Ноткі – нотачкі - нататкі ...

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Здавалася б, навошта Беларусі ў сучасных умовах мець уласнае нотавыданне? Куды танней набыць у замежжы некалькі асобнікаў, аддаць іх у бібліятэкі, і кожны, каму спатрэбіцца той ці іншы твор, зможа зрабіць сабе ксеракопію. Ну, а ноты беларускіх кампазітараў у нас і так друкуюцца - і прыватнымі выдавецтвамі, і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі. Хаця, зноў-такі, навошта іх выдаваць, калі з дапамогай ксеракса можна зрабіць з рукапісу столькі копій, колькі патрэбна? Дый патрэбна іх у межах краіны не так многа. Сапраўды, ці можна спадзявацца, што стос партытур нашых аўтараў, ледзь будзе выдадзены, адразу змятуць з паліц нотных крам? Тым больш, што і нотныя крамы (а часцей - музычныя аддзелы ў кніжных крамах) у нас зусім не на кожным кроку. Але чаму тады адсутнасцю спецыяльнага нотнага выдавецтва так заклапочана музычная грамадскасць? Чаму нашы творы, здараецца, часцей выдаюцца ў замежжы (гэтаму садзейнічаюць міжнародныя фестывалі, куды запрашаюць нашых кампазітараў), а не ў нас? Такія пытанні рэгулярна ўзнімаліся і ўзнімаюцца на кожным з'ездзе Беларускага саюза кампазітараў. Магутным акордам прагучалі яны і на нядаўнім Міжнародным сімпозіуме "Сучаснае музыказнаўства ў сусветнай навуковай прасторы". Дык ці маюць рацыю спецыялісты, калі б'юць ва ўсе званы?

Малюнкі з натуры

Маэстра Аляксандр Анісімаў, паводле традыцыі, напярэдадні адкрыцця канцэртнага сезона паклікаў журналістаў на адкрытую рэпетыцыю Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. І пасадзіў прадстаўнікоў СМІ не ў глядзельную залу, а "ўнутр" калектыву, сярод аркестрантаў. Да 80-годдзя з дня нараджэння Яўгена Глебава зайгралі яго "Ціля Уленшпігеля" - не ўвесь балет ці сімфанічную сюіту з яго, а асобныя, найбольш яркія фрагменты, што могуць скласці гэткую "прэзентацыю" стыля нашага класіка. Тут музыканты на чале з дырыжорам і прадэманстравалі напоўніцу ўсю сваю віртуознасць! Не толькі ўласна ў выкананні, але і ў хуткасці гартання старонак нотнага тэксту, перапісаных ад рукі: наперад, назад, зноў наперад, спачатку... Раптам падумалася: калі быў бы камп'ютэрны набор, дык скласці з яго падобныя "вітражы-віражы" можна было б націсканнем некалькіх клавіш - і кожны музыкант меў бы перад вачыма адрэдагаваны варыянт. Узгадалася і сустрэча з арганізатарамі маладзёжнага расійска-беларускага аркестра, складзенага з лепшых юных музыкантаў Саюзнай дзяржавы. Як толькі размова зайшла пра выкананне беларускай класікі, дырыжор узгадаў цяжкасці са "здабычай" нот. Практычна нічога няма ў камп'ютэрным варыянце, які можна было б імгненна перасылаць па электроннай пошце. Калі што і ёсць, дык толькі ў рукапісах. А гэта значна зніжае даступнасць твораў для іх выканання і, адпаведна, папулярызацыі. Дый рукапіс твора, разлічанага на буйны калектыў,- гэта далёка не ўсё, што патрэбна выканаўцам. Кампазітар піша цэласную партытуру, прыдатную для дырыжора. Музыкантам жа патрэбна - кожнаму свая партыя. У савецкія дзесяцігоддзі іх "перамалёўвалі" спецыяльныя перапісчыкі, працу якіх аплачвала дзяржава. У пазнейшыя часы за справу "фрагментарнага капіравання" часцяком браліся самі кампазітары, у якіх не хапала грошай на "памочнікаў", бо, здаралася, праца перапісчыкаў каштавала вышэй за кампазітарскія фантазіі. Сёння кампазітары, зразумеўшы, што выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў, пачалі наб ы в а ц ь к а м п ' ю т э р ы , усталёўваць на іх спецыяльныя праграмы, вучыцца нотнаму набору. Але як быць з творамі мінулых гадоў?

З вуснаў у вусны, з рук у рукі

 Замежныя музыканты, прыязджаючы ў Беларусь пазнаёміцца з нашай сучаснай музычнай культурай і, вядома, не знаходзячы неабходных нотных выданняў, вельмі здзіўляюцца. А між тым, нотавыданне на нашых землях было адным з самых першых у Еўропе. Сёння, мабыць, кожны беларус ведае не толькі пра Францыска Скарыну, але і пра Радзівіла Чорнага, які меў друкарню, дзе выдавалася шмат нотных збораў - як царкоўных, так і свецкіх. Прыватныя нотадрукарні існавалі і ў ХІХ стагоддзі, у тым ліку ў Мінску: цяперашнія навукоўцы адшукваюць усё новыя асобнікі таго часу, знаходзячы ў іх творы не толькі замежных, але і мясцовых аўтараў. У паслярэвалюцыйныя часы з іх усюдыіснай цэнтралізацыяй нотадрукі сучасных кампазітараў рэспублік былога СССР выходзілі пераважна ў спецыялізаваным выдавецтве "Советский композитор". Кожны творчы саюз спраўна выконваў план, прымаючы на пасяджэннях Праўлення рашэнне, што выдаваць. Сама неаднойчы была сведкай, якія "бойкі" адбываліся пад час тых абмеркаванняў і галасаванняў, бо вылучаных старонак катастрафічна не хапала: годных твораў заўсёды было значна болей. І гэта прытым, што песенны, а таксама педагагічны рэпертуар, часцей для пачаткоўцаў, выходзіў у выдавецтве "Беларусь": там меўся аддзел, які займаўся нотамі. У сярэдзіне 1980-х, нарэшце, узніклі рэальныя перспектывы айчыннага нотнага выдавецтва. Але многія тагачасныя планы не паспелі спраўдзіцца, бо рэзка змяніліся эканамічныя ўмовы: краіна ўвайшла ў перабудоўчы перыяд. Грошы - вось прычына, паводле якой звесткі пра новыя беларускія творы перадаюцца з вуснаў у вусны, а самі ноты - з рук у рукі.

 Падлічым капіталы

 Не адбіраючы хлеб у эканамістаў, паспрабуем хаця б прыблізна прыкінуць, на што патрэбны грошы. І ці так многа іх неабходна, каб зрушыць справу з месца? Як вядома, найбольшыя выдаткі ідуць на друк. Але нотам беларускіх кампазітараў патрабуецца найперш нават не гэта, а- алічбоўка рукапісаў, зробленая, падкрэслім, спецыялістамі, а не проста людзьмі, што добра валодаюць камп'ютэрам і, "па сумяшчальніцтве", крыху - нотнай граматай. Бо акрамя простага пераводурукапіснага тэксту ў камп'ютэрны набор патрабуецца, вядома, яшчэ і адбор. Па-першае, тых твораў, якія патрабуюць першачарговага "перакладу". Па-другое, пэўнага рэдагавання тэксту, звязанага з выпраўленнем апісак, памылак, недакладнасцей, выканальніцкіх штрыхоў. У нас усім гэтым раней амаль ніхто не займаўся. Штатныя ж магчымасці творчай лабараторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе сёння сканцэнтравана такая праца, дазваляюць рыхтаваць усяго адну партытуру на год. Але ж пачынаць калісьці трэба! Бо, падлічваючы грошы, трэба падлічваць і культурныя страты, што могуць спасцігнуць нас. Бо чым далей адкладваецца такая праца, тым больш будзе патрабавацца намаганняў - і менш магчымасцей удакладніць штосьці непасрэдна з кампазітарам і першымі выканаўцамі твораў.

Нам бы вашы праблемы!

Невыпадкова для Міжнароднага сімпозіума "Сучаснае музыказнаўства ў сусветнай навуковай прасторы" беларускі бок прапанаваў правесці секцыю, прысвечаную найбуйнейшым сучасным музычна-выдавецкім праектам і зборам твораў кампазітараў. Літаральна кожны з замежных дакладчыкаў, выходзячы на трыбуну, пачынаў са слова "праблемы". Італьянцы, да прыкладу, занепакоены тым, што ўвесь свет ведае (і, адпаведна, ставіць) усяго адну выканальніцкую версію той ці іншай оперы вялікага Вердзі. А іх, між іншым, некалькі. Кампазітар звычайна арыентаваўся на пэўны склад спевакоў і часта "падганяў" пад яго свае творы, уносячы да кожнай новай пастаноўкі шмат паправак, а часам прапануючы і ўвогуле зусім іншы варыянт, не горшы за распаўсюджаны сёння. Дзяржаўны дом-музей П.І. Чайкоўскага ў Кліне клапоціцца пра новае, ачышчанае ад умяшальніцтва "добразычлівых" рэдактараў, выданне поўнага збору твораў рускага класіка. Якія толькі ноты не прыпісваюцца яму! То на нейкім замежным аўкцыёне ўзнікае новы "знойдзены рукапіс" Чайкоўскага, зроблены з дапамогай камп'ютэрных праграм, то за арыгінал выдаюцца адаптавана-спрошчаныя версіі яго твораў, з неўласцівымі кампазітару рысамі, што змяняюць змест яго музыкі. "Сцяжынку" да гэтага праклаў у чымсьці і сам кампазітар, і, асабліва, яго сябры, якія намагаліся "палепшыць" яго музыкуў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі. Слухаючы ўсё гэта, часам так і хацелася ўсклікнуць: "Эх, нам бы вашы праблемы!". Бо калі замежныя даследчыкі дыскутуюць, якую са шматлікіх версій пакласці ў аснову акадэмічнага выдання, дык у нас усё вельмі проста: няма выдавецтва - няма і праблем. Адпаведна, якія ноты знайшоў, такія і іграй. А калі раптам "насачыняеш" там штосьці не тое, дык ніхто, акрамя бедалагі кампазітара, і не заўважыць. Затое зайздрасць выклікаў выдавецкі праект "Пецярбургскі музычны архіў", зладжаны навукова-даследчым аддзелам рукапісаў бібліятэкі Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава: яны намагаюцца ўсё, што ў іх захоўваецца, зрабіць максімальна даступным для карыстальнікаў. Бо не толькі для навукоўцаў, але і для сур'ёзных глыбокіх выканаўцаў, якія імкнуцца спасцігнуць кампазітарскую задуму, вельмі важным аказваецца вывучэнне ўсіх матэрыялаў, у тым ліку кампазітарскіх эскізаў. Яшчэ адным прадметам зайздрасці стала праца прыватнага расійскага выдавецтва "DSCH", аргані з а в а н а г а Ірынай Шастаковіч, удавой кампазітара. Яно можа дазволіць сабе некамерцыйныя мэты, зрабіўшы асновай сваёй працы друкаванне абсалютна ўсіх матэрыялаў, што тычацца творчасці майстра: і ягоных рукапісаў, і незавершаных твораў, уключаючы оперу "Чорны манах" паводле А.Чэхава, і зборнікаў артыкулаў пра яго музыку. Нашы прыватныя выдавецтвы "круцяцца", як могуць. Але павінны яны "прапрацоўваць" у галаве не толькі ўласна ноты, але і фінансавыя сумы. У тых жа Баранавічах адзін кампазітар заснаваў "выдавецтва", у якім ён, як кажуць, і жнец, і швец, і на дудзе ігрэц. Выдадзеныя ім беларускія творы (толькі зрэдку ўласныя, а ў асноўным - іншых кампазітараў, адабраныя з бездакорным густам) разлічаны, зразумела, на юных музыкантаў - самы шырокі кантынгент пакупнікоў. Па знешнім выглядзе такія кніжачкі нагадваюць "пралетарскія" нотадрукі 1920-х, што былі накіраваны на музычны лікбез: зборнікі маленькія па памерах (лісты А4, сагнутыя ўдвая), што робіць іхмаксімальнапрыдатнымі для карыстання, "хударлявенькія" (не больш як 30 - 50 старонак, счэпленых, бы школьны сшытак), з амаль поўнай адсутнасцю дызайну, што таксама, на радасць пакупнікоў, зніжае іх кошт і павышае даступнасць. Выхад кожнага такога зборнічка - сапраўднае свята на кампазітарскай вуліцы. Амаль паводле М.Багдановіча: "... я кніжку маю з друкарні...". Калі ж хтосьці з аўтараў хоча "ўвекавечыць" сваю творчасць больш калярова - калі ласка: выдаўцоў шмат - толькі ўкладай грошы. А цяпер уявіце, што нашы нашчадкі будуць вывучаць музычную культуру цяперашняга часу, арыентуючыся выключна на "самиздат". Нішто сабе перспектыва?

 Вясёлкавыя перспектывы

 Навуковы падыход неабходны ва ўсім. Невыпадкова адным з вынікаў Міжнароднага сімпозіума "Сучаснае музыказнаўства ў сусветнай навуковай прасторы", што адбыўся ў Мінску 1 - 4 верасня, стала прыняцце рашэння аб арганізацыі ў нашай краіне Беларускай асацыяцыі Міжнароднага музыказнаўчага таварыства (IMS). Асабліва прыемна, што гэтая прапанова зыходзіла асабіста ад прэзідэнта IMS, прадстаўніка Інсбрукскага універсітэта (Аўстрыя) Тыльмана Зеебаса. Ён прапанаваў таксама для бліжэйшай навуковай канферэнцыі абраць тэксталагічна-выдавецкую праблематыку. Адпаведныя напрацоўкі ў беларускіх навукоўцаў ёсць. Калі дадаць да іх больш шырокае карыстанне міжнародным вопытам і, зразумела, як духоўную, так і матэрыяльную падтрымку, вынік не прымусіць сябе чакаць.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"