў Маскву, ва Усерасійскі мастацка-тэхнічны інстытут (ВХУТЕИН) - на жывапісны факультэт, дзе вучыўся ў Р.Фалька, Д.Штэрэнберга, Д.Кардоўскага. Школа - што трэба! З той пары застаўся жыць у Маскве. Шмат працаваў у жывапісе і графіцы. Але ніколі не забываўся на сваю радзіму.

 /i/content/pi/cult/227/3043/7-3.jpg
М.Сеўрук. “Жняя”. 

На пачатку 30-х бываў тут у творчых камандзіроўках: у Петрыкаве, Мазыры, Мінску, на Лепельшчыне. Сябраваў з Я.Купалам і Я.Коласам. Паспеў стварыць каля 700 палотнаў і незлічоную колькасць малюнкаў. Але ў 1937-м Р.Семашкевіч быў незаконна рэпрэсіраваны і расстраляны. Шмат работ згінула немаведама дзе. Тыя творы, што вы ўбачыце на выстаўцы, - перададзены ў 90-я гады нашаму музею Надзеяй Васільевай... Уласна тэма ўз'яднання Беларусі ў 1939 годзе таксама прадстаўлена ў экспазіцыі: гэта вядомае палатно "Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі" М.Манасзона, эскізы да карцін "Народны сход у Заходняй Беларусі. Беласток" і "Піянеры вітаюць Народны сход у Заходняй Беларусі" рускага мастака Ф.Мадорава ды некаторыя іншыя. Самае галоўнае, што я ўбачыў на гэтай выстаўцы, - гэта самабытны нацыянальны дух беларускага народа, якім было прасякнута сацыяльна-культурнае паветра таго часу ў Заходняй Беларусі. Хачу яшчэ падкрэсліць, што экспазіцыя склалася са збораў Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага гістарычнага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, фондаў Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а таксама прыватных калекцый.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"