Тварам да сонца

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Па-першае, ён нарадзіўся ў Старых Васілішках, што ў Шчучынскім раёне Гродзеншчыны, у 1939 годзе. Адсюль — лагічнае “па-другое”: сёлета споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння выдатнага творцы, а яшчэ — 30 з часу апошняга наведвання ім родных мясцін. Па-трэцяе, з рэдакцыяй “К” падзяліўся ў электронным лісце ўспамінамі пра канцэрт Чэслава Нэмэна ў Мінску наш зямляк — цяпер жыхар Пскова — Уладзімір Луцкер. А па-чацвёртае… Па-чацвёртае — паэзія і музыка. Хаця яны, мусіць, для гэтай асобы заўжды былі “па-першае”. Усё гэта пра Чэслава Нэмэна — знакамітага польскага рок-музыканта ХХ стагоддзя, чые ўгодкі цягам усяго 2009-га святкуюцца і ў Беларусі. Зямля наша ўзгадавала гэты талент. Напярэдадні 70-годдзя з дня ўз’яднання Беларусі, якое адзначаем 17 верасня, і наогул, зважаючы на россып круглых дат, што паядноўваюць яго постаць з нашай краінай, згадваем пра музыканта на старонках “К”.

 /i/content/pi/cult/226/3018/15-1.jpg

Па-чацвёртае, або Яно ж - па-першае

"Люблю паэзію як від мастацтва, найбольш блізкі музыцы. Паэзія паляпшае ўспрыняцце музыкі і з'яўляецца яе філасофскай часткай у маёй музыцы", - у 1972 годзе вызначыў уласную творчую прастору Чэслаў Нэмэн. А вось сказанае на год раней: "На жаль, я бесперапынна вымушаны ваяваць з ветракамі. Калі я пісаў простыя песенькі - гэтыя людзі (Антаганісты музыканта. - С.Т.) папракалі мяне ў банальнасці. Калі ж я пазней звярнуўся да вершаў нашых вялікіх паэтаў - яны папракалі мяне ў святатацтве". Слушнай падаецца выказаная ў лісце Уладзіміра Луцкера ў рэдакцыю "К" думка: "Шмат гаворыцца пра тое, што Чэслаў Нэмэн прыўнёс высокую польскую паэзію ў свет папулярнай музыкі, як правіла, маючы на ўвазе пераломны альбом з "Жалобным спевам памяці Бема" на вершы Цыпрыяна Каміля Норвіда. Ды хачу заўважыць: сур'ёзнай паэзіяй на той час і пасля была адзначана творчасць не толькі Нэмэна. Ён жа сам пісаў на вершы Адама Асныка, Тадэвуша Кубяка, Казіміра Пшэрва-Тэтмаера, Збігнева Герберта, Юліяна Тувіма... І гэта ў музыканта выходзіла неяк асабліва: вось так, як ён, з такім напалам, не мог ніхто іншы. Ведаеце, развагі пра паэзію навялі мяне на думку: у падборы тэкстаў магло праявіць сябе беларускае паходжанне Чэслава Нэмэна. Падаецца, непасрэдных зваротаў да беларускай тэматыкі ў музыканта не было. Ды немагчыма не адчуць ягоную памяць пра родныя месцы, напрыклад, у "Штось, што люблю найбольш". Ці не пазнаём мы вобраз родных паселішчаў, апеты беларускімі пісьменнікамі-рамантыкамі ХІХ стагоддзя, у "Маёй песні" на словы Норвіда: "Па тых прасторах, дзе крошак хлеба не кінуць долу, прымаючы ўсе іх дарам неба, смуткую, Божа".

 Па-трэцяе, або "Да прекрати ты!"

