Мажорнае гучанне Кобрына

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Сёння, 19 верасня, у Кобрыне пройдуць асноўныя мерапрыемствы Рэспубліканскага свята працаўнікоў сяла “Дажынкі2009”. Учора за плённую працу па ўборцы сёлетняга ўраджаю былі ўшанаваны земляробы, што занялі ў рэспубліканскім спаборніцтве другія і трэція месцы. Урачыстасці працягваліся на пяці сцэнічных пляцоўках горада. Мажорным канцэртным акордам віталі працаўнікоў сяла лепшыя творчыя сілы рэспублікі, Кобрына і Кобрынскага раёна. Сёння на цэнтральнай плошчы горада, дзе размешчана галоўная канцэртная пляцоўка “Дажынак-2009”, пройдзе ўзнагароджанне хлебаробаў краіны, якія паказалі на сёлетнім жніве найлепшыя вынікі. Чакаецца, што ў гэтым мерапрыемстве, па традыцыі, прыме ўдзел Кіраўнік дзяржавы.

/i/content/pi/cult/227/3031/2-1.jpg
Пра падрыхтоўку Кобрына да Рэспубліканскага свята працаўнікоў сяла наша газета пісала яшчэ ў маі (гл. № 20 "К"). Артыкул называўся "Ці прагучаць мажорна сем кобрынскіх "нот"?". На ўвазе меліся сем гарадскіх аб'ектаў культуры: раённая цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі, Ваенна-гістарычны музей, парк, школа мастацтваў і кінатэатр, якія рыхтаваліся тады да восеньскага дзяржаўнага мерапрыемства. - На пытанне, вынесенае ў загаловак таго артыкула,- паведаміла "К" начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук,- даём самы станоўчы адказ: сем кобрынскіх "нот" гучаць у час "Дажынак-2009" надзвычай мажорна!
Па словах Надзеі Жук, над "акультурваннем" гарадскога аблічча працавалі дзесяткі самых розных арганізацый ды плюс - пяць тысяч будаўнікоў. А на добраўпарадкаванне кобрынскіх устаноў культуры толькі з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 2 мільярды рублёў... Сённяшні галоўны канцэрт "Дажынак-2009" мае назву "Брэстчына фестывальная - працаўнікам сяла Рэспублікі Беларусь". Сваё майстэрства на ім пакажуць больш за паўтысячы выканаўцаў. Сярод іх - амаль 20 самадзейных калектываў Кобрыншчыны, у тым ліку- 10 фальклорных гуртоў. Гэта і ансамбль народнай песні "Бурштын" (ён дзейнічае пры Кобрынскім ГДК з 2005 года) - удзельнік міжнародных фэстаў у Польшчы, Германіі, Украіне, дыпламантVI Еўрапейскага фальклорнага фестывалю "Надбужанскія спатканні". І народны ансамбль песні "Ясніца" з вёскі Стрыгава, без якога не абыходзіцца ніводнае маштабнае свята на Кобрыншчыне. І народны тэатр песні, музыкі і гульні "Крынічка", што праславіў мясцовы ГДК, заваяваўшы Гран-пры на Міжнародным фестывалі "Фальклорныя сустрэчы над Бугам" у Польшчы... Словам, "гучыць" сёння Кобрын надзвычай мажорна. І гэтае ўрачыстае гучанне - у гонар тых, хто вырасціў і сабраў сёлетні ўраджай.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ
 На здымку: народны тэатр песні, музыкі і гульні "Крынічка" Кобрынскага ГДК выступае сёння на галоўнай канцэртнай пляцоўцы "Дажынак-2009".