Дарагія суайчыннікі! Віншую вас з 70-й гадавінай уз'яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай.
17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, мэтай якога была абарона пакінутага на волю лёсу беларускага і ўкраінскага насельніцтва на тэрыторыі Польшчы ва ўмовах германскага ўмяшання і развязвання Другой сусветнай вайны. Гэта не толькі ўмацавала бяспеку СССР, але і стала важным укладам у барацьбу супраць фашысцкай агрэсіі. Нягледзячы на розныя меркаванні і ацэнкі падзей, звязаных з гэтай датай, бясспрэчны факт: у выніку ваеннай аперацыі адбылося ўз'яднанне штучна падзеленага беларускага народа, што з'явілася актам гістарычнай справядлівасці. На вызваленых землях былі створаны ўмовы для будаўніцтва новага жыцця. Беларусы атрымалі магчымасць развіваць дзяржаўнасць у рамках адзінага нацыянальна-тэрытарыяльнага ўтварэння. Сёння суверэнная і міралюбівая Беларусь беражліва ставіцца да сваёй гісторыі, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці. Яна стала добрым домам для прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія карыстаюцца роўнымі правамі і магчымасцямі, фарміруючы адзіны народ. Перакананы, што дзякуючы патрыятызму і згуртаванасці мы ўпэўнена пераадолеем цяжкасці і дасягнём умацавання і працвітання Айчыны. Ад усёй душы жадаю вам, дарагія суайчыннікі, аптымізму, здароўя і шчасця.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр ЛУКАШЭНКА
17 верасня 2009 года