 На згадку Уладзіміра Луцкера пра канцэрт Чэслава Нэмэна ў Мінску ў 1976 годзе першапачаткова натрапіў у Інтэрнеце. Звязаўшыся, папрасіў даслаць у рэдакцыю аповед пра гэты дзень. Вядома, за тры з гакам дзесяткі гадоў не ўсё захавалася ў памяці, але, думаецца, у кароткіх нататках колішняга студэнта палітэха з Ваўкавыска ёсць аура непаўторнай атмасферы, што панавала ў зале Палаца спорту. Гэта была беларуская частка гастролей па СССР, у межах якіх Нэмэнам было дадзена95 канцэртаў. У нашай рэспубліцы ён наведаў Гродна, Мінск, Пінск, Брэст, Баранавічы... "Хаця мне даволі няблага былі знаёмыя многія аўтары і выканаўцы польскага рока 1970-х, творчасць самога Чэслава Нэмэна, аднак агучанае на канцэрце было пачута ўпершыню, і гэта кардынальна адрознівалася ад той музыкі, якая была мне звыклая. Дарэчы, сумняваўся, што ўвогуле траплю ў Палац спорту: білеты - хіба "з рук". Той канцэрт, які давялося наведаць, быў дзённым, адбываўся ў выхадны дзень і аказаўся зборным, дзе ў першым аддзяленні выступала цэлая плеяда савецкіх выканаўцаў. Ледзь не палова залы, па маім уражанні, прыйшла на Іосіфа Кабзона. У "нэмэнаўскім" аддзяленні хацелася пачуць рэчы з альбомаў-"энігматыкаў". Спадзяванняў аказалася багата, ды яшчэ сябры, наведаўшы папярэднія выступленні, казалі: маўляў, прагучыць нямала хітоў. "Jednego serca", напрыклад. Але гучала, паўтаруся, прынцыпова іншая музыка. Гэта былі гукі, у якіх, пачынаючы з альбома "Katharsis", нарадзіўся новы Нэмэн. Сінтэзатары былі яшчэ навіной. Магутны гук, калі казаць пра насычэнне ім прасторы. Ашаламляльны эфект новага гучання! Ды ўсё ж навізны было занадта: памятаю, як проста пад час выканання нумароў людзі выходзілі з залы, бывала - і па некалькі чалавек. Гэтак, у час сольнай партыі ўдарных нейкі мужчына літаральна не вытрымаў і з крыкам "Да прекрати ты!" выбег прэч. Нэмэн сам аб'яўляў кожны нумар па-руску і практычна не рабіў паўз паміж кампазіцыямі. Знешнасць? Адразу ўзнікла адчуванне, што ён маладзейшы, чым на фота. І ўвесь час музыкант - засяроджаны, амаль не кідае поглядаў у залу. З аб'яўленых нумароў запомніў "Пані М.", "Адкрыццё новай галактыкі". А яшчэ - "Тварам да сонца": амаль фізічнае адчуванне цеплыні, што выпраменьваецца з дынамікаў. Такі яркі і звонкі тэмбр! Ды вось канцэрт нечакана заканчваецца. І толькі цяпер Нэмэн стаіць перад гледачамі. Нібыта "тварам да сонца".

/i/content/pi/cult/226/3018/15-2.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3018/15-3.jpg

 Па-другое, або Голас пакалення

 "Знакаміты польскі рок-музыкант ХХ стагоддзя" - так я прадставіў быў чытачам Чэслава Нэмэна. Ды за сорак з гакам гадоў творчасці ён перарос гэты статус, запомніўшыся некалькім пакаленням слухачоў, у тым ліку і беларускіх, спачатку як майстар шлягера, затым - як эксперыментатар, пасля - як легенда, што, па вызначэнні журналістаў, імкнучыся ў апошнія гады за ўласным міфам, адыходзіла дзень за днём усё далей. Але заставаўся ён непарушным маральным аўтарытэтам. Каб пераканацца, паслухаем самога Нэмэна: "Мне вельмі хочацца закрануць тэму "маладзёжнай музыкі". Гэты тэрмін мяне раздражняе. Ён прыдуманы тымі, хто хацеў бы апрануць моладзь у кароткія штонікі. Музыка адна. Яна альбо ёсць, альбо яе няма. У тым, што я раблю, ёсць вялікая доля славянскага духу, які асабліва даецца ў знакі ў моманты судатыкнення са слухачамі на Захадзе. У аснове маёй творчасці ляжыць само жыццё". Гэта сказана ў 1972-м на тым умоўным мастку, што падзяляў Нэмэна хітовага і Нэмэна эксперыментальнага. А ў Мінску, у 1976-м, музыкант развіў думку: "Я намагаюся пабудаваць своеасаблівы масток ад сур'ёзнай музыкі да папулярнай. У іх сінтэзе - невычэрпныя магчымасці". Сінтэзаваў Чэслаў Нэмэн у сучаснасць і народную песню. Яго землякі прыгадвалі, што юнаком любіў спяваць "Однозвучно звенит колокольчик..." і "По диким степям Забайкалья", таму не дзіва, што яны ўвайшлі ў кружэлку "Russiche lieder". Не было там песень беларускіх (праўда, землякі прыгадвалі, што ён выконваў "Ой, Нёман..."), хаця былі ўкраінскія. Ды найперш на выдадзенай у Германіі плытцы быў дух, пра які казаў сам Нэмэн: "Я хацеў бы надаць сваім творам нейкае адчуванне славянства..." У Нэмэна склаліся стасункі з шэрагам беларускіх музыкантаў. Сярод іх - Уладзімір Мулявін і Ігар Палівода. Нэмэн стаў знакавай постаццю для многіх іншых айчынных творцаў. Пра тое сведчаць выстаўкі, вечарыны памяці, на радзіме спевака праводзіцца фестываль ягонай песні... "Пячаткай майстра", даніны павагі да яго стаў надпіс побач з барэльефам артыста на касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла на радзіме музыканта: "Чэслаў Нэмэн (Выджыцкі). Вялікі артыст, знакаміты спявак, голас пакалення, выканаўца, кампазітар, якому Бог даў незвычайны музычны талент. Нарадзіўся 16.02.1939 г. у Ст.Васілішках, памёр 17.01.2004 г. у Варшаве".

