Дні Еўрапейскай спадчыны

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Штогод у 49 краінах Еўропы праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дням Еўрапейскай спадчыны, мэта якіх засяроджана на больш шырокім азнаямленні грамадскасці з культурнай спадчынай. У межах гэтага міжнароднага праекта пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся “круглы стол” “Беларусь самабытная. Традыцыі. Мова. Рамёствы”.

Як адзначыў намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Грыдзюшка, такія мерапрыемствы дазваляюць на высокім узроўні вырашаць актуальныя пытанні захавання і развіцця айчыннай культуры, вызначаць новыя аспекты дзейнасці ўстаноў галіны. Так, удзельнікі "круглага стала" разгледзелі пытанні ролі і значэння культурнай спадчыны, шляхоў інтэграцыі ў еўрапейскую і міжнародную культурную прастору, захавання беларускай нематэрыяльнай спадчыны. У прыватнасці, у дачыненні да зберажэння нематэрыяльных здабыткаў народа гаворка вялася пра стварэнне адпаведнай дзяржаўнай праграмы ахоўных мерапрыемстваў кшталту электронных баз даных.
На думку загадчыка кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аляксандра Смоліка, ужо наспела неабходнасць і вяртання ў школьныя вучэбныя праграмы прадмета "Сусветная і айчынная мастацкая культура". Апрача гэтага, удзельнікі "круглага стала" прапанавалі адпаведным міністэрствам Рэспублікі Беларусь стварыць пасаду этнапедагога ва ўстановах адукацыі, культуры і пазашкольнага выхавання. Таксама ў бліжэйшы час мае вырашыцца пытанне магчымасці арганізацыі Беларускага нацыянальнага цэнтра па ахове і вывучэнні культурнай спадчыны краіны. У межах мерапрыемства закраналіся і пытанні фарміравання пазітыўнага іміджа айчыннай культуры за мяжой. У бліжэйшай перспектыве гэтаму магло б паспрыяць стварэнне адзінага нацыянальнага інтэрнет-партала "Культурная спадчына Беларусі".
 К.А.