Раман МАТУЛЬСКІ: "Смартфон не заменіць кнігу!"

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Горад адметны актыўнымі жыхарамі, а ўстанова — ініцыятыўнымі работнікамі. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман МАТУЛЬСКІ на ўрачыстым святкаванні Дня горада ў Вялікім тэатры оперы і балета атрымае званне “Мінчанін года”. А 15 верасня спецыялісты адзначаць Дзень бібліятэк. Што ні кажыце, нагод для сустрэчы карэспандэнта “К” з Раманам Сцяпанавічам, каб пагутарыць пра галоўную бібліятэку краіны і асобу яе кіраўніка, дастаткова.

/i/content/pi/cult/226/3003/6-1.jpg

Адставанне - пераадольнае?

 - Атрымаць пачэснае званне было нечаканасцю. Гэта заслуга не мая, а ўсяго калектыву, тых больш чым 1300 супрацоўнікаў, якія кожны дзень працуюць у бібліятэцы на карысць чытачоў і турыстаў. Я лічу, што атрымаў пацвярджэнне важнасці нашай установы ў жыцці горада. Не толькі гарадскія ўлады, але і эксперты многіх краін свету адзначылі нашу Нацыянальную бібліятэку. У тэхналагічным плане яна з'яўляецца самай сучаснай, камп'ютэрызаванай, інфармацыйна забяспечанай на постсавецкай прасторы. Па стане электронных рэсурсаў мы з'яўляемся вядучымі ў Еўропе: такую колькасць магчымасцей для чытачоў далёка не заўжды знойдзеш. Па гэтых пазіцыях мы - на верхняй прыступцы рэйтынгу. Калі звяртаць увагу на знешні выгляд, то наш будынак увайшоў у "Топ-50 самых незвычайных будынкаў свету". На бібліятэчнай карце Еўропы вылучаюць два "дыяменты": чорны - у Даніі і дыямент чыстай вады - у Беларусі. І гэта вельмі ганарова.

- Гэта - пра апратку, па якой сустракаюць. А калі падрабязней пра фонды?

 - Варта ўлічыць, што бібліятэка вельмі маладая: яна была заснавана ў 1922 годзе. Так-так, для ўстаноў са статусам "нацыянальны" гэта вельмі юны ўзрост: некаторыя з падобных за мяжой налічваюць некалькі стагоддзяў! Напрыклад, бібліятэка Кангрэса ЗША мае 130 мільёнаў кніг, Нацыянальная бібліятэка Велікабрытаніі - за 300, у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы - каля 40 мільёнаў. Тыя багатыя калекцыі немагчыма параўнаць з нашымі, бо пад час войнаў мы згубілі велізарную колькасць кніг. Штогод наша ўстанова папаўняе фонды прыблізна на 300 тысяч экземпляраў, і чытачы наўрад ці адчуваюць недахоп у розных відах літаратуры. У тым ліку - па культуры і мастацтве.

- Шматлікія міжнародныя канферэнцыі і сімпозіумы, у якіх вы ўдзельнічаеце, пэўна, даюць магчымасць "трымаць руку на пульсе" і ведаць, чым жывуць бібліятэкі свету?

- Так, шмат аб чым я даведваюся на такіх мерапрыемствах і пасля імкнуся рэалізаваць засвоены вопыт на радзіме. Апошняя рабочая сустрэча адбылася ў Мілане: я прысутнічаў на генеральнай канферэнцыі IFLA - Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў, куды ўваходзяць амаль 145 краін-удзельніц. Мы ўсе розныя, але ў нас ёсць і агульныя цяжкасці. У свеце існуе праблема інфармацыйнай няроўнасці паміж цэнтрам і правінцыяй. Гэтая тэма шырока абмяркоўваецца ўсюды, і мы неабыякавыя да яе. Першы крок на шляху да пераадолення адставання рэгіянальных бібліятэк ад нацыянальнай- стварэнне электронных выданняў, якія можна набыць і карыстацца імі ва ўстановах рэгіёнаў. Адзін дыск змесціць шмат папяровых тамоў, сюды можна дадаць і мультымедыйную інфармацыю: музыку, відэа, фотаздымкі. На нашым сайце ёсць віртуальная чытальная зала, і яна адкрыта ў 36 бібліятэках краіны. Цэнтр прававой інфармацыі дае магчымасць жыхарам аддаленых рэгіёнаў знайсці адказ на складаныя пытанні без дапамогі юрыста. Электронны каталог даступны для карыстальнікаў Інтэрнета ва ўсім свеце. Жыхар любога горада нашай краіны можа загадзя заказаць кнігі. Трэба паляпшаць таксама каналы сувязі, каб патрэбная інфармацыя не загружалася на камп'ютэры вясковай бібліятэкі цягам паўгадзіны.