Па-першае, або Легенда пра Нёман

- Паселішча Старыя Васілішкі заклаў, падобна на тое, князь Васіль, які адным з першых у Літве прыняў хрысціянства, - згадваў пра родныя мясціны ў адным з інтэрв'ю Чэслаў Нэмэн. - Напрыканцы ХІХ стагоддзя паўстаў у вёсцы драўляны касцёльчык. Ужо потым, з дазволу цара Мікалая, выбудавалі прыгожы неагатычны касцёл, які захаваўся па сёння. Вайны не памятаю, акрамя аднаго вобраза: як сядзім з сястрой у акопах, калі ўцякалі немцы... Дзяцінства згадваю з сентыментам. Гэта быў рай на зямлі... З дзевяці гадоў Чэслаў Выджыцкі спяваў у хоры касцёла, дзе ягоны бацька - наладчык фартэпіяна - быў пэўны час арганістам. Таму і не дзіўна, што з клавішнымі інструментамі Чэслаў пазнаёміўся яшчэ зусім малым. У чатырнаццаць гадоў хлопец дэбютаваў "на вялікай сцэне" актавай залы роднай школы з украінскай народнай песняй "Чорныя бровы, карыя вочы". А пасля заканчэння сёмага класа - у 1954-м - паступіў у Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, ды прабыў там толькі два гады: "падвяла" матэматыка. Паміж выездам сям'і будучага музыканта ў Польшчу ў 1958-м і апошнім наведваннем ім Старых Васілішак у 1979-м - дваццаць адзін год. За гэты час ён стаў - "зоркай", эксперыментатарам. Яго землякі памятаюць, як тады, трыццаць гадоў таму, Нэмэн засвяціў стужку з матэрыялам, адзнятым на родным селішчы. Што ж убачыў артыст? Запусценне... Сёння ў Старых Васілішак - усе перадумовы, каб стаць турыстычным аб'ектам. Ёсць ініцыятыва з беларускага і польскага бакоў, прапрацоўваюцца варыянты выкарыстання сядзібы Выджыцкіх у якасці музея, маюцца прапановы па прадстаўленні экспанатаў ад родных і сяброў музыканта... Перспектыва - выдатная, тым больш поруч з аграгарадком "Васілішкі"! Ды тое самае запусценне роднай хаты спевака напалохала ўжо не аднаго турыста, які спехам сфатаграфаваўся каля сціплага вяночка на яе сцяне. І напрыканцы. Апошні раз Чэслаў Нэмэн пабываў на малой радзіме ў 1979-м. Налета, у 1980 годзе, ён выдаў альбом "Postscriptum", пасля якога арыгінальнага канцэптуальнага матэрыялу- два дыскі. Пасля Нэмэн стаў ужо "жывой легендай". І прыгадалася тут ужо легенда іншая - легенда пра Нёман:

"Даўно гэта было. З-пад вярбы выбілася крынічка. Вада тая ўсё прыбывала, аж пакуль не пабегла па дзвюх ручаінах. Так нарадзіліся рэкі Нёман і Лоша. Падужэўшы, Нёман аднойчы сказаў Лошы: "Раздолля трэба мне, буду прабівацца да мора". Нічога не сказала на гэта Лоша, толькі сама надумалася навыперадкі бегчы з Нёманам. Назаўтра, яшчэ не развіднела, як яна пабегла па нізінах ды па далінах да мора. Прачнуўся Нёман, убачыў, што Лошы няма, і кінуўся наўздагон, не разбіраючы дарогі. З таго часу ён так і ляціць, спяшаецца да мора, магутны і шырокі..."

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах