“Белавежа” і Белая вежа

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры прымеркавала мастацкі пленэр “Белавежа-2009” да 600годдзя запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы.

 /i/content/pi/cult/226/3011/9-5.jpg
 В.Касцючэнка. “Белавежская пушча”.

 17 жніўня ў вёску Каменюкі пачалі з'язджацца вядомыя мастакі з розных куткоў Беларусі. Прыехаў госць з Польшчы - Лукаш Левандоўскі. Цягам 10 дзён 15 мастакоў і графікаў мелі магчымасць адлюстроўваць на палотнах прыгажосць нашага запаведнага краю. Каб знайсці непаўторныя краявіды, трэба было выязджаць у глыб Пушчы, таму што там яшчэ захаваўся дзівосны лес у сваёй спрадвечнай красе. Але некаторыя мастакі знаходзілі нешта асаблівае і непасрэдна ў вёсцы Каменюкі, а шмат хто прасіў адвезці іх у Камянец, да Белай вежы. Заключным момантам мастацкага мерапрыемства стала выстаўка карцін, якая адбылася ў гасцінічным комплексе вёскі. Палотны былі выстаўлены ўздоўж сцен па абодвух баках ад галоўнага ўвахода ў будынак. Але гэта былі не ўсе работы: выстаўка мела працяг і ў памяшканні гасцініцы. Усе палотны - па-свойму непаўторныя, адлюстроўваюць не толькі хараство белавежскай прыроды, але і ўнутраны свет мастакоў. Дарэчы, не ўсе з удзельнікаў пленэру - мастакі ці графікі: сюды прыехаў і скульптар - Аляксей Сарокін. Увазе публікі ён прадставіў эскізы помніка невядомаму жаўнеру, які загінуў у 1831 годзе. На ягонай магіле ў цяперашні час стаіць звычайны драўляны крыж. Аляксей выставіў і некалькі чорна-белых малюнкаў, прызнаўшыся, што яму вельмі цяжка было перадаць прыроду менавіта праз гэты від мастацтва, бо ён прывык працаваць з іншымі матэрыяламі. Мясцоваму Музею прыроды кожны мастак падарыў па палатне. А ў перспектыве ўсе створаныя ў Белавежскай пушчы карціны чакаюць выставачныя залы Брэста.

 Наталля КАНДРАШУК

Дзяржынск