Песня! На выезд!

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Цягам уборачнай кампаніі да працаўнікоў хлебнай нівы на Століншчыне два разы на тыдзень выязджае інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе спецыялістаў аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, работнікаў Цэнтральнай раённай бібліятэкі і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Кожны выезд плануецца, як мінімум, па двух адрасах, у розныя гаспадаркі.

 /i/content/pi/cult/226/3019/12-2.jpg

У чарговую паездку да працаўнікоў сельскай гаспадаркі выправіліся ансамбль народнай песні "Ярок", супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі, а таксама дырэктары дамоў культуры: Рэчыцкага - Ірына Вабішчэвіч, Беражноўскага - Васіль Дзенісовіч, Белавушскага - Людміла Вандзіч, мастацкія кіраўнікі Альманскага СДК - Ала Дзенісовіч і Гараднянскага - Уладзімір Казеня, метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Валерый Шуркала. Кірунак узяты на Альшаны. Па дарозе спыніліся ў Высокім, бібліятэкары заняліся выдачай і абменам літаратуры. На збожжатоку СВК "Новая Прыпяць" работнікі сушыльнай гаспадаркі збіраюцца пад павеццю насеннага склада на невялічкі перапынак. Працоўная паўза запаўняецца народнай песняй, а калі загучала полька, самыя гарэзлівыя пусціліся ў скокі. Потым быў творчы візіт на пляцоўку па дапрацоўцы збажыны ў СВК "Харомскі". І тут людзі ахвотна сочаць за нумарамі, падпяваюць і шчыра апладзіруюць. З канцэртамі да хлебаробаў таксама выязджалі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь - ансамбль народнай музыкі "Выцінанка" Столінскага ГДК, народныя аматарскія аб'яднанні "Прамень" Давыд-Гарадоцкага ГДК, "Гарынскія папрадухі", фальклорна-этнаграфічны калектыў "Верасень" Рэчыцкага ГДК, аматарскае аб'яднанне "Радчанка" Радчыцкага ЦСДК, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці шэрагу сельскіх дамоў культуры і клубаў Століншчыны.

Галіна ГАШЧУК Столін На здымках: добры настрой дорыць "Ярок"; кнігавыдача ў Высокім.

Фота аўтара