Якасны жывапіс заўжды індывідуальны
№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г
У Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” працуе выстаўка “Посттрадыцыя. Фарбы Радзімы”, якая прадстаўляе творы дваццаці шасці жывапісцаў, членаў Беларускага саюза мастакоў.
| Н.Лівенцава "Аляксандра" | Размова пра беларускі жывпіс сёння ўспрымаецца як ніколі актуальна. Вельмі важна вызначыць, што ён уяўляе сабой, наш жывапіс ХХІ стагоддзя, чым ён адметны. Гэта і спрабуе рабіць выстаўка. І невыпадкова, што вызначэнне гэтае робіцца на прыкладзе твораў сярэдняга пакалення жывапісцаў, большасць прадстаўнікоў якога — прызнаныя майстры нацыянальнай культуры. Менавіта яны сёння мацуюць, сцвярджаюць, развіваюць і прадстаўляюць традыцыі нашай культуры сваім суайчыннікам і міжнароднай супольнасці. Сабраныя ў адной зале творы ўспрымаюцца вельмі гарманічна, хаця ў экспазіцыі няма стылёвай аднастайнасці, падабенства формы, зместу і пластыкі. Мастакоў яднае менавіта шматаблічнасць. А ў гледача з’яўляецца унікальная магчымасць параўнаць, як розныя па сваіх мастацкіх прыярытэтах творцы вызначаюць і інтэрпрэтуюць кола з’яў, што складаюць арганічную частку жыцця кожнага чалавека. Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы паказваюць, наколькі сённяшні | М.Бушчык "Варыяцыі бясконцасці" | жывапіс, з аднаго боку, адкрыты для эксперыментаў, сэнсавых пераўтварэнняў, эстэтычных навацый, а з другога — у якой ступені захаваў ён ярка выяўленыя адзнакі класічнай формы, як ён абапіраецца на традыцыі айчыннай мастацкай школы, нацыянальныя прыярытэты.У назве выстаўкі — “Посттрадыцыя” — заключана пэўная шматзначнасць. Прынамсі, гэтым словам акрэслена ўстойлівая для нашага мастацтва з’ява: пошук духоўнага апірышча ў мінулым. І гэта цалкам натуральна, бо наша мастацтва стала абапіраецца на вобразнасць выяўленчых прыёмаў, грунтуецца найперш на класічных відах мастацкай практыкі, фігуратыўнасці або фармальнай мастацкай мове, якая арганічна ўплятаецца ў канву творчых пошукаў. Мастакі дэманструюць сучаснае прачытанне класічных жывапісных жанраў. Сучасны пейзаж як умоўнае ўвасабленне рэальнай пазнавальнай прасторы і як складаная сістэма знакаў і сімвалаў прадстаўлены ў творах Ігара Бархаткова, Валерыя Шкарубы, Міколы Бушчыка, Аляксандра Грышкевіча, Фелікса Янушкевіча. Нацюрморт сёння не вельмі папулярны з-за жорсткасці рамак, якімі абмежавана яго класічнае ўвасабленне. Але ў Марыі Ісаёнак ён зачароўвае сугуччам фарбаў, рамантычным флёрам, якінадае мастачка спалучэнню прадметаў нават будзённага прызначэння. А нацюрморты ў Віталя Герасімава і Уладзіміра Клімушкі становяцца полем для эксперыментаў, нечаканых інтэрпрэтацый і пошукаў. Жаночыя партрэты Алеся Ксяндзова толькі на першы погляд здаюцца пераўвасабленнем класічных узораў: адштурхоўваючыся ад акадэмічных штудый, мастак стварае вобразны свет сучаснымі пластычнымі сродкамі і праз эмацыянальнае прачытанне.
| В.Губараў "Вяселле" | Жанравая шматфігурная карціна застаецца галоўным складнікам творчасці Уладзіміра Тоўсціка, Валянціна Губарава, Уладзіміра Ткачова. Тэмы, якія ўзнімаюць мастакі, самыя розныя — ад побытавага жыццяпісу сучаснага гараджаніна да філасофскага асэнсавання Яго штодзённага быцця. Кожны з мастакоў даследуе найбольш блізкі яму элемент выяўленчага мастацтва: пераасэнсоўваюць прастору і форму Васіль Касцючэнка і Сяргей Давідовіч, будуюць уласны свет праз складаныя кампазіцыйныя прыёмы Уладзімір Кожух, Святлана Каткова, праз фактуру і пластыку матэрыялу вызначаюць асяроддзе Рыгор Несцераў, Зоя Літвінава, Леанід Хобатаў, Уладзімір Ганчарук, Алена Шлегель, Надзея Лівенцава. Іх работы складаныя па фактуры і колеры, пазнавальныя па аўтарскай пластыцы, разважлівафіласофскія і глыбока асацыятыўныя. Рэмінісцэнцыямі мінулага стагоддзя ўспрымаюцца творы Руслана Вашкевіча, пабудаваныя як цытаванні работ знакамітых мастакоў. Да ўдзелу ў выстаўцы запрасілі і творчую моладзь — нядаўніх выпускніц БДАМ Антаніну Слабодчыкаву, Алену Іванову, Таццяну Кандраценка. Наталля ШАРАНГОВІЧ
Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:
|
Цікавосткі: варта прачытаць! Гісторыя і лёсы: культура Беларусі ад мінулага да сучаснасці
|