Італія ў Батанічным садзе

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Днямі распачаліся здымкі стужкі Андрэя Кудзіненкі па сцэнарыі Андрэя Качана “Масакра”. Першыя дублі былі зроблены ў сталічным Батанічным садзе і належаць да самага апошняга эпізоду карціны, дзея якой адбываецца ў Італіі. Асноўная частка здымак пройдзе ў старым палацы ля вёскі Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Акрамя гэтага, праца здымачнай групы запланавана ў Брэсцкай вобласці, а таксама ў Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам.

Штуршком для ўзнікнення задумы "Масакры" стала знакамітая навела французскага пісьменніка Праспера Мэрымэ "Локіс", але дзея перанесена ў часы паўстання Кастуся Каліноўскага, а да асноўнага сюжэта дададзены і іншыя сцэнарныя лініі. Па словах самога рэжысёра, для якога "Масакра" ўжо чацвёртая поўнаметражная карціна, у стужцы будуць шырока ўжывацца элементы беларускага фальклору, прыме ўдзел шэраг айчынных і расійскіх акцёраў ды проста людзей мастацтва. Дарэчы, адну з галоўных роляў у "Масакры" выконвае калега Кудзіненкі па рэжысёрскім цэху - Аляксандр Колбышаў. Здымае стужку расійскі аператар Аляксей Убейволк.
 Антон СІДАРЭНКА
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА