Сезон, адкрыйся!

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Сезон — бы зачараваны Сезам: як адкрыецца, дык ужо не выпусціць са сваіх абдымкаў. І нічога, што ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ён 72-і, а ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета — 77-ы: кожны творчы калектыў знойдзе, як стварыць уражанне “ўпершыню, толькі для вас і ўсяго адзін раз”.

/i/content/pi/cult/227/3042/8-1.jpg
 /i/content/pi/cult/227/3042/8-2.jpg

Філарманічны сезон адкрыў 12 верасня Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале са знакамітым Аляксандрам Анісімавым. Сярод замежных гасцей на канцэрце апынуўся вядомы маскоўскі крытык, пастаянны ўдзельнік "Славянскага базару ў Віцебску" Сяргей Суседаў: "Раней я ведаў Аляксандра Анісімава "віртуальна", шмат чуў пра яго, чытаў, слухаў запісы, а зараз дадаткова пераканаўся, наколькі папраўдзе хрэстаматыйнага выканання ён можа дамагацца, застаючыся пры гэтым своеасаблівым шоуменам, заводзячы публіку сваімі апантанасцю і эмацыйнасцю, ад якіх у яго нават дырыжорская палачка скокнула з рук. Чым не відовішчны тэатральны прыём?" Напярэдадні канцэрта вядучы аркестр краіны запрасіў журналістаў на прэс-канферэнцыю і адкрытую рэпетыцыю. Як распавёў А.Анісімаў, не так часта ў канцэртах гучаць два буйныя сімфанічныя палотны. Адно з аддзяленняў звычайна прысвячаецца выкананню канцэрта з аркестрам, каб прыцягнуць публіку і гучным імем вядомага саліста.

 У Еўропе ж не баяцца акцэнтаваць адно аркестр. Так зробіць і наш маэстра, даказаўшы, што ў ягоным аркестры - спрэс салісты. Невыпадкова ў праграму былі ўключаны найскладаныя, нашпігаваныя мудрагелістымі сола "Сімфанічныя танцы" С.Рахманінава, "Шахеразада" М.Рымскага-Корсакава, фрагменты балета "Ціль Уленшпігель" Я.Глебава. У гэтым сезоне аркестр прапануе два абанементы. "Чароўная музыка" прызначана для дзяцей і іх бацькоў, якія пачуюць сімфанічна-казачныя шэдэўры з нечаканымі каментарыямі вядучых. Моладзь, безумоўна, зацікавіцца літаратурна-музычнымі кампазіцыямі, пабудаванымі на "супрацоўніцтве" Пушкіна і Чайкоўскага (оперы "Яўгеній Анегін", "Пікавая дама"), Шэкспіра і Пракоф'ева (балет "Рамэа і Джульета"), Шэкспіра і Шастаковіча (музыка да кінафільма "Гамлет"). Пачынаючы з кастрычніка, можна будзе набыць і кампакт-дыскі аркестра - не толькі з аўдыё-, але і з відэазапісамі канцэртных праграм апошніх трох гадоў. Сярод знакавых філарманічных падзей пачатку сезона - свята ўдарных, падрыхтаванае адным з камерных калектываў аркестра - ансамблем "Grig percussion" на чале з Ігарам Аўдзеевым, з запрашэннем да "ўдарна-музычнай размовы" іншых беларускіх выканаўцаў, гасцей з Расіі і Літвы. Гэты канцэрт, што нагадваў сабой "спрэсаваны" да дайджэсту паўнавартасны фестываль, быў багаты на сюрпрызы. Пачаўся ён на гадзіну раней - з барабаннага "праменаду" на прыступках філармоніі, у якім удзельнічалі навучэнцы музычных школ і рота сувораўцаў.

 Пасля хуткаплыннага "вулічнага шэсця" многія гледачы кінуліся штурмаваць касы (дзе, праўда, ужо і да гэтага часу амаль усе білеты былі распрададзены: музыканты і аматары ехалі цэлымі дэлегацыямі з розных рэгіёнаў Беларусі). На самім жа канцэрце ўдарныя ўтваралі цуды: ад вібрафонна-марымбавай зачараванасці да драйвавага шаманства і эстрадна-джазавых імправізацый. Адной з кульмінацый стаў твор беларускага кампазітара Віктара Капыцько "Элегія памяці Аррыга Бойта" - маленькі спектакль-роздум пра лёс знакамітага італьянскага кампазітара і опернага лібрэтыста. Акрамя разнастайных светлавых эфектаў, канцэрт аздаблялі выведзеныя на экран пясчаныя фантазіі - sand-арт. Прычым усе малюнкі надзіва пасавалі гукавай партытуры, нараджаліся адпаведна музычнаму развіццю кожнага твора. Сапраўдным святам стануць і далейшыя "барабанныя акцыі", пачынаючы з рытм-шоу "Віртуозы ўдарных" лаўрэата міжнародных конкурсаў, ксілафаніста Сяргея Шаптунова. Усё гэта наводзіць на думку: чаму б не зрабіць падобныя канцэрты больш частымі і відовішчнымі, выплёскваючы частку "ўдараў сэрца" на вуліцу? Сярод іншых цікавостак сезона назаву і аўтарскі вечар нашага кампазітара Уладзіміра Кур'яна, творчасць якога поўная самых неверагодных прыдумак. Акрамя шматлікіх камерных фантазій, упершыню для шырокай публікі прагучалі фрагменты яго камічнай оперы паводле К.Пруткова, напісанай 25 гадоў таму. Вялікі тэатр адкрыў сезон 16 верасня - балетам "Рамэа і Джульета", дзе спляліся таленты У.Шэкспіра, С.Пракоф'ева і В.Елізар'ева. Дарэчы, яшчэ адзін балет нашага сусветна вядомага харэографа - "Шчаўкунок" - пройдзе сёлета 500-ы раз. А 80-годдзе з дня нараджэння кампазітара Яўгена Глебава будзе адзначана 25 верасня балетам "Легенда пра Ціля". 25 кастрычніка тэатр пакажа прэм'еру новай пастаноўкі оперы Дж.Вердзі "Трубадур", якую адразу павязе ў Галандыю.

Дарэчы, аркестр тэатра літаральна днямі вярнуўся з гастролей па Германіі, дзе выступаў з папулярным тамтэйшым рок-гуртом, ды так паспяхова, што запрошаны прадоўжыць гэты сумесны праект. 5 снежня плануецца прэм'ера балета С.Пракоф'ева "Папялушка", у лютым - оперы Дж.Вердзі "Макбет", у маі - ягоная ж "Набука". Агульны сход калектыву, прысвечаны пачатку сезона, адбыўся 9 верасня - акурат у дзень 60-годдзя знанай салісткі Нагімы Галеевай, якую павіншавалі з юбілеем. Ну, а ўвесь калектыў прымаў віншаванні з пачаткам сезона ад намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Грыдзюшкі, які чарговы раз выказаў артыстам і супрацоўнікам удзячнасць за мужнасць, гераізм, подзвіг, якія яны здзейснілі на працягу апошніх гадоў: не толькі захавалі пад час рамонту будынка трупу, рэпертуар, але і працавалі з перспектывай, ажыццяўляючы новыя пастаноўкі.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"