Новыя вобразы Кітая

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

16 верасня 2009 года ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшлі перамовы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з намеснікам міністра культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі Оуянам Цзянем.

Пад час размовы былі абмеркаваны пытанні далейшага развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы культуры. Абодва бакі адзначылі плённы характар існуючых двухбаковых культурных стасункаў, вялікую ўзаемную зацікаўленасць пазнаннем багацця беларускай і кітайскай культур. Супрацоўніцтва ў сферы культуры Беларусі і Кітая рэгулюецца міжурадавым пагадненнем аб культурным супрацоўніцтве ад 1992 г. і міжведамасным пратаколам аб супрацоўніцтве на 2007 - 2011 гг. Міністр культуры Беларусі выказаў зацікаўленасць, падтрыманую кітайскім госцем, у падрыхтоўцы і заключэнні новага пратакола аб супрацоўніцтве пасля заканчэння ў 2011 г. дзеючага дакумента. Бакамі было адзначана, што адной з самых паспяховых форм супрацоўніцтва з'яўляюцца абменныя Дні культур, якія праводзяцца міністэрствамі культуры дзвюх краін пачаргова з 1999 г. З беларускага боку было прапанавана прадоўжыць гэтую традыцыю і правесці ў 2010 г. Дні культуры Рэспублікі Беларусь у КНР, што было таксама падтрымана Оуянам Цзянем. Павел Латушка адзначыў зацікаўленасць у арганізацыі гастролей беларускіх творчых калектываў у Паднябеснай, у прыватнасці, на сцэнах новага будынка Дзяржаўнага Вялікага тэатра Кітая. Оуян Цзянь пагадзіўсяз прапановай і выказаў пажаданне, каб гастролі лепшых творчых калектываў дзвюх краін праводзіліся на ўзаемнай аснове. У ходзе размовы былі таксама закрануты пытанні далейшага развіцця непасрэдных кантактаў паміж арганізацыямі культуры Беларусі і Кітая, умацавання ўзаемадзеяння паміж нацыянальнымі бібліятэкамі, нацыянальнымі мастацкімі музеямі, установамі адукацыі ў сферы культуры.

■ Усе, хто цікавіцца культурай Кітая, на гэтым тыдні маглі пазнаёміцца з жывапісам, фатаграфіяй, сімфанічнай музыкай, паэзіяй і каліграфіяй гэтай краіны пад час Пятых Дзён кітайскай культуры ў Беларусі. Адкрыліся яны 10 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі на вернісажы "Новыя вобразы сучаснага кітайскага жывапісу тушшу". Удзел у адкрыцці выстаўкі прынялі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Лу Гуйчэн і намеснік кіраўніка Упраўлення па справах культуры правінцыі Гуандун Янь Цзяньцян. Таксама прысутнічалі эксперты з музея універсітэцкага гарадка пры Акадэміі мастацтваў горада Гуанчжоу на чале з дырэктарам гэтай залы Цзо Чжоджао. Экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны, Пасольства КНР у Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага музея. Працаваць яна будзе да 27 верасня. А ў Доме дружбы адкрылася выстаўка фатаграфіі, прымеркаваная да 60годдзя ўтварэння КНР, якое будзе адзначацца 1 кастрычніка. Вечар кітайскай паэзіі і конкурс традыцыйнага мастацтва краіны - каліграфіі- адбыліся ў мінскай гімназіі № 23, вучні якой вывучаюць кітайскую мову. А ў Белдзяржфілармоніі выступілі музыканты Нацыянальнага кітайскага сімфанічнага аркестра радыё і кіно.

Ул.інф.