З Азоўскага ўзбярэжжа

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Адразу з некалькімі ўзнагародамі вярнулася беларуская дэлегацыя з ХІІ Міжнароднага кінафестывалю ў Бярдзянску, які праходзіў на ўзбярэжжы Азоўскага мора з 28 жніўня па 3 верасня. Па выніках кінафоруму беларускія стужкі былі адзначаны ва ўсіх конкурсных праграмах.

Стужка дакументаліста Мікалая Князева "Калі мне было восем гадоў" была прызнана лепшай і атрымала прыз "Залатая Брыганціна" ў конкурсе кароткаметражных дакументальных стужак. У конкурсе поўнаметражных ігравых стужак прыз "За лепшае выкананне жаночай ролі другога плана" ў карціне Рэнаты Грыцковай "Інсайт" дастаўся мінскай актрысе Вользе Івановай. Вялікі глядацкі поспех мела тэлевізійная карціна Андрэя Голубева "Крапавы берэт". Яна была ўзнагароджана дыпломам "За падтрымку патрыятычнай тэмы". Уладальнікам Гран-пры фестывалю - "Залатой Брыганціны" за лепшую ігравую стужку - сталі турэцкія кінематаграфісты з карцінай "JANJAN". Журы ігравога конкурсу сёлета ў Бярдзянску ўзначальваў народны артыст Украіны Барыс Саўчанка.