“Зямля пад белымі крыламі”

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам і Мазырскі гарвыканкам сталі ініцыятарамі, заснавальнікамі гэтага вялікага свята на Палессі. Дзеці з Расіі, Украіны, Малдовы, Балгарыі, Кыргызстана, Казахстана, Латвіі, Эстоніі, Літвы і з розных куткоў Беларусі прыехалі ў старажытны Мазыр, каб паказаць свае песні і танцы, паўдзельнічаць у конкурсах, павучыцца і парадаваць жыхароў горада, які ўжо, бадай, прызвычаіўся да гэтага вясёлага фэсту, што адзначыў свой першы юбілей, — пяцігоддзе.

 /i/content/pi/cult/114/300/Zyamlya-pad-belymi-krylami.jpg
Кветкі і песні
 

Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам і Мазырскі гарвыканкам сталі ініцыятарамі, заснавальнікамі гэтага вялікага свята на Палессі. Дзеці з Расіі, Украіны, Малдовы, Балгарыі, Кыргызстана, Казахстана, Латвіі, Эстоніі, Літвы і з розных куткоў Беларусі прыехалі ў старажытны Мазыр, каб паказаць свае песні і танцы, паўдзельнічаць у конкурсах, павучыцца і парадаваць жыхароў горада, які ўжо, бадай, прызвычаіўся да гэтага вясёлага фэсту, што адзначыў свой першы юбілей, — пяцігоддзе. Кветкі і песні Горад — у квецені! Усе мазырскія пагоркі — у белых і бэзавых аблачынках вясновай квецені. Побач з маім гасцінічным нумарам маленькая дзяўчынка пранізліва спявае блюз. Рэпетыцыя. Мы яшчэ не знаёмы са спявачкай…
 /i/content/pi/cult/114/300/Zyamlya-pad-belymi-krylami2.jpg
А ў вестыбюлі танцуюць “Лодачку” дзеці з латвійскага мястэчка Краслава, што за 30 кіламетраў ад Верхнядзвінска. Ліге Паулыне ўсяго 11 гадоў, яна пяцікласніца, але ўжо разумее стыль “Лодачкі”. Касцюмы для выхаванцаў кіраўнік ансамбля Валда Тымуле рыхтуе сама, стыль і колер адпавядаюць традыцыям іх мясцовасці: вязаныя гетры, скураныя чуні, на арнаментах сарочак і спаднічак — абавязковыя чырвоныя тоны.
Ліга на фоне ярка-чырвоных цюльпанаў, якіх для ўдзельнікаў фестывалю мноства нават тут, у гасцініцы, паказвае сваё “па”. Гэта вельмі прыгожы танец. Латышы яшчэ не выконвалі “Лодачку” на конкурсе, а я ўжо стала іхняй і балельшчыцай, і прыхільніцай.
Гэта вельмі кранальнае відовішча, калі спяваюць і танцуюць дзеці. Усе таленавітыя, радасна-ўсмешлівыя. У гэтым шчаслівым карагодзе дзяцінства маладзее сівы Мазыр.
Лігу Паулыне хвалюе не толькі будучы конкурс. Хутка ёй давядзецца выбраць, якую дадатковую мову вывучаць у школе, апрача роднай латышскай, — рускую ці нямецкую. Схіляецца да рускай. Родныя таксама падтрымліваюць яе. Дый “Лодачка” падобная ў чымсьці галоўным на славянскі народны танец. Напэўна, сваёй пяшчотаю…
Выбар конкурснага танца, выбар мовы — гэта выбар лёсу, лініі жыцця. 374 таленты з 10-ці краін прыехалі ў Мазыр. Толькі з Гомельшчыны — 130 чалавек. Гарадскія і вясковыя носьбіты розных моў, яны цудоўна разумеюць адну мову мастацтва, музыкі, дружбы… У конкурсе прымаюць удзел артысты трох узроставых груп: з 5 да 9 гадоў, з 10 да 13, з 14 да 17 гадоў.
 /i/content/pi/cult/114/300/Zyamlya-pad-belymi-krylami1.jpg
Мазыране рассялілі дзятву па ўсім горадзе. Фестывальны дзень досыць шчыльны. Рэпетыцыі, конкурсы, а вечарам — абавязковыя канцэрты для гараджан. І, натуральна, шматлікія экскурсіі. Хтосьці паспеў наведаць стылізаваны замак, каб пасядзець на старой гармаце. Камусьці запомнілася ў адыходзячым разводдзі наравістая Прыпяць. А хтосьці зачараваўся квітнеючымі пагоркамі, старадаўнімі ярамі, дзе калісьці стаялі тумэны Батыя…
— Я прыйшоў працавацьу гарвыканкам у першы год правядзення фестывалю, — распавёў цяперашні намеснік старшыні гарвыканкама Фелікс Галюк, а тады — загадчык аддзела культуры. — Ініцыятыва зыходзіла ад кіраўніка цэнтра “Палеская зорачка” Алены Рудэнка і дзяцей, якія вывучаюць тут і харэаграфію, і вакал. Да “Зямлі пад белымі крыламі” яны “фестывалілі” ў Польшчы, Францыі, Германіі. Усё лепшае з гэтых конкурсаў выкарысталі ў час падрыхтоўкі да мазырскага фэсту.
— Фестываль красавіцкі, ці не звязана гэта з Чарнобылем?
— Канешне, — пацвярджае Фелікс Фёдаравіч. — Наша “дзіцячае Палессе” танцуе-спявае пра ўсё… Яно — жывое! Таму эмблемай фестывалю і стаў белы бусел, любімая родная птушка, сімвал шчаслівай Радзімы. Фестываль — не толькі нагода для чаканых сустрэч. Перш за ўсё — гэта пошук новых талентаў. Так, ёсць у нас пэўны фестывальны досвед. Менавіта “Зямля пад белымі крыламі” дала пуцёўку ў спеўнае жыццё Волі Сацюк, Ягору Фарашчану, Насці Някрасавай, Волі Бычкоўскай, якіх цяпер добра ведаюць і за межамі Беларусі. Фестываль стаў прыступкай у творчым развіцці нашых землякоў Ягора Ваўчка, Ксені Сітнік, Андрэя Кунца, якія цудоўна паказалі сябе на “Еўрабачанні”…
Я пераканалася, што кожны ўдзельнік фестывалю, з якой бы краіны ні паходзіў, у Мазыры — свой, аблашчаны, нават калі не стаў лаўрэатам, не атрымаў Гран-пры. Было прыемна даведацца, што дзіцячае свята — некамерцыйнае, што спонсарам яго сталі ўсе гарадскія прадпрыемствы.
Некалькі дзесяткаў мільёнаў рублёў уклалі мазыране ў фестываль
 /i/content/pi/cult/114/300/Zyamlya-pad-belymi-krylami4.jpg
“Зямля пад белымі крыламі”. Да таго ж, кіраўнікі прадпрыемстваў прадаставілі бясплатна цудоўныя залы ў палацах культуры для правядзення конкурсных адбораў і канцэртаў, устанавілі свае прызы. Дырэктар кандытарскай фабрыкі ААТ “Чырвоны Мазыранін” Алена Касуха, апрача ўручэння прыгожых прызоў, у час канцэрта проста на сцэне частавала яго ўдзельнікаў цукеркамі.
У Мазыры стала добрай традыцыяй запрашаць на чарговы фестываль лаўрэатаў і пераможцаў фестываляў папярэдніх. Мазырскія шчодрыя “зорачкі” дапамагаюць маладым удзельнікам “Зямлі пад белымі крыламі”. Дзеці з Кыргызстана і Казахстана ехалі ў Мазыр па 6 сутак, іх не палохала адлегласць, бо фестываль становіцца ўсё больш прэстыжным. І журы заўсёды самае прадстаўнічае. Старшынёй яго стаў мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, прафесар, народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі. Яму дапамагалі мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, народны артыст рэспублікі Леанід Захлеўны, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Святлана Стацэнка, дырэктар Усеўкраінскага фестывалю дзіцячага і юнацкага песеннага мастацтва “Крышталёвы жаўранак” Сяргей Міханчук, заслужаны дзеяч культуры Расіі, харэограф Алена Цімафеева… Нават ім, знакамітым, было цяжка адабраць лепшых з лепшых. Нацыянальны каларыт, самабытнасць, адкрытасць, яркі тэмперамент кожнага ўдзельніка фестывалю ўражвалі. Гледачы пыталіся ў мяне: “Які ваш прагноз? Хто пераможа?”. Не рызыкнула прагназаваць, хоць “хварэла” і за латышскую “Лодачку”, і за Мішу Лілу, і за Волю Запашную, і за Санжара Смакава, самага маленькага ўдзельніка фэсту з яго “Джазменам”.Цікава, што ўсе тры канцэрты, гадзіны па дзве кожны, былі платныя. Мазыране да гэтага прызвычаіліся. Разумеюць, што гэта падтрымка, павага да дзяцей, якія выступаюць на правах “заслужаных артыстаў”!
Уразіла і рэжысура фестывалю — і ў арганізацыйным, і ў творчым сэнсах. Людміла Паніна, якая не першы год кіруе гэтай дзеяй, усёй рэжысёрска-пастановачнай групай, хоць і стамілася “дырыжыраваць”, але была шчаслівая: нідзе ніводнага збою, ніводнага праколу, усё натуральна. Ёй дапамагалі галоўны харэограф — Аляксандр Зенчанка і галоўны мастак — Мікалай Дуброва, спецыялісты дасведчаныя і шырока вядомыя.
— Многія ўдзельнікі адшукалі фестываль па Інтэрнеце, — паведала мне Ірына Міронычава, начальнік аддзела культуры Мазырскага гарвыканкама. — На нашым сайце мы размясцілі звесткі аб гісторыі “Зямлі пад белымі крыламі”, фестывальны гімн, галерэю ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Лаўрэатам у нас можа стаць кожны, нават жыхар самай аддаленай і маленькай вёсачкі. Узгадваю, як мы адкрылі на другім фестывалі Насцю Някрасаву з вёскі Зашыр’е Ельскага раёна, — цяпер яна заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. “Зямлю пад белымі крыламі” можна параўнаць, бадай, толькі з фестывалем “Залатая пчолка” ў Клімавічах.
— Хацелася б пашырыць конкурсныя намінацыі фестывалю, — працягваў Фелікс Галюк. — Веру, што будзем хутка вызначаць лепшых у народнай і мастацкай творчасці.
Кожны з удзельнікаў фестывалю імкнецца стаць годным стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Але ёсць яшчэ аналагічныя абласныя фонды і фонды асобных гаспадарак.
 

