Каб вярнуць імёны

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

На старонках “К” неаднойчы ўзнімалася пытанне пошуку імёнаў байцоў Чырвонай Арміі, зніклых без вестак у час Вялікай Айчыннай вайны. Сёння існуе рэальная надзея знайсці інфармацыю пра сваіх родных. І найперш — дзякуючы актыўнай працы пошукавых арганізацый, айчынным і замежным архівістам.

Як адзначылі ў Доме-музеі І з'езда РСДРП, пошук будзе працягвацца, і, самае галоўнае, - у кожнага ёсць магчымасць пакінуць сваю заяўку. У далейшым усе заяўкі будуць размешчаны на сайце Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Раздрукаваныя ж архіўныя адказы можна атрымаць у Доме-музеі І з'езда РСДРП. Нядаўна ўстановай атрыманы даныя ад мінчан па няўлічаных пахаваннях палонных чырвонаармейцаў у вёсках Кальзберг пад Радашковічамі, Бярозаўка Мінскага раёна і ў Петкавічах Баранавіцкага раёна. Як запэўнілі ў музеі, інфармацыя будзе перададзена ўпраўленню па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. А 11 верасня ў Доме-музеі І з'езда РСДРП адбылося ўручэнне архіўных дакументаў з інфармацыяй пра тых, хто загінуў без вестак. У цэлым, у межах выставачнага праекта "Суровыя, ваенныя, простыя..." супрацоўнікі музея сумесна з удзельнікамі пошукавага клуба "Віккру - Мінск" правялі пошук сваякоў мінчан, што зніклі ў віхуры Другой сусветнай. Па словах супрацоўнікаў музея, за час экспанавання выстаўкі атрыманы звесткі пра 153 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, пошукавых атрадаў Беларусі, Расіі, Украіны. У выніку высветлена месца 21 пахавання, атрыманы ўдакладняльныя даныя на 54 салдат.