Пушкін... І па-беларуску

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

15 верасня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстаўка “Казкі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна”. Яе арганізацыя падтрымана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам культуры Масквы. Працаваць экспазіцыя будзе да 15 кастрычніка.

На выстаўцы прадстаўлена каля 60 мастацкіх твораў з фондаў Дзяржаўнага музея А.С. Пушкіна. Гэта ілюстрацыі да казак, эскізы дэкарацый і касцюмаў да спектакляў паводле пушкінскіх твораў, партрэты пісьменніка. Сярод мастацкіх твораў - ілюстрацыі да казак Пушкіна, створаныя Барысам Заборавым, чый лёс непарыўна звязаны з Беларуссю. Арганічна спалучаецца з маскоўскай выстаўкай і экспазіцыя, прадстаўленая з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Яна называецца "Аляксандр Сяргеевіч Пушкін і Беларусь". На трох стэндах- творы класіка, выдадзеныя на беларускай мове. Асаблівае месца займае серыя кніг з 9 тамоў, якая была выдадзена ў 1937-м, да стагоддзя смерці паэта. Рэдагаваў серыю Янка Купала. У ліку цікавых экспанатаў - казкі Пушкіна, ілюстраваныя нашымі графікамі Арленам Кашкурэвічам і Аленай Лось.