Нова-башметаўскі фармат

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

4— 11 кастрычніка ў Мінску адбудзецца ІV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Сёлета яго асаблівасцю стане прафесійнаасветніцкая накіраванасць, дасягнутая з дапамогай дэмакратычнага абмеркавання. Фестывальная праграма шмат у чым фарміравалася на аснове аб’яўленага ў Інтэрнеце конкурсу на лепшую ідэю. Штовечаровыя канцэрты для шырокай публікі дапоўніць правядзенне ў межах форуму Маладзёжнай акадэміі краін СНД — цыкла майстар-класаў вядучых музыкантаў свету для лепшых піяністаў і струннікаў ва ўзросце ад 15-ці да 30-ці гадоў.

Конкурс на лепшую ідэю, аб'яўлены ў маі, запрашаў прапаноўваць імёны музыкантаў і канцэрты, якія зацікавілі б слухачоў, у тым ліку моладзь. Кандыдатуры ўдзельнікаў майстар-класаў прапаноўвалі навучальныя ўстановы і міністэрствы культуры краін Садружнасці. У выніку сфарміравалася стройнае фестывальнае збудаванне. Адкрыццё і закрыццё фестывалю пройдуць у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, астатнія канцэрты - у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Акрамя сусветна вядомых салістаў, у праграмах будуць задзейнічаны лепшыя калектывы нашай краіны: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з Аляксандрам Анісімавым, сімфанічны аркестр нашага Опернага тэатра, а таксама Прэзідэнцкі аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, з якім выступяць салісты Цэнтра оперных спеваў Галіны Вішнеўскай. Сваю лінію развіцця будзе мець і Маладзёжная акадэмія. Распачне яе выступленне прафесуры, а завершыць - сумеснае музіцыраванне сталых майстроў і творчай моладзі.