Старына ажывае ў дрэве

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Упершыню на Гомельшчыне адбыўся абласны конкурс драўлянай скульптуры “Ажылая старына”. Фігуры русалак, лесавікоў і іншых фальклорных персанажаў беларускіх казак ды прадстаўнікоў славянскай міфалогіі да трох метраў вышынёй стварылі майстры, спрактыкаваныя ў традыцыйным беларускім мастацтве. Праходзіў конкурс на базе Майстэрні народных рамёстваў пры Жгунскім сельскім доме культуры Добрушскага раёна.

 /i/content/pi/cult/226/3022/12-5.jpg

Дзесяць разьбяроў з Гомеля, Добруша, Жлобіна і Петрыкава жылі і працавалі ў СДК з 10 па 14 жніўня. Драўляныя скульптуры выставілі ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці. Частка работ адправілася ў вёску Бубноўка Акцябрскага раёна, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя гомельскага Дзеда Мароза. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы і падарункі. Першыя тры прызы дасталіся гамяльчаніну Віктару Расолаву, Аляксею Батану з Петрыкава і Мікалаю Ляшкову з вёскі Жгуні, дзе і ладзілася "Ажылая старына". Апошні займаецца мастацкай апрацоўкай дрэва цягам ужо дзесяці гадоў. Сем з іх - вучыць дзяцей. Мікалай Ляшкоў упэўнены: "Традыцыі драўлянай скульптуры захоўваюцца ў нас з вялікім стараннем. Майстэрства пераймаюць школьнікі, яны робяць такія цуды, на якія і я не здатны.... Конкурс вызначыў прафесіяналаў, а ім, што вельмі радуе, падрастае ў нашым раёне годная змена".

На здымку: Мікалай Ляшкоў са сваімі работамі.