На “право Майтборское”, або Што сказаў бурмістр?

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Сучаснае айчыннае заканадаўства, як вядома, сваімі каранямі сягае ў мінуўшчыну. Ужо з летапісных часоў на нашых землях былі свае правілы паводзін, гандлю, адміністрацыйнага кіравання. Важным крокам у іх развіцці стала наданне некаторым беларускім гарадам магдэбургскага права, якое прадугледжвала мясцовае самакіраванне. У прыватнасці, Мінск набыў такі прывілей 510 гадоў таму — у 1499 годзе і з таго часу стаў асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Вялікага княства Літоўскага.

 /i/content/pi/cult/226/3016/14-1.jpg
Кафля са стужкавым
арнаментам. XVII cт.
 /i/content/pi/cult/226/3016/14-2.jpg
 Нарыхтоўка сыравіны.
Паводле медзярыта А.Тарасевіча. 1672 г.
З гэтай нагоды ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Інстытутам гісторыі была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Мінск і мінчане. 10 стагоддзяў гісторыі". Як адзначыў прафесар кафедры кiравання Мiнскага гарадскога iнстытута развiцця адукацыi Сяргей Странкоўскі, пад час этапа нараджэння гарадскога самакіравання ў 1499-я - 1550-я гады былі ўсталяваны асноўныя прававыя нормы самакіравання, адбываўся падзел паўнамоцтваў. У сваю чаргу, гараджане вызваляліся ад улады вялікакняжацкіх чыноўнікаў-намеснікаў, старастаў, ваявод. Аснову ж норм, што выкарыстоўваліся гарадскім самакіраваннем Мінска, складалі палажэнні прывілеяў і іншых грамат вялікіх князёў і каралёў. Усяго ў розны час гораду было выдадзена каля 30 адпаведных дакументаў. А першы прывілей утрымліваў каля 40 нарматыўных палажэнняў. Прывядзём невялікі ўрывак на сучаснай мове з гэтага дакумента, падпісанага Вялікім князем Літоўскім Аляксандрам: "...Каб нашы людзі, якія там жывуць, дзякуючы добраму і справядліваму ладу, былі заахвочаны, гэты наш горад Менск з права літоўскага і рускага, якое спачатку там было ўстаноўлена, на права нямецкае, так званае Магдэбургскае, пераводзім на вечныя часы. Пастанаўляем і даём ім магчымасць паводле гэтага Магдэбургскага права чыніць поўнае кіраванне і ўсе законы, ліквідуючы ў гэтым горадзе ўсе ранейшыя правы, законы і звычаі, якія Магдэбургскае права стрымліваюць, уціскаюць або яму перашкаджаюць..." Як падкрэсліў Сяргей Странкоўскі, у пазнейшы час прывілеі дакладна вызначылі межы гарадскіх земляў. Таксама паводле іх палажэнняў жыхароў горада, якія пражылі ў Мінску больш за 10 гадоў, але былі нечымі падданымі, не вярталі былым уладальнікам. Адпаведнымі граматамі разглядаліся і эканамічныя пытанні, напрыклад, вызначаліся дні штотыднёвых таргоў. Бясспрэчна, не маглі пакінуць па-за ўвагай тагачасныя заканадаўцы і рэгламентаванасць падаткаў і павіннасцей, якія патрабаваліся ад гараджан на карысць дзяржавы. У цэлым жа, усе жыхары Мінска перадаваліся пад юрысдыкцыю органа гарадской улады - магістрата - і абавязаны былі судзіцца толькі па нормах магдэбургскага права."Теж хотим, абы вси, в том реченном месте Менском мешкаючыи на котором-колвек местцу, права того Майтборского поживали и ему во всих речах повинни были и в каждом деле послушни". Паводле прывілея гараджане атрымалі дазвол узвесці будынак ратушы для размяшчэння магістрата. Кіраванне горадам ажыццяўлялася радай, што складалася ў Мінску з 12 чалавек-радцаў. На чале яе знаходзіліся два бурмістры, якія выбіраліся з ліку радцаў. Рада з бурмістрамі і называлася магістратам. Ён выконваў судовыя і паліцэйскія функцыі, сачыў за гандлем, правільнасцю меры і вагі, збіраў падаткі. Пачынаючы з Яна Казіміра, каралі, у асноўным, пацвярджалі граматы папярэднікаў. Іх прывілеі забаранялі шляхце і духавенству набываць нерухомую маёмасць у Мінску, а за набытую раней трэба было плаціць асобны падатак. Новым этапам у развіцці горада стаў прывілей ад 16 ліпеня 1569 года, якім прадугледжваліся аб'яднанне рамеснікаў у цэхі і наданне ім асобных правоў. Цікава, што яшчэ ў часы Сярэднявечча магдэбургскае права ўжо прадугледжвала супрацьдзеянне п'янству. Так, кожны цэх быў своеасаблівай дапаможнай службай магістрата па наглядзе за правіламі гандлю алкагольнай прадукцыяй. Таксама праз названыя структуры даводзіліся да грамадства і распараджэнні магістрата. У сваю чаргу, агульнай адукацыяй і маральным выхаваннем займаліся брацтвы - праваслаўныя, каталіцкія і уніяцкія. Напрыклад, кароль Уладзіслаў IV у 1633 г. выдаў прывілей брацтву ў гонар святых Пятра і Паўла, у адпаведнасці з якім яно кіравала сваёй школай, друкарняй, трыма цэрквамі, мужчынскім і жаночым манастырамі. Прааналізаваўшы змест усіх прывілеяў, Сяргей Странкоўскі адзначыў, што на працягу XVI - XVIII стст. у Мінску існавала двухузроўневая сістэма самакіравання, якая, з аднаго боку, уключала магістрат, а з другога - цэхі і брацтвы. Цікавы факт: аказваецца, нагляднае ўвасабленне мясцовага самакіравання - герб - быў прыняты толькі 12 студзеня 1591 года па просьбе гараджан для выкарыстання яго на пячатках. На гербе, які і зараз мае горад, размешчана выява Божай Маці з анёламі.