Дзяўчынкі “захапілі” фестываль?

— Прыйшла ў Мазыр пешшу з вёскі Новікі, — прызнаецца мне ў зале Антаніна Цімафееўна Місонава. — Як не паслухаць праўнучку? Крысціне ўсяго 12 гадоў, але спявае
цудоўна. Ужо выступала ў Германіі. А яе дзядуля Міхаіл Русецкі шмат гадоў спяваў у вядомым ансамблі “Явар”… Прабабуля шчаслівая. І сама як дзяўчо выглядае.
Да нас падыходзіць кіраўнік “Явару” Віктар Смоляр:
— Шмат новага на фестывалі. Рады, што мазыране задаюць тон. Палешукі добра адчуваюць і рускія мелодыі, і ўкраінскія. А “Явар” наш заўжды адкрыты для дзяцей. Свае песні і танцы хутка будзем паказваць у Польшчы…Усе — і на сцэне, і ў зале — шчаслівыя і разняволеныя. І вось што цікава: дзяўчынкі “захапілі” фестываль, прынамсі, у вакале.
— Гэта традыцыйна, — паведаміў Міхась Дрынеўскі. — Дзяўчынкі больш актыўныя… Вельмі рады, што фестывальная геаграфія пашыраецца. Усё, што адбываецца ў Мазыры, нагадвае маё дзяцінства ў сяле Тонеж пад Туравам. Салаўіны бераг! Вельмі шмат таленавітых дзяўчынак, але і хлопчыкі імкнуцца не адставаць, хоць іх і малавата. Мы слухаем песні— і народныя, і эстрадныя. Рэпертуар, аказваецца, падбіраецца з асаблівай стараннасцю. Улічваюцца і вакал, і касцюм, і ўменне трымацца стыльна. Мяне ўразіла песня “Дождж”, якую выканала Насця Пятроўская з Мазыра. Не горш праспявала сваіх “Жабак” і Ліза Афанасьева з Расіі. А як прывабна выглядала Таня Бярозкіна з Бабруйска з песенькай “Мае вочы”…“Дзявочнік” лідзіруе