Магілёў стане сталіцай анімацыі

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

З 24 па 26 верасня ў Магілёве дванаццаты раз пройдзе фестываль мультыплікацыйнага кіно “Анімаёўка”. У конкурснай праграме адзінага ў нашай краіне форумуаўтарскай анімацыі заяўлена 42 стужкі з 11 краін. Як заўсёды, вялікае прадстаўніцтва будуць мець аніматары з краін былога СССР — Расіі, Украіны і, вядома, Беларусі. Упершыню ўдзел у магілёўскім свяце прымаюць прадстаўнікі Азербайджана, Германіі і Ірана. Школа айчыннай мультыплікацыі будзе прадстаўлена новымі творамі Ірыны Кадзюковай, Ігара Волчака, Аляксандра Ленкіна, Уладзіміра Пяткевіча і Міхаіла Тумелі.

 /i/content/pi/cult/227/3035/3-1.jpg
Гэтым разам стужкі будуць спаборнічаць адразу за пяць прызоў: "Лепшая анімацыйная карціна", "Лепшая эксперыментальная стужка", "Лепшая стужка для дзяцей", "Прыз глядацкіх сімпатый", "Прыз лепшаму майстру". Міжнароднае журы ўзначаліць рэжысёраніматар, прафесар ВГИКа, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Леанід Носараў. На працягу ўсіх гадоў свайго існавання "Анімаёўка", заснавальнікамі якой з'яўляюцца Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, магілёўскія абласны і раённы выканаўчыя камітэты, знаёміць айчыннага гледача з лепшымі прыкладамі сучаснай сусветнай анімацыі, садзейнічае пашырэнню культурных сувязей. На "Анімаёўцы2009" маленькім і дарослым гледачам будуць прапанаваны дадатковыя пазаконкурсныя праграмы: "Беларусьфільм" запрашае", "Мультфільмы Расіі", "Прадстаўляе Украіна", "Паказвае Латвія", "Новыя казкі "Гары Самацветаў", "Анімацыя краін свету". Асобным пунктам фестывальнай праграмы запланавана прэзентацыя чарговай серыі самага буйнога беларускага анімацыйнага праекта - "Аповесць мінулых гадоў", які расказвае пра гісторыю гербаў розных гарадоў і мястэчак нашай краіны.
С.А.