Песні саламянай прыгажуні

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Міншчына здзівіла не толькі рэкордным ураджаем. Падарожнікаў, што спяшаюцца на “Дажынкі-2009” у Кобрын, чакаюць на аўтатрасе ад Міншчыны да Брэстчыны самыя прыемныя саламяна-песенныя неспадзяванкі. Абапал шашы, на ржышчах убраных хлебных палеткаў Стаўбцоўскага, Нясвіжскага раёнаў, выстаўлены шматметровыя скульптуры, што выраблены мясцовымі народнымі майстрамі з жытняй саломы. Легкавікі і грузавыя фуры спыняюць рух. Вандроўнікі ў захапленні разводзяць рукамі і нястомна пстрыкаюць фотаапаратамі. Прыпынкі зацягваюцца надоўга, бо вабяць не толькі саламяная дзяўчына ці саламяны цягнік, што развёў пары і сабраўся рушыць у бок Кобрына. Вабяць спевы самадзейных калектываў, актыўны продаж беларускіх народных сувеніраў, у тым ліку і з традыцыйнай саломкі.

 - Саламянымі скульптурамі ўпрыгожылі Міншчыну да абласных дажынак, - тлумачыць вытокі крэатыву начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч.
 - Вызначыліся тут Мінскі і Слуцкі раёны. А Любань, дзе і прайшло 12 верасня абласное хлебаробскае свята, літаральна ўся была аздоблена "залатымі" выявамі з саломкі. Вырашылі выкарыстаць гэты вопыт і напярэдадні "Дажынак-2009", аздобіўшы саламянымі кампазіцыямі ўзбочыны дарогі да Брэстчыны. Ідэю падхапілі аддзелы культуры і ідэалогіі рэгіёнаў вобласці. У першую чаргу- Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў. За справу ўзяліся не толькі дызайнеры, мастакі і саломкапляцельшчыкі, але і нашы самадзейныя калектывы ды майстры традыцыйных мастацтваў. Так шлях да Брэстчыны набыў незвычайнае саламяна-песеннае аздабленне...
 Здымкі на першай і другой старонках нашайгазеты Юрый Іваноў зрабіў на палетках СВК "Агранёманскі" Стаўбцоўскага раёна. Натуральна, апрача саламяных дзівосаў, трапіў у кадр і народны хор "Нёман", што амаль 80 гадоў дзейнічае пры Старасвержанскім цэнтры культуры. Спяваў хор ля саламянай дзяўчыны - сімвалічнай захавальніцы хлебнага ўраджаю. Выпадковыя французы-вандроўнікі, што таксама трапілі ў палон прыдарожнай казкі, доўга не маглі зразумець, што за творчая акцыя на пленэры.
- Свята хлеба ў нас - рэспубліканскага кшталту,- патлумачыў ім начальнік аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатоль Грэкаў,- таму дарога да Брэстчыны ў творчым плане - інтэрактыўная. Падключайцеся: слухайце, падпявайце, фатаграфуйцеся, купляйце сувеніры!
Я.Р.
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымку: народны хор "Нёман" Старасвержанскага цэнтра культуры ў прыдарожным саламяным антуражы.