Свята кнігі і бібліятэкараў

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Святкаванне Дня бібліятэк адбылося 15 верасня на плошчы каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. З 2001 года ў нашай краіне праходзяць урачыстасці з гэтай нагоды. Гасцямі мерапрыемства сталі работнікі бібліятэк з розных рэгіёнаў рэспублікі, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, старшыня Мінскага гаркама прафсаюзаў работнікаў культуры Георгій Моўчан, Дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта Фёдар Лапо і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

Пасля тэатралізаванага прадстаўлення і слоў у гонар беларускіх асветнікаў мінулага шаноўныя госці павіншавалі прысутных і ўсіх работнікаў нашых "храмаў асветы і культуры". У прыватнасці, у сваім прывітальным слове Віктар Кураш адзначыў: "Праца бібліятэк - адзін са стратэгічных накірункаў дзейнасці культурнай палітыкі нашай краіны, і сёння на іх ускладаюцца вялікія надзеі. У нашай краіне дзейнічаюць больш чым 9,5 тысяч бібліятэк, працуе 12 150 работнікаў, кніжны фонд захоўвае больш за 200 мільёнаў выданняў.
 Сучасная бібліятэка - гэта і скарбніца культуры, і крыніца ведаў, выхавання, высокай духоўнасці. Тут можна таксама сустрэцца з псіхолагам, абмеркаваць праблемы аховы здароўя, атрымаць дапамогу юрыста. Ад імя Міністэрства культуры шчыра дзякую вам за працу і хачу пажадаць шматлікіх удумлівых чытачоў". Дырэктар НББ Раман Матульскі выказаў словы ўдзячнасці сваім калегам: "Сёння тут прысутнічаюць дзесяткі, а працуюць у бібліятэках Беларусі - тысячы. У нас розныя праблемы, розныя мэты. Але вырашаючы свае надзённыя пытанні, мы не павінны забывацца на галоўнае: навошта мы жывём на гэтым свеце? Для таго, каб захаваць культурную спадчыну Беларусі, каб задаволіць інфармацыйныя патрэбы нашых суайчыннікаў".
У галерэі ж "Лабірынт" НББ адкрылася выстаўка "Бібліямагія", якая з'яўляецца своеасаблівай хронікай жыцця і працы бібліятэкараў. Да 2-га кастрычніка тут можна пабачыць фотаздымкі з Мінска і розных абласцей рэспублікі. Гэты праект падрыхтавалі Беларуская бібліятэчная асацыяцыя сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай. Журы адабрала самыя цікавыя фатаграфіі, а пераможцы былі вызначаны ўдзельнікамі вернісажу 15 верасня.
С.Ю.