Чарадзейная жалейка нашай класікі

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

18 верасня Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрасіла аматараў кнігі ў галерэю “Лабірынт”. Там адбылася прэзентацыя і перадача ў дар выданняў, што ўбачылі свет пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

Прэзентаваліся зборнік паэзіі Аляксандра Пушкіна на рускай і таджыкскай мовах; падарункавае выданне "Пецярбургскіх аповесцей" Мікалая Гогаля, што атрымала Гран-пры на V Міжнародным конкурсе дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі-2008"; зборнік твораў Чынгіза Айтматава; DVD-дыск "Наша класіка" з фільмамі кінастудый краін СНД, знятымі ў 1920 - 1990 гадах; зборнік вершаў маладых паэтаў з усіх краін СНД "Садружнасць дэбютаў"... Прысутныя пазнаёміліся таксама з серыяй выданняў "Класіка літаратур СНД". Гэта чатыры кнігі, прысвечаныя фальклору і літаратурным помнікам Азербайджана, Малдовы, Узбекістана і Беларусі. Кніга,што ўтрымлівае наш фальклор і класіку, называецца "Волшебная свирель". Яна выдадзена сёлета ў Маскве, у "Художественной литературе". Над яе стварэннем працавалі дактары філалагічных навук Валерый Максімовіч і Іван Саверчанка, а таксама член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі.
 Наш кар.