Легенды і ява Лошыцы

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

“Даўно мы не былі ў Лошыцы!..” З гэтых здзіўленых слоў пачаўся шпацыр карэспандэнтаў “К” па знакамітым парку — адным з нешматлікіх месцаў Мінска, дзе гісторыя горада — навідавоку і ўяўляецца непарыўным цэлым з яго явай. За апошнія месяцы тут зроблена столькі, што гэтыя мясціны не пазнаць. А неўзабаве на галоўнай алеі павінны запаліцца ліхтары, стылізаваныя пад ХІХ стагоддзе: першы этап другой чаргі рэканструкцыі парку павінен быць здадзены ўжо напрыканцы верасня.

 /i/content/pi/cult/226/3006/7-5.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3006/7-2.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3006/7-3.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3006/7-4.jpg
 
/i/content/pi/cult/226/3006/7-1.jpg

- Экскурсію па парку я пачаў бы з гэтага дуба, што стаіць на пакручастым беразе Свіслачы, - распавядае дырэктар Лошыцкай сядзібна-паркавай гаспадаркі Анатоль Аўдзевіч. - Як бачыце, сцяжына да яго не зарастае. Гэта дрэва, да якога імкнуцца закаханыя. Дубу не меней чым два стагоддзі. Ён заспеў некалькіх гаспадароў сядзібы. Пабыў сведкам яе заняпаду. А цяпер мае прычакаць адраджэнне. Прывідную постаць пані Ядвігі Любанскай нам убачыць не давялося, хаця, кажуць, часам яна з'яўляецца ў поўню. Прысадамі парку шпацыравалі рэальныя, жывыя людзі. Непадалёк ад увахода прыкмецілі маладую сям'ю, што вывучала карту-схему тутэйшых сцяжынак. Калі яны даведаліся, для якога выдання робіцца фота, мы пачулі прыемную для сябе фразу: "О, дык мы ж вас выпісваем!". Аказалася, што маці працуе выкладчыкам у музычнай школе. За некалькіх соцень метраў адтуль пяцігадовы хлопчык Стас гуляўся на поплаве, пакуль ягоны дзядуля Аляксандр Сяргеевіч працаваў на трактары. - Малы запатрабаваў, каб я ўзяў яго з сабой на працу,- патлумачыў ён. - І сапраўды, паветра тут, мусіць, самае лепшае ў Мінску... Трактар асцярожна каціўся па алейцы, імкнучыся не зачапіць зялёную зону. Напрыканцы верасня ў парку распачнецца высадка новых дрэў - аднаўленне яго колішняга дэндралагічнага складу. - Пасадку, а тым болей, - знясенне кожнага дрэва тут трэба ўзгадняць з навуковым кіраўніком і іншымі службамі, - распавядае Анатоль Аўдзевіч. - Дарэчы, неўзабаве для самых цікавых узораў дэндралогіі будзе забяспечана адмысловая падсветка. Рэканструкцыя парку мае завяршыцца ўжо ў наступным годзе. У палацы адкрыецца музей гісторыі сядзібы, з'явіцца там і невялічкая кавярня. У парку паўстане новая пляцоўкадля масавых святаў- летні амфітэатр. З'явяцца футбольнае поле, валейбольная пляцоўка, тэнісныя корты... Па перыметры пройдзе веладарожка. Яна тут будзе дарэчы - асабліва калі прыгадаць, што колішні гаспадар сядзібы Яўстафій Любанскі быў прапагандыстам і папулярызатарам адной з найвялікшых вынаходак ХІХ стагоддзя - веласіпеда. Амаль завершаны ўжо работы ўздоўж набярэжнай. Цяпер яе зноў можна назваць добрым узорам ландшафтнага дызайну. Мінчане гэта ацанілі. Людзей у парку прыкметна паболела. - Сёння ў гараджан ужо іншы падыход да побытавай культуры, папраўдзе еўрапейскі, - распавядае Анатоль Аўдзевіч. - Тыя, хто ладзіць тут пікнікі, зазвычай збіраюць усё смецце і выносяць яго паза межы парку. Раней такіх завядзёнак не было. Гаспадарчыя пабудовы, якія колісь належалі да сядзібы, а сёння стаяць у руінах, неўзабаве маюць быць закансерваванымі. А праз нейкі час у іх адкрыецца грамадска-гандлёвы цэнтр. Калісьці Лошыца была па-за межамі Мінска. Цяпер горад яе даўно ўжо "паглынуў". Аднак гэты куток па-ранейшаму дазваляе жыхарам мегаполіса вырвацца з яго імклівых рытмаў ды адпачыць у цішыні. І хочацца верыць, што рэканструкцыя толькі паспрыяе гэтай магчымасці.

Фота Юрыя ІВАНОВА