Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
Заходняя Беларусь вачыма мастакоў
17 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася унікальная выстаўка “Заходняя Беларусь у мастацтве”, прысвечаная 70-годдзю ўз’яднання беларускага народа ў адзіную дзяржаву.
СЁННЯ Ў НАШАЙ ХАЦЕ СВЯТА!
Сёлетнім вераснем Дарога да Дажынак бачыцца яшчэ і сімвалічным Шляхам — згадкай пра Хлеб 70-гадовай даўніны, калі Поле Беларусі стала адзіным і недзялімым...
Песні саламянай прыгажуні
Міншчына здзівіла не толькі рэкордным ураджаем. Падарожнікаў, што спяшаюцца на “Дажынкі-2009” у Кобрын, чакаюць на аўтатрасе ад Міншчыны да Брэстчыны самыя прыемныя саламяна-песенныя неспадзяванкі. Абапал шашы, на ржышчах убраных хлебных палеткаў Стаўбцоўскага, Нясвіжскага раёнаў, выстаўлены шматметровыя скульптуры, што выраблены мясцовымі народнымі майстрамі з жытняй саломы. Легкавікі і грузавыя фуры спыняюць рух. Вандроўнікі ў захапленні разводзяць рукамі і нястомна пстрыкаюць фотаапаратамі. Прыпынкі зацягваюцца надоўга, бо вабяць не толькі саламяная дзяўчына ці саламяны цягнік, што развёў пары і сабраўся рушыць у бок Кобрына. Вабяць спевы самадзейных калектываў, актыўны продаж беларускіх народных сувеніраў, у тым ліку і з традыцыйнай саломкі.
“Белая вежа”: варыяцыі прачытання
Ад Гогаля да Гогаля. Сцэнічныя экзерсісы Па традыцыі, беларускія тэатралы адзначылі пачатак восені Міжнародным тэатральным фестывалем “Белая вежа”, які з 5 па 12 верасня чатырнаццаты раз прайшоў у Брэсце. Для нашага тэатральнага мастацтва гэтае буйное, прызнанае не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі, свята тэатра стала своеасаблівым сімвалам-абярэгам: самы старэйшы ў рэспубліцы тэатральны фестываль сёння ўспрымаецца як сімвал пэўнай творчай стабільнасці і імкнення наперад, да актыўнага творчага жыцця, не паддаючыся аніякім эканамічным нягодам. Здавалася, у складаных на сёння эканамічных умовах правядзенне падобнага мерапрыемства — немагчымае, але дзякуючы валявому рашэнню старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанціна Сумара і ягонаму: “Фестывалю — быць!” удалосязнайсці ў бюджэце неабходныя сродкі і не падмануць чаканняў гараджан і гасцей Брэста, якія ўжо і не ўяўляюць восень без “Белай вежы”. Зрэшты, і сам тэатр да чатырнаццатага фестывалю прыйшоў у новым статусе: першымі і пакуль што адзінымі за гісторыю незалежнай Беларусі “несталічныя” брэстаўчане атрымалі ганаровае найменне акадэмічнага, што, у сваю чаргу, яшчэ раз падкрэсліла заслугі тэатра і яго кіраўніцтва ў справе развіцця і папулярызацыі беларускага тэатральнага мастацтва, а таксама наладжвання міжнародных сувязей. Гараджан жа парадавала і новая сцэнічная пляцоўка, што ў гэтым годзе з’явілася ў фестывальнай афішы: шыкоўна адрамантаваная зала Абласнога грамадска-культурнага цэнтра, якая дазволіла сфарміраваць фестывальную праграму так, каб можна было без асаблівых праблем паглядзець максімальную колькасць конкурсных работ. А паглядзець было што! У праграме “Белай вежы” прынялі ўдзел 25 тэатральных калектываў з 10 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Ірана, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Украіны. Сёлетні фестываль арганізатары прысвяцілі 200-годдзю з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Гогаля, і натуральна, што немалая частка конкурсных работ прэзентавала самыя розныя варыяцыі сучасных сцэнічных прачытанняў твораў гэтага класіка тэатральнага мастацтва, хаця, безумоўна, толькі яго творчасцю афіша не абмежавалася. А пад час выніковага “круглага стала” галоўны рэдактар расійскага часопіса “Тэатральнае жыццё” і член журы Алег Півавараў прызнаў, што ў Расіі, на жаль, юбілей гэтага тэатральнага тытана прайшоў неяк незаўважна: без той належнай яму пашаны, якую Мікалай Гогаль, безумоўна, заслугоўвае.
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2007 - 2024 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»