Захаваюць і адновяць

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Два аб’екты былі ўключаны нядаўна ў Спіс гісторыкакультурнай спадчыны Беларусі: рэшткі былога СвятаМікалаеўскага сабора ў Віцебску і калядны абрад “Шчадрэц” вёскі Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Адпаведную пастанову прыняў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым паведаміла загадчык сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

На падставе нядаўняга пагаднення Беларускай рэспубліканскай навуковаметадычнай рады па ахове гісторыкакультурнай спадчыны ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцей нашай краіны плануецца ўключыць яшчэ два абрады, якія захаваліся ў Гродзенскай вобласці: гэта "Юр'я" вёскі Ахонава Дзятлаўскага раёна і "Котчынская кадрыля" вёскі Котчына Мастоўскага раёна. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела культуры горада Віцебска Пятра Падгурскага, "рэшткі Свята-Мікалаеўскага сабора - адна з дамінант, на якую абавязкова патрэбна было звярнуць увагу. Храм вянчаў Саборную плошчу (цяпер - плошча Свабоды), а непадалёк ад яе знаходзіцца Благавешчанская царква. Два найстаражытнейшыя помнікі гісторыі і культуры звязвала вуліца Замкавая. Адраджэнне сабора - важная падзея для ўзнаўлення гістарычнага выгляду горада: храм стане новым турыстычным пунктам, накладзе адбітак і на духоўнае жыццё Віцебска". Сабор пабудуюць па эскізах архітэктараў, якія абапіраліся на першапачатковыя чарцяжы і старадаўнія дакументы. На яго ўзвядзенне мяркуецца выдаткаваць сродкі з абласнога бюджэту. Пётр Падгурскі паведаміў, што гэта адзін з шэрагу старадаўніх будынкаў, якія аднаўляюцца ў Віцебску. Нядаўна адкрыла дзверы адбудаваная Свята-Уваскрасенская царква, а праз некаторы час завершацца работы ў Свята-Успенскім кафедральным саборы.