Завулак праз … переулок

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Дык усё ж: завулак або переулок? Ці не задавалі вы сабе такое пытанне, калі на двух суседніх дамах бачылі шыльды з аднолькавымі тапонімамі па-беларуску і па-руску? Стандартная сітуацыя пры адсутнасці агульнапрынятых стандартаў выкарыстання дзвюх дзяржаўных моў. Зрэшты, “К” на сваіх старонках неаднойчы звярталася да аналізу моўнай сітуацыі ў краіне. І тычылася гэта не толькі згаданай прасторы горада, але і радыё, тэлебачання, кінематографа... Ці не здзіўляліся вы, калі па радыё і тэлебачанні вядучыя праграм і карэспандэнты з беларускамоўнымі суразмоўцамі гутарылі па-руску? У такіх выпадках (адзін з апошніх падобных адбыўся на сёлетнім З’ездзе беларусаў свету, калі тэлекарэспандэнт гутарыў такім чынам з дэлегатам з Аўстраліі) хочацца запытацца: на чым трымаецца прафесійная ды і агульная культура журналіста? Натуральным моўным асяродкам для плённага функцыянавання галіны культуры з’яўляецца беларуская мова. Думаецца, сцвярджэнне гэтае — ужо аксіёма. Таму і падтрымка таго ж нацыянальнага вытворцы музычнай прадукцыі мусіць не толькі замыкацца ва ўстаноўленых лічбах квот на радыё. Часцяком рэдактарам апошняга бракуе самаўсведамлення: беларуская мова — фарматная і канкурэнтаздольная. Гэткай жа яна застаецца і ў іншых сферах нашага жыцця. Ды такое заканамернае і шчымліва-блізкае “Купляйце беларускае!” па-руску, пагадзіцеся, не прагучыць.

Мусіць, кожны з нас хоць раз ды лавіў сябе на думцы: я не пераключаю тэлеабо радыёканал у час рэкламнай паўзы і стомлена не адварочваюся ад бігборда, бо ў роліку ці на плакаце ёсць нейкая "фішка". І, бадай, ніхто не будзе спрачацца, што за апошнія гадоў пяць у статусе "эфекту нечаканасці" ў айчыннай рэкламнай прасторы замацавалася беларуская мова. Заўважце, ужо сам "ход моўным канём" становіцца канцэпцыяй сюжэта і слогана, якія па-беларуску зазвычай немудрагелістыя і вытанчана-элегантныя. А ці ёсць попыт на размяшчэнне беларускамоўнай рэкламы на бігбордах сталіцы? Карэспандэнт "К" правёў для пачатку нескладаны эксперымент, падлічыўшы па дарозе на працу (добрыя 40 - 45 хвілін), якая цягнецца са спальнага раёна ў цэнтр горада, усе падобныя канструкцыі і раздзяліўшы іх па характары інфармацыі і мове. З 67 бігбордаў толькі пяць (прычым усе - на праспекце Незалежнасці) аказалася па-беларуску. А з іх - усяго адзін з рэкламай камерцыйнай. Удакладніць, карыстаючыся сацыялагічнай тэрміналогіяй, выбарку не атрымалася: супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства "Мінскрэклама", што займаецца пашпартызацыяй шчытоў і ўзгадненнем рэкламы, не ведаюць дакладнай колькасці падобных канструкцый у сталіцы. Затое наш карэспандэнт дазнаўся, што кошт за месячнае размяшчэнне айчыннай рэкламы, у залежнасці ад характару носьбіта інфармацыі, таннейшы на 20% - 50% за размяшчэнне замежнай. Ды і вольных месцаў хапае. Што ж стрымлівае рэкламадаўцаў? Найперш, вядома, - фінансавыя цяжкасці гэтага года. Прынамсі, каля 40% месцаў для рэкламы вышэйзгаданага дзяржпрадпрыемства ў сталіцы лічацца вольнымі. Але ж ці толькі ў гэтым прычына? Як кажуць, да прыкладу, у адным з найбуйнейшых сталічных прыватных рэкламных агенцтваў, за 13 гадоў існавання ўстановы не было ніводнай замовы на беларускамоўную рэкламу - ні камерцыйную, ні сацыяльную. Як да гэтага ставяцца спецыялісты? Надзвычай адмоўна! Агенцтва імкнецца трымаць руку на пульсе часу, прагне займацца сацыяльнаарыентаваным бізнесам пад слоганам "Купляйце беларускае!", але адпаведных заказаў папросту не мае. Самы час казаць не столькі пра крызіс эканамічны, колькі пра крызіскрэатыўнасці ў нацыянальнага рэкламадаўца.

Флікер, флікер, запаліся!

 Аналагічная сітуацыя - і ў рэгіёнах. Не, бігборды ў райцэнтрах - неад'емная частка гарадскога ландшафту. Але беларускамоўных камерцыйных тэкстаў на шчытавых канструкцыях днём з агнём не адшукаеш. Рэдка сустрэнеш і сацыяльную рэкламу, скіраваную на прапаганду нашай гісторыка-культурнай спадчыны. А менавіта яна і мусіла б сустракаць гасцей кожнага раёна! Крызіс жанру, няведанне мовы, грэбаванне маркетынгавымі прынцыпамі? І першае, і другое, і трэцяе. Дарэчы, чытача, мусіць, зацікавіць: што ж было на чатырох астатніх беларускамоўных сталічных бігбордах, якія выявіліся ў ходзе міні-эксперыменту? Плакаты да Дня горада. Нельга не адзначыць, што сёлета гарадское святочнае афармленне набыло шэраг новых форм (тыя ж вертыкальныя расцяжкі на рагу дамоў) і выканана, у асноўным, па-беларуску. Сёлета з'явіліся і новыя гарадскія слоганы. Да ўжо не раз выкарыстаных "Родны сэрцу горад мой" і "Мінск - жыцця майго крыніца" дадалося, як мінімум, "Мой родны Мінск, ты - сэрца Беларусі!", што найчасцей сустракаецца ў розных тэхнічных выкананнях. Ды і сама канцэпцыя гарадскога святочнага афармлення займела ў апошнія гады свой дызайн, у рэчышчы якога сталіца і набывае святочнае аздабленне. І яшчэ адзін істотны аспект. Прыкладна чвэрць рэкламы, па выніках нашага эксперыменту, складала сацыяльная, добрая частка якой размяшчаецца міністэрствамі і ведамствамі згодна са сваёй тэматыкай. І якраз у гэтай галіне, падаецца, актыўнасць мусіла б быць большай: у цэнтры горада знайшлася толькі адна паўнавартасная "сацыялка", прысвечаная перапісу насельніцтва ў кастрычніку: "Гэта патрэбна мне, маёй сям'і, маёй краіне". Чаму ж такая нізкая актыўнасць у сацзаказах на роднай мове? А пашырэнне тых самых флікераў, пагадзіцеся, узрасло б ужо праз адно выкарыстанне роднага слова: той жа прынцып "эфекту нечаканасці" ў дзеянні.

 "Размаўленне" - вітаецца?

