Ці стане Міхееўка “аўтэнтычным” аграгарадком?

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Чарнобыльская тэма зноў на старонках “К”. І гэта натуральна. На Магілёўшчыне і Гомельшчыне жывуць пацярпелыя ад чарнобыльскай навалы. А значыць, іх сацыяльнае абслугоўванне павінна быць паўнацэнным, і гэта, канешне ж, датычыць і культурнага складніка. Сёння мы зноў распавядаем пра правы перасяленцаў — тых людзей, якія, ратуючыся ад радыяцыйнай бяды, атрымалі дзяржаўную дапамогу, змаглі перасяліцца на “чыстую” тэрыторыю. Зразумела, што ім, адарваным ад роднай глебы, прыходзілася нялёгка: трэба было ўжывацца ў новы побыт, шукаць новыя месцы працы, наладжваць кантакты з новымі людзьмі. Карацей, адаптавацца да жыцця. Адаптацыя так або інакш ужо адбылася: з часу аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло больш за 20 гадоў. Але ўвага да гэтых людзей з боку дзяржавы ніколі не змяншалася. Згодна з сацыяльнымі стандартамі, жыхары такіх раёнаў мелі і маюць сучаснае медыцынскае абслугоўванне, бясплатнае харчаванне дзяцей у школах, многія іншыя сацыяльныя льготы. Але культурнае абслугоўванне тут наладжана часам не належным чынам — яўная хіба мясцовага кіраўніцтва, якое павінна заўжды памятаць , што чалавек, страціўшы малую радзіму і захаваўшы яе традыцыйную культуру ва ўласнай душы, прагне творча самарэалізавацца на новым месцы жыхарства, каб зноў адчуць сябе запатрабаваным і адметным. І тут роля культасветнікаў — неацэнная. Гаворка ў матэрыяле пойдзе пра Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці, дзе названая сітуацыя далёкая ад ідэальнай.

 /i/content/pi/cult/226/3015/10-2.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3015/10-4.jpg

Моладзь - за культуру

Пра Дрыбін наша газета ўжо пісала прыкладна год таму ("К" № 34 за 2008 г.). Грунтоўна ў леташнім артыкуле распавядалася пра ўстановы культуры райцэнтра: пра шыкоўны Дрыбінскі РЦК, школу мастацтваў са шматлікімі маладымі талентамі, "узброенымі" ўсімі магчымымі музычнымі інструментамі, дзейнасць мясцовай ЦБС, камп'ютэрызаванай больш чым на 70 працэнтаў, багаты на экспанаты раённы гісторыкакраязнаўчы музей... Не абмінула "К" сваёй увагай і раён: наведала вёску Кароўчын і размешчаныя там установы культуры. Гаворка ішла і пра тое, што ў раёне працуюць аўтаклуб, бібліобус і кінавідэаперасоўка, якія забяспечваюць культурнае абслугоўванне насельніцтва 67 аддаленых і маланаселеных вёсак Дрыбіншчыны. Цяпер у райцэнтры будуецца кінатэатр, які плануецца ўвесці ў дзеянне напрыканцы года. Як бачым, у Дрыбіне справа з культурным абслугоўваннем насельніцтва наладжана як след. Але ўжо год таму намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка падкрэсліваў, што на сяле матэрыяльная база патрабуе ўдасканалення. Прывяду толькі адно яго выказванне: "Чамусьці так павялося, што пад час будаўніцтва пасёлкаў для перасяленцаў дамы культуры ў нас размяшчаліся пераважна ў прыстасаваных памяшканнях, не заўжды лепшых. Таму цяпер нам належыць звяртаць на сферу культуры асаблівую ўвагу". І далей Дзмітрый Пімашэнка заўважыў, што жыхары Дрыбіна ўжо не пачуваюць сябе абдзеленымі, а на вёсцы сітуацыя зусім іншая. І, хутчэй за ўсё, менавіта з гэтай прычыны ў Дрыбінскім раёне не выконваецца план платных паслуг. Доказам тым леташнім словам намесніка Дрыбінскага райвыканкама - ліст, што прыйшоў у рэдакцыю напрыканцы жніўня, падпісаны моладдзю вёскі Міхееўка, якая размешчана за 7 кіламетраў ад райцэнтра і зробіцца аграгарадком 31 кастрычніка. Не буду прыводзіць скаргу цалкам. Звярну ўвагу толькі на тое, што моладзь - а пад лістом падпісаліся 27 чалавек - поўная абурэння гаротным станам мясцовага СДК. Вось некалькі цытат з пісьма: "абшарпаныя сцены, дах цячэ, непрыдатная мэбля"; "грошай, якія выдаткоўваліся на рамонт памяшкання, не хопіць нават на рамонт даху"; "у Доме культуры і ў яго наваколлях няма туалета"; "работнікі СДК цягнуць з дома купленую ў крэдыт апаратуру, перашываюць нейкія рэчы для сцэнічных касцюмаў"... Натуральна, "К" не магла не звярнуць увагу на такую складаную сітуацыю ў рэгіёне, дзе жывуць перасяленцы.

Здача - 31 кастрычніка

 І, зразумела, першае пытанне, якое я задаў намесніку старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрыю Пімашэнку і начальніку аддзела культуры Іне Балаўнёвай, тычылася таго, наколькі горкія словы ліста стасуюцца з рэчаіснасцю. Дарэчы, заўважу, што размаўлялі мы ў Міхееўскім СДК пад грукат, які даносіўся з даху ўстановы культуры: будаўнікі распачыналі ягоны рамонт. Само ж унутранае "ўбранне" Дома культурысапраўды выглядала не "на выдатна": плямы ад вады на столі, сляды тынкоўкі, якая адвальваецца, нядзейны санвузел, дзіркі ў падлозе... - Зразумела, ліст поўны як праўдзівых слоў, так і недакладнасцей,- сказаў Дзмітрый Пімашэнка. - У Міхееўцы моладзь не абдзелена нашай увагай. Да першага верасня быў зроблены рамонт у Міхееўскай сельскай школе. Рамонт у Доме культуры запланаваны і будзе зроблены па графіку. Таксама сёлета адрамантавалі Міхееўскую сельскую бібліятэку сіламі гаспадарчай групы аддзела культуры, на што пайшло каля 5 мільёнаў рублёў. "Міхееўка" - аграгарадок гэтага года, як і яшчэ адзін- "Расна". У іх пражывае вялікая колькасць перасяленцаў. Запланавана здача гэтых аграгарадкоў (а, значыць, і дамоў культуры ў іх) на 31 кастрычніка бягучага года. На кожны з гэтых аграгарадкоў сёлета выдаткавана каля 600 мільёнаў рублёў. На мясцовы ДК пойдзе каля 120 мільёнаў. - У мінулым годзе была закуплена акустычная сістэма ў Міхееўскі СДК на суму мільён шэсцьсот тысяч рублёў,- дадае Іна Балаўнёва. - Касметычны рамонт быў гадоў пяць таму, тады ж замянілі праводку. Грошы на рамонт дома культуры запланаваны на чацвёрты квартал. У першую чаргу адрамантуюць дах, на што пойдзе прыкладна 42 мільёны рублёў, а пасля будуць заменены дзверы, вокны, зробім унутраны рамонт актавай і танцавальнай залаў. Дадам, што з гэтага года ў мясцовай сярэдняй школе будзе працаваць філіял Дрыбінскай школы мастацтваў: цяпер ідзе набор у класы харэаграфіі. Здаецца, усё добра, калі меркаваць па словах мясцовага кіраўніцтва. А ці так у сапраўднасці? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба крыху абстрагавацца ад акрэсленых праблем і намаляваць кароткую гісторыю Міхееўскага СДК.

 /i/content/pi/cult/226/3015/10-3.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3015/10-5.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3015/10-6.jpg

 Перасяленцы... у лазню

Установа культуры займела сваё памяшканне толькі напрыканцы 1996 года. Да гэтага мерапрыемствы праводзіліся ў канторы перасоўнай механізаванай калоны, якая будавала жыллё для перасяленцаў, а пасля - у калгаснай кавярні, што на той момант пуставала. Нарэшце, культработнікі займелі два вялікія памяшканні ў будынку лазнева-пральнага камбіната, пабудаванага ў 1992 годзе. У адным яго крыле працягвала працаваць лазня, а ў другім адкрыў свае дзверыДом культуры. Карацей кажучы, і цялеснае, і духоўнае ачышчэнне жыхары Міхееўкі маглі атрымліваць у адным будынку цягам доўгага часу, пакуль лазню ўвогуле не зачынілі. А жыхароў тут - даволі шмат. Жыве ў будучым аграгарадку амаль тысяча чалавек, большасць з якіх - перасяленцы з Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. У мясцовай школе- прыкладна 200 навучэнцаў, у дзіцячым садку - каля 60 дзяцей. Трэба сказаць, што з пачатку свайго існавання Міхееўскі СДК быў на добрым рахунку ў мясцовым аддзеле культуры. Заўсёды тут працавалі адданыя сваёй справе людзі, навучэнцы шматлікіх гурткоў Дома культуры неаднаразова ўдзельнічалі ў разнастайных раённых і абласных конкурсах, адкуль вельмі часта вярталіся з узнагародамі. У Доме культуры існуе больш за 20 відаў клубнай работы: дыскатэкі, вечары адпачынку, выязныя мерапрыемствы, аматарскія аб'яднанні. І ўвесь той час, калі была добрая апаратура, калі не працякаў дах, супрацоўнікі Дома культуры выконвалі план платных паслуг. На мясцовыя дыскатэкі прыязджалі і з Дрыбіна. Цяпер жа, як кажа дырэктар Міхееўскага СДК Любоў Ігнаценка, з-за рамонту яна пахваліцца выкананнем плана платных паслуг не можа. Летась, у студзені - сакавіку, калі яшчэ працавала якасная музычная апаратура, план выканалі на 105%, а за першае паўгоддзе гэтага года спрацавалі толькі на 51% ад задання. Зразумела, калі ідзе рамонт, калі няма якаснай апаратуры, - дык усё гэта цягне за сабою зніжэнне тых або іншых паказчыкаў. Але, як пераканаўся ў час камандзіроўкі, справа не толькі ў гэтым.

Жывы куток у Доме культуры

На наступны дзень камандзіроўкі сустрэўся з аўтарамі ліста ў "К". У танцавальнай зале СДК сабралася каля 10 чалавек. Усе яны з горыччу распавядалі пра свае праблемы. Засяроджу ўвагу на тых момантах, пра якія яшчэ не згадваў. Апаратура, якую не так даўно атрымалі міхееўцы, - маламагутная, з нізкай якасцю гуку. Сапраўды, не працаваў ад самога пачатку ў СДК санвузел. Кіраўніцтва абяцае поўную замену ўсіх водаправодных труб і рамонт прыбіральні. А вось чаго яшчэ не хапае міхееўскай моладзі: - Мне вельмі падабаецца сучасная музыка і сучасныя танцы: брэйк-данс, тэктонік і многія іншыя, - кажа адзін з аўтараў ліста, Міхаіл Барысенка. - Але вось у чым незадача: педагога, каб вучыць мяне і маіх сяброў-дзяцей такім запатрабаваным харэаграфічным жанрам, у Міхееўцы няма. І, па словах намесніка дырэктара Дрыбінскага РЦК Святланы Трусавай, якая адказвае за клубную дзейнасць, такога выкладчыка няма не толькі ў самім Дрыбіне, а і ўвогуле ў раёне. Таму і даводзіцца хлопцам з Міхееўкі, Дрыбіна і не толькі займацца танцамі самастойна. "Дарэчы, менавіта спецыялістаў-харэографаў, а таксама акампаніятараў найперш і не стае ў раёне", - паведаміў Дзмітрый Пімашэнка. Не ўнікаючы ў падрабязнасці, хачу заўважыць таксама і тое, што паміж мясцовым і раённым кіраўніцтвам узнікаюць так званыя "местачковыя разборкі". Згадаю толькі адзін факт (балазе пра яго гаварылася ў лісцескарзе). Цытую: "У чэрвені 2009 года нашы малышы, удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці, прымалі ўдзел у раённым конкурсе "Таленавітыя дзеці" і занялі першае месца. [...] Усё было б добра, але, прымаючы ў падарунак вялізны торт, адна з удзельніц выказала пажаданне займацца ў нармальных умовах. Чакаючы аўтобус, усе абмяркоўвалі трыумфальную перамогу. У нашу кампанію, хаваючы слёзы, спяшалася далучыцца дырэктар Міхееўскага СДК. Тыя, хто старэйшыя, адразу зразумелі: Любоў С я р г е е ў н а а т р ы м а л а "наганяй" за н е а с ц я р о ж н а е выказванне ўдзельніцы". Як дадала да гэтых слоў маці аднаго з аўтараў ліста, "дзеці стаміліся ад такіх умоў існавання ў Доме культуры". - Здача аграгарадка - а, значыць, і Міхееўскага СДК - 31 кастрычніка- гэта толькі словы, - кажа адна з міхееўцаў Вера Карпенка. Адзначу, што з ейнай думкай пагадзіліся ўсе аўтары ліста. Міхееўцы прыводзілі такі красамоўны факт: пасля тэлефанавання карэспандэнта "К" начальніку аддзела культуры Іне Балаўнёвай, позна вечарам у вёску было прывезена каля 60 рулонаў руберойду для рамонту клубнага даху. І толькі ў той дзень, калі я прыехаў, пачаўся яго рамонт. Як лічаць мясцовыя жыхары, усё гэта "паказуха", бо дагэтуль ніякім рамонтам тут і не пахла. Калі б наша газета не адгукнулася на ліст, казалі мне яны, невядома, калі ўвогуле пачаўся б той рамонт. З радасным выразам твару дырэктар СДК падлічыла, што наша тэлефанаванне "каштавала" прыкладна паўтара мільёна рублёў: маю на ўвазе кошт рулонаў руберойду. Не магу не засяродзіць увагу на дадзеным факце. Сапраўды, чамусьці так дзіўна супала, што менавіта пасля тэлефанавання з Мінска хутка знайшоўся руберойд, хутка распачаліся рамонтныя работы. Напрыклад, у Расне, куды заехаў без папярэджання на наступны дзень і дзе таксама раённае кіраўніцтва плануе здачу аграгарадка і Дома культуры 31 кастрычніка (у пабудове 50-х гадоў ніколі не было капітальнага рамонту), аніякіх рабочых і пачатку рамонту не заўважыў. Мо сапраўды трэба было перад прыездам таксама патэлефанаваць? Што яшчэ? Камп'ютэр для якаснага правядзення дыскатэк супрацоўнікі Міхееўскага СДК прыносяць уласны, касцюмы для дзіцячых выступленняў яны таксама шыюць самі, за свае грошы купілі флаўэр і іншую светлавую апаратуру, каб хоць нейкім чынам дыскатэка нагадвала дыскатэку, а не танцы пад музыку з выключаным святлом. Часам нават даводзіцца прыносіць і свой камплект сцэнічнай апаратуры, калі праводзіцца справаздачны ці ўрачысты канцэрт, каб "выступіць на ўзроўні", - карацей, культработнікі сапраўды "хварэюць" за сваю справу. Ужо неаднойчы, як казалі, бывалі выпадкі, калі кавалкі тынкоўкі падалі на людзей - гурткоўцаў і супрацоўнікаў СДК. Пад час дажджоў вада проста ліецца са столі, і супрацоўнікам даводзіцца падстаўляць тазікі і анучы, каб вада не расцякалася па ўсёй зале, дзе ў гэты час танцуюць дзеці... - Як можна праводзіць дыскатэку на вільготнай падлозе? - задала мне рытарычнаепытанне настаўніца мясцовай школы Таццяна Брычыкава. - Павінны ж быць нейкія стандарты!.. А напрыканцы нашай гутаркі адбыўся, здаецца, кур'ёзны і смешны выпадак, які "годна" завяршыў і нашу размову, і пералік усіх бед міхееўцаў: па танцавальнай зале ў глядзельную ад дзвярэй няспраўнага санвузла прабегла мыш. Дзеці і супрацоўнікі расказалі, што бачаць такі "заапарк" не ўпершыню. Як кажа Любоў Сяргееўна, гэта сапраўды не адзінкавы выпадак. Да таго ж, часта ёй даводзіцца выносіць з няспраўнага санвузла і выпускаць на вуліцу і жаб. Што ні кажы, смех скрозь слёзы...

Кніжкі, якія не пахнуць друкарскай фарбай

 Завітаў і ў Міхееўскую сельскую бібліятэку, адрамантаваную сіламі мясцовай гаспадарчай групы аддзела культуры. Рамонт тут скончыўся ў ліпені, на яго пайшло каля 5 мільёнаў рублёў. Фонд гэтай бібліятэкі змяшчае амаль 10 тысяч кніг і часопісаў. Напрыканцы вясны тут былі ўсталяваны камп'ютэр, сканер, ксеракс і прынтэр, і цяпер самыя запатрабаваныя паслугі ў жыхароў Міхееўкі - паслугі Інтэрнета і ксеракопія. Раней, па словах бібліятэкара Таццяны Фаміной, установа выконвала план платных паслуг толькі дзякуючы выдачы часопісаў і энцыклапедый на дом. На жаль, няма камерцыйнага фонду, амаль адсутнічаюць паступленні новых кніг. Дарэчы, такая ж сітуацыя склалася і ў Расненскай сельскай бібліятэцы, якую наведаў пасля і дзе таксама ў гэтым годзе, дзякуючы той жа гаспадарчай групе аддзела культуры, прайшоў рамонт. Няма пакуль тут і аматарскага аб'яднання, хаця Таццяна Фаміна плануе яго адкрыць. Чытальная зала бібліятэкі невялікая - толькі два сталы з чатырма месцамі за кожным, а ў Міхееўцы, нагадаю, каля 1000 чалавек, 530 з іх запісаны ў якасці чытачоў. Па каментарыі звярнуўся да дырэктара Цэнтральнай раённай бібліятэкі і адначасова Дрыбінскай бібліятэчнай сеткі Тамары Салтанавай. - Сітуацыя з камерцыйным фондам і з новымі паступленнямі кніг - сапраўды далёкая ад ідэальнай. Камерцыйнага фонду няма ні ў адной бібліятэцы раёна. Так, напрыклад, калі штогадовае адлічэнне на папаўненне бібліятэчных фондаў не павінна быць меншым за 15 працэнтаў ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання бібліятэк, дык за першаепаўгоддзе спрацавалі толькі на 11 працэнтаў, ды і тое ў асноўным - за кошт газет і часопісаў. Новых кніг паступае вельмі мала. Сітуацыя сапраўды дзіўная. Між тым, бібліятэка - гэта таксама аб'ект дзяржаўнай ідэалогіі: ад таго, як там наладжана праца з жыхарамі раёна, залежыць і разуменне мясцовымі насельнікамі, у тым ліку, і дзяржаўнай культурнай палітыкі.

Праца... пры зачыненых дзвярах

 Пасля Міхееўкі, недзе а палове на шостую вечара, завіталі з Інай Балаўнёвай у вёску Трылесіна - аграгарадок мінулага года, дзе ўстановы культуры выглядаюць вельмі добра, а асабліва - Дом культуры. Вонкавы выгляд аграгарадка для перасяленцаў з шыкоўнай школай, Домам культуры, сталоўкай, вялікім гандлёвым цэнтрам і нават басейнам выклікаў сапраўднае захапленне. Такія б аграгарадкі - ды ў кожным рэгіёне Беларусі! Засмуціла толькі адно. Ні ў адной установе культуры нам не адчынілі дзверы: супрацоўнікаў не было на месцы, Дом культуры аказаўся зачынены. Як і мясцовая бібліятэка ды філіял Дрыбінскай мастацкай школы. Толькі на дзвярах першай знайшлі паперку, з якой вынікала: бібліятэкар - у адпачынку.

Спевы зніклых вёсак

 Яшчэ адну праблему хацелася б узняць у межах гэтага артыкула. Пра яе згадваў і на пачатку матэрыялу, яна, як падаецца, - актуальная і надзённая не толькі для перасяленцаў. Як вядома, многія з'ехалі з мясцін, унікальных па сваёй традыцыйнай культуры, забраўшы разам з хатнім скарбам таксама і духоўную спадчыну: песні, якія спявалі матулі, абрады і звычаі, на чым выхоўваліся пакаленні, мастацкія традыцыі, якія знікнуць толькі разам з іх носьбітамі. Зразумела, што захаваць гэты духоўны неацэнны скарб - найпершая задача тых культработнікаў, якія працуюць сярод перасяленцаў. Але, на жаль, цяпер у раёне няма такіх аўтэнтычных аб'яднанняў, якія захоўвалі б традыцыі сваіх малых радзім. Часам людзі з розных рэгіёнаў збіраюцца спяваць народную песню, якая па-рознаму гучыць на Краснапольшчыне, Чэрыкаўшчыне, Слаўградчыне і Дрыбіншчыне. Але ў міхееўскім хоры гучыць яна ў гэткім "усярэдненым" выглядзе, губляючы аўтэнтычную шчырасць. Тое самае датычыць абрадаў, асабліва - вясельнай традыцыі, якая ў кожным з названых рэгіёнаў - своеасаблівая. Як кажа намесніца дырэктара РЦК Святлана Трусава, звычайна ў такіх выпадках за ўзор бярэцца "больш прыгожая" традыцыя. Тое ж можна сказаць і наконт спеваў. Дык ці будзе такая "сумесная" творчасць выхадцаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны сапраўды адпавядаць традыцыі? Вельмі ў гэтым сумняваюся, бо пра ўзаемаўзбагачэнне і ўзаемапрасякненне рэгіянальных культур і гаворкі ніякай няма. Падаецца, што і тут таксама - недапрацоўка мясцовага аддзела культуры, які чамусьці не зацікаўлены ў стварэнні такіх творчых калектываў, куды б уваходзілі перасяленцы з аднаго рэгіёна. А гэтая праца магла б паспрыяць захаванню тых мясцовых традыцый, якія знікнуць праз пэўны прамежак часу разам з тымі бабулямі, якія яшчэ памятаюць матчыну песню. Не кажу ўжо пра тое, што такая багатая фальклорная "палітра" Міхееўкі магла б стаць сапраўдным дрыбінскім феноменам і мастацкай "фішкай" рэгіёна... *** На дыскатэку мінулай пятніцай у Міхееўскі СДК не прыйшло ніводнага чалавека: цяпер жыхары ходзяць на танцы звычайна ў Дрыбін. І добра, калі ёсць транспарт у адзін бок. Бо позна ноччу трэба вяртацца дадому пешшу, а гэта, нагадаю, 7 доўгіх кіламетраў шпацыру пры любым надвор'і! Зразумела, дзяўчаты з аграгарадка так далёка не пойдуць і звычайна сядзяць па дамах. Калі я з'язджаў з Дрыбінскага раёна, якраз пачынаўся дождж. Зноў будуць лужыны ў Міхееўскім СДК, зноў будуць стаяць вёдры і анучы. А значыць, і дыскатэка ў суботу - пад вялікім пытаннем.... І яшчэ раз нагадаю, што гаворка ідзе пра людзей, якія перасяліліся з забруджаных радыяцыяй тэрыторый. Клопат пра іх, належнае культурнае абслугоўванне - неабходны і неаспрэчны складнік дзяржаўнай ідэалогіі і палітыкі. Забываць пра тое не варта. Нават у неспрыяльных эканамічных умовах. Хаця закупіць якасную апаратуру і зрабіць капітальны рамонт будынка Міхееўскага СДК можна было яшчэ задоўга да эканамічнага крызісу. А працаваць міхееўскія культработнікі ўмеюць. Доказам гэтаму - і іхні клопат пра сваіх навучэнцаў, і нават ліст у нашу рэдакцыю, як апошняя надзея на дапамогу. Галоўнае - каб іх скаргі пачула і раённае кіраўніцтва. Спадзяёмся, што так і будзе. І, зразумела, абавязкова стэлефануемся з Дрыбінскім райвыканкамам 31 кастрычніка.

Мінск - Дрыбінскі раён - Мінск

Фота аўтара  

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"