 Прававая аснова і "жалезкі"

 - Перавядзенне кніг у электронны фармат у нас ужо праводзіцца, тэхналагічныя магчымасці для гэтага існуюць. На што патрэбна пераключыць намаганні, каб рухацца далей?

 - Важны прававы аспект у стварэнні выданняў на дысках. Выпрацавана сумеснае рашэнне аб тым, што бібліятэкам дадуць выключнае права на стварэнне электронных копій у межах заканадаўства. Кнігі ў Інтэрнеце публікуюцца паза межамі закону, а наша задача як дзяржаўнай установы - уважліва ставіцца да аўтарскіх правоў. У Нацыянальнай бібліятэцы - ужо каля 60 тысяч дакументаў у электронным выглядзе, якія даступныя для карыстальнікаў: рэдкія старадрукі, газеты, часопісы (каля 150 выдавецтваў маюць кантракт з намі), дысертацыі, аўдыёвізуальныя дакументы. Многія вытворцы друкаванай прадукцыі асцерагаюцца таго, каб іх кнігі ці перыядычныя выданні былі даступныя ў такім фармаце, бо гэта стане прычынай таго, што людзі перастануць карыстацца папяровымі версіямі. Маштабы развіцця электронных фондаў стрымліваюцца і неабходнасцю вялікіх сродкаў для гэтага.

 - Але ці не зменшыцца ўвага да кнігі з улікам вынаходніцтваў сучаснасці?

 - Знікненне кнігі прагназавалі 150 гадоў таму, у мінулым жа стагоддзі пра гэта казалі ўпэўнена. Калі людзі чытаюць іншым спосабам, нельга сцвярджаць, што чытальнасць змяншаецца. Я больш чым упэўнены, што папяровая кніга праіснуе не адно стагоддзе і будзе выконваць сваю функцыю: зручнейшага спосабу захоўваць інфармацыю няма. Любая з "жалезак" ці "пластмасак" можа ў любы час зламацца. А папяровае выданне праслужыць значна больш часу, чым любая флэшка ці дыск, на якія нашы паслядоўнікі праз дзесяць гадоў будуць глядзець, як мы - на выкапні з мінуўшчыны. Пагадзіцеся, мастацкую літаратуру больш чытаюць у традыцыйным выглядзе, зручнейшым для вачэй. Як вучоны я давяраю толькі друкаваным крыніцам: гэта аўтарытэтная, правераная інфармацыя. У той жа час, нельга імкнуцца затармазіць развіццё цывілізацыі дзеля высакародных мэт. Я зусім не супраць, каб кнігу чыталі з экрана камп'ютэра, тэлефона, "надалонніка", - спосаб не мае значэння. Пастаянна карыстаюся сваім смартфонам, ён мне дапамагае аператыўна знайсці патрэбныя звесткі, але гэта даведачная інфармацыя, а не мастацкая. І кнігу сучасныя сродкі ніколі не заменяць.

Малады актыў НББ

- Раман Сцяпанавіч, раскажыце, калі ласка, якая літаратура цікавіла вас раней, і якую чытаеце сёння?

 - На мяне ў свой час паўплываў Марк Твен, з захапленнем чытаў Алеся Адамовіча, яшчэ асабліва падабаўся ў юнацкія гады адзін з пачынальнікаў савецкай навукова-папулярнай фантастыкі - Аляксандр Бяляеў. У вольны час я і цяпер люблю чытаць добрую фантастыку і гістарычныя раманы.

- Вядома, што ў бібліятэцы рэгулярна праводзяцца выстаўкі сучаснага мастацтва. Ці заўжды яны адпавядаюць вашаму ўласнаму густу?

 - Калі мы распрацоўвалі галоўную канцэпцыю бібліятэкі як сацыякультурнага цэнтра, вырашылі, што яна павінна выконваць не толькі прагматычную функцыю, але і працаваць для адпачынку, для душы. Элементамі гэтай работы можна лічыць і мастацкія творы, якія ўвайшлі ў аздабленне будынка, а яны пераважна традыцыйныя па сваім стылі. Мы ведаем, што асноўная маса наведвальнікаў кожнай бібліятэкі - гэта моладзь, самая дапытлівая частка грамадства. І ў першую чаргу пры стварэнні экспазіцый арыентуемся на маладых людзей, на тое, што ім можа быць цікава. Мы прадстаўляем мастацтва руху, пошуку, бо хочам адпавядаць патрабаванням часу. У большасці сваёй, тут адбываюцца міжнародныя экспазіцыі, біенале сучаснага мастацтва. Калі сфармуляваць мае густы як звычайнага чалавека, то я прыхільнік таго, што можна назваць класічным жывапісам: люблю рэалістычныя пейзажы, блізкія да фатаграфіі. Але ўласны густ не павінен перашкаджаць мне выконваць абавязкі дырэктара такой установы.

150 тысяч турыстаў на год

 - У сценах будынка НББ адбываюцца сустрэчы на самым высокім узроўні. Прыгадайце, калі ласка, тую, якая падаецца вам самай значнай.

 - Ранжыраванне праводзіць вельмі складана і нават немагчыма, таму што кожная канферэнцыя, сход, сімпозіум маюць вагу і з'яўляюцца непаўторнымі. З таго, што запала ў душу,- апошні візіт Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II. Увесь духоўны свет рэгіёна быў тут: кіраўнікі епархій, навукоўцы, вернікі. Гэта была знамянальная падзея для Беларусі, бібліятэкі і для мяне асабіста. Калі меркаваць па прысутнасці тут асоб, якія займаюць высокія пасады, то прыгадаю Саміт на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, калі ў сценах гэтага будынка прысутнічалі 11 прэзідэнтаў краін СНД. Праводзіць такія мерапрыемствы - ганаровая місія і вялікая адказнасць для нас.

- Ведаю, што бібліятэка - гэта цэнтр адукацыі, культуры. А Нацыянальная прапаноўвае яшчэ і нешта іншае, унікальнае...

- Так, наша ўстанова існуе не толькі для розуму, душы, але і для цела. Ні ў адной падобнай няма глядзельнай пляцоўкі на такім узроўні вышыні, мы маем таксама прыбор набліжэння, роўных якому няма ў Беларусі. У нас ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Імкнёмся шукаць"разыначкі", быць арыгінальнымі. За год нас наведвае прыкладна 150 тысяч турыстаў - не кожны турыстычны комплекс можа ганарыцца такімі лічбамі. Сродкі ад гэтых паслуг ідуць на набыццё ксераксаў у чытальныя залы, на іншую неабходную тэхніку і кнігі.

- Праца ў НББ, пэўна, вымагае сучасных ведаў як ад вас, так і ад усіх супрацоўнікаў?

- На працягу ўсёй маёй работы мяне суправаджае камп'ютэр, паколькі справаводства і кіраванне ўстановай у нас ажыццяўляецца ў электронным выглядзе. Ім я карыстаюся вельмі даўно: асвоіў яго яшчэ на досвітку сваёй кар'еры - у аспірантуры Інстытута культуры ў канцы 1980-х. Тады камп'ютэры толькі з'яўляліся. Таму мяне можна лічыць кваліфікаваным карыстальнікам. Патрабаванні ж да нашых супрацоўнікаў даволі высокія: вышэйшая спецыяльная адукацыя, уменне карыстацца шматлікімі праграмамі ў бібліятэчнай справе ці быць у стане іх засвоіць. Калі гэта спецыялісты "на абслугоўванні"- аддаём перавагу тым, хто ведае некалькі замежных моў, каб знайсці ў базах даных дакументы на англійскай, нямецкай, французскай. І абавязкова- прыемная ўсмешка! Калі станеш на адну прыступку вышэй, пабачыш нашмат больш, чым раней, - захочацца ведаць яшчэ болей. Думаю, што нашым чытачам, якія маюць такія магчымасці доступу да інфармацыйных рэсурсаў, захочацца заглянуць і далей, бо працэс самаадукацыі - бясконцы!

Фота Юрыя ІВАНОВА