У прэс-рэлізе аб правядзенні Тыдня беларускай мовы, які ладзіўся мясцовым гараддзелам культуры ў адным з гарадоў краіны з нагоды Дня пісьменства, было пазначана: "На працягу акцыі вітаецца размаўленне набеларускай мове". У дакладным перакладзе на рускую мову сказ выглядаў бы так: "...Пр и в е т ствуется разговаривание (говорение) на белорусском языке"... Прайдзіцеся па родным горадзе, вёсцы, вуліцы, завулку, прыгледзьцеся да афіцыйных шыльдаў, рэкламных шчытоў, тапанімічных назваў рэк і мястэчак, уязных знакаў. Ці не даводзілася сустракаць арфаграфічную ці пунктуацыйную памылку? Каб надалей пазбягаць такіх выпадкаў, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалогіі Аляксандр Лукашанец збіраецца звярнуцца ў Мінгарвыканкам. На думку вучонага, візуальныя і гукавыя памылкі ў рознага кшталту рэкламе знішчаюць экалогію беларускай душы, пазбаўляюць паселішчы і мястэчкі нацыянальнага аблічча. Пры Інстытуце мовы і літаратуры дзейнічае тапанімічная камісія, функцыі якой зводзяцца да тлумачэнняў кшталту ці "пераўвасабляць" у беларускім варыянце "улицу Красную" ў Чырвоную? У ідэале ж любы тэкст любой шыльды ці рэкламы павінен праходзіць моўную экспертызу на акадэмічным узроўні. Але гэта ў ідэале. За тэкставы змест шчытавых рэкламных канструкцый у сталіцы, як нам паведамілі ў аддзеле размяшчэння рэкламы дзяржаўнага прадпрыемства "Мінскрэклама", адказвае ўласнік бігборда. Экспертызу рэкламнага зместу ладзіць аддзел па кантролі за рэкламай упраўлення гандлю гарвыканкама. Філолагаў у штатным раскладзе гэтых падраздзяленняў няма. Для вырашэння спрэчных пытанняў тут звяртаюцца на моўныя факультэты сталічных ВНУ. Але хто, як не філолаг, можа вызначыць, ёсць спрэчнае пытанне ці яго няма? Аналагічная сітуацыя - і з рэкламай у грамадскім транспарце: за яе бездакорнасць адказваюць аўтагаспадаркі... Знаўцы беларускай філалогіі п а куль незапатрабаваныя. Гэта ў сталіцы. Што ж тады казаць пра вобласці, раёны?

Адзінага стандарту няма

 Яшчэ адзін нюанс шматграннай моўнай праблемы. Прыгледзьцеся да шыльдаў нашых устаноў. Дзесьці яны аформлены пабеларуску, а дзесьці - па-руску. Паводле ж заканадаўства, на любой школе, на любым клубе павінны мецца дзве шыльды. Убачыць такое на вёсцы ўдалося за час шматлікіх журналісцкіх камандзіровак толькі разы тры. У Дзяржкамітэце па маёмасці нам патлумачылі: уязныя знакі і вакзальныя шыльды, што ўтрымліваюць найменні гарадоў, паселішчаў, вёсак, аўтобусна-чыгуначных станцый, а таксама назвы вуліц, завулкаў, праспектаў і плошчаў пажадана афармляць з улікам нашых нацыянальных асаблівасцей, гэта значыць - па беларуску. Але пажаданне гэтае на месцах выконваецца не заўжды. Адсюль - руска-беларуская тапанімічная стракатасць, што бярэ свой пачатак з часоў БССР. Адзінага стандарту няма і па сёння. Таму праблему, узнятую "К", у картаграфічным аддзеле Дзяржкаммаёмасці лічаць больш чым злабадзённай. Дарэчы, у гэтай установе нам паведамілі, што рыхтуецца праект Закону "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў Рэспублікі Беларусь", які будзе прадугледжваць актыўную дзейнасць каардынуючага тапанімічнага органа з абавязковай мовазнаўчай падтрымкай Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта ў перспектыве. А як жа наладжана справа сёння? Далёка не ідэальна. Рэй вядуць мясцовыя ўлады, якія не заўжды ўзгадняюць свае дзеянні з адпаведнымі рэспубліканскімі органамі. Таму пра уніфікаванасць і беспамылковасць напісання вышэйназваных найменняў казаць яшчэ зарана. Шмат скаргаў атрымлівае, да прыкладу, Міністэрства транспарту, дзе, дарэчы, таксама ёсць свая тапанімічная структура, але візуальныя і гукавыя памылкі ў назвах дарожных станцый - пакуль невынішчальныя.

"Галоўная" - значыць "патрыятычная"

Трапілася ў Інтэрнеце такое паведамленне за лістапад 2003 года: "Цяпер ні адзін горад Беларусі не мае гімна". Сапраўды, на той час, акрамя сталіцы, практычна ніводзін з раённых і абласных цэнтраў не мог "пахваліцца" такой адметнасцю. Але за апошнія год-два свае музычныя "візітоўкі" займелі не толькі шэраг гарадоў, але і нават абласцей. Калі мы кажам пра падобную іміджавую песню, чый статус зацвярджаецца рашэннем мясцовага Савета дэпутатаў, своеасаблівы гімн, дык, падавалася б, мовай яе выканання мае стаць родная. Так, Жодзіна і Смаргонь, да прыкладу, маюць беларускамоўныя песенныя тэксты, а вось Брэст абыходзіцца галоўнай гарадской песняй, якая гучыць па-руску. І прыкладаў падобных шмат. Зноў жа: канкрэтных актаў, стандартаў у гэтай сферы няма. Акрамя "раўнення" на эталон - Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. А ён напісаны па-беларуску. Урэшце, гэтыя "галоўныя песні"- патрыятычныя па сваім змесце. Што, як паведамілі нашым карэспандэнтам у раённых аддзелах культуры, якія ўжо мелі вопыт правядзення спаборніцтва за тытул "песні пра горад", і з'яўляецца асноўным крытэрыем адбору. "Канешне, хацелася б, каб твор быў напісаны па-беларуску,- дадаюць культасветнікі. - Але гэтая ўмова - не абавязковая".

 "Круціць" і раскручваць, або Дзе знайсці па песні на праграму?

Затое ўвядзенне абавязковых 75 працэнтаў беларускай музыкі ў эфіры не прадугледжвала суадносіны рускаі беларускамоўных твораў. Да таго ж, да тых праславутых працэнтаў пачалі далучаць любыя запісы айчынных выканаўцаў і тых, хто проста нарадзіўся на Беларусі. Ніхто не супраць, калі нашы музыканты граюць ды спяваюць сусветную класіку, у тым ліку эстрадную. Але гэта прывяло да таго, што многія спевакі літаральна перакваліфікаваліся на "старыя песні пра галоўнае", амаль не дбаючы пра новыя "неапрабаваныя" творы, а тым больш - беларускамоўныя. Іх у чымсьці можна зразумець: д з е яшчэ, акрамя Беларускага радыё ды некалькіх урачыстых канцэртаў за год, яны могуць паказаць такія творы? FM-станцыі, як высветлілася пад час нашага бліц-апытання, гэтымі праблемамі не надта ўсхваляваны. І нават лічаць увагу журналістаў да пытання беларускасці залішняй. Іх таксама можна зразумець: яны існуюць на грошы рэкламадаўцаў, а таму шмат у чым залежаць ад іх густаў. Таму іх пазіцыя такая: маўляў, будуць добрыя песні нашага фармату - будзем іх "круціць". Штучна ж падтрымліваць беларускамоўнае - навошта? На Беларускім радыё, вядома, стаўленне іншае. Як паведаміла галоўны рэдактар музычных праграм Першага нацыянальнага канала Таццяна Якушава, зараз уведзены адзіны плейліст на ўвесь дзень, дзе ўлічваюцца кампазіцыі, якія транслююцца ва ўсіх праграмах, уключаючы аўтарскія і тэматычныя. У кожнай з іх абавязкова павінны гучаць беларускамоўныя песні. Сярод песень мінулых дзесяцігоддзяў такіх - пераважная большасць. Але дзе ўзяць новыя?Клапоцячыся пра гэта, акрамя праграмы "Беларуская калекцыя", што ўжо некалькі гадоў выходзіць па пятніцах а 21-й гадзіне, з верасня па нядзелях а 13-й з'явіўся новы праект - "Маладыя таленты Беларусі". У яго межах пройдзе конкурс акадэмічных і эстрадных выканаўцаў. У намінацыі "Эстрадны вакал" абавязковая ўмова - выкананне беларускамоўнай песні. З'яўленне новых беларускамоўных твораў трэба стымуляваць, упэўнена Таццяна Якушава. І яна мае рацыю. Калі некалькі гадоў таму на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне рыхтаваўся сумесны з тэлебачаннем канцэрт "Беларускай калекцыі", на ўдзел у ім адгукнуліся ледзь не ўсе нашы зоркі. Ці ж гэта не паказчык агульнага стаўлення артыстаў да нацыянальнага? Падобныя праекты павінны стаць традыцыйнымі! І справа не ў матэматычным падлічванні працэнтаў, а ў агульным разуменні: нацыянальная культура, нацыянальная песня без роднай мовы - немагчымыя.

Ёсць "Зямля..."

 Карэспандэнт "К" пацікавіўся сітуацыяй з беларускай мовай на каналах Белтэлерадыёкампаніі ў намесніка яе старшыні Аляксандра Мартыненкі. Да найбольш паспяховых праектаў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на беларускай мове Аляксандр Іванавіч аднёс цыкл дакументальных фільмаў "Зямля беларуская": "Менавіта мова ў гэтым праекце дапамагае перадаць каларыт, непаўторнасць, самабытнасць нашай культуры, нашай гісторыі, дапамагае яскрава раскрыць характары нашых людзей". Упэўнены намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, што на "Першым" і "ЛАДзе" вяшчанне на беларускай мове будзе толькі пашырацца. Прычым, на думку А.Мартыненкі, на фарміраванне моўнай сітуацыі ў краіне мусіць уплываць не тэлебачанне, а, перш за ўсё, самі людзі. "Калі ў кожнага з нас ёсць неабходнасць у гэтым, мы адчуваем патрэбу. Не трэба чакаць, пакуль хтосьці або штосьці на нас паўплывае. Трэба проста часцей ужываць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці!" - перакананы А.Мартыненка.

І арыгінал, і дубляж

Беларускае кіно з самага свайго пачатку "размаўляла" на дзвюх мовах, бо глядзелі яго па ўсім СССР. Але нават калі здымаліся стужкі на рускай, заўсёды ствараўся беларускамоўны варыянт. Рускамоўных артыстаў агучвалі іх беларускія калегі. Так было, напрыклад, з гераіняй Ніны Русланавай са "Знака бяды" Міхаіла Пташука, за якую ў беларускамоўным варыянце "размаўляла" Марыя Захарэвіч. У апошнія гады на "Беларусьфільме" была зроблена толькі адна мастацкая поўнаметражная стужка на беларускай мове - "Нябачаны край" Віктара Аслюка па прозе Міхася Зарэцкага. Ужо восем гадоў споўнілася з часу выхаду "Свежыны з салютам". Яшчэ дзве - дубліравалі: "Анастасія Слуцкая" Юрыя Ялхова і "Глыбокаяплынь" Маргарыты Касымавай і Івана Паўлава. Невялічкі тыраж касет з "Анастасіяй Слуцкай" нават быў у продажы і, трэба сказаць, не залежваўся на паліцах. Зрэшты, праблем у дыстрыб'юцыі нацыянальнай прадукцыі таксама хапае, тэму чаго "К" неаднаразова ўздымала. На жаль, больш беларускамоўнага мастацкага кіно Нацыянальная студыя не выпускала... Няма кіно на роднай мове і ў бліжэйшых планах. Як паведамілі "К" у сцэнарна-рэдакцыйным аддзеле студыі, аўтары прапануюць выключна рускамоўныя сцэнарыі. Сітуацыю можа змяніць так званы "нацыянальны праект". Па словах намесніка дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Андрэя Бычкова, аўтарскі калектыў стужкі (у тым ліку акцёры), якая будзе мець права прэтэндаваць на статус "нацыянальнага праекта", павінен як мінімум на 70% складацца з грамадзян нашай краіны. Папярэднія апытанні экспертаў і адносны поспех "Анастасіі Слуцкай" у пракаце сведчаць пра тое, што айчынны глядач гатовы ўспрыняць стужку з гісторыі нашых земляў. Лагічна, каб гэты праект здымаўся на беларускай мове. Так ці інакш, але сярод сцэнарных заявак на званне "нацыянальнага кінапраекта" вялікая частка напісана па-беларуску.

 "КУЛЬТУРА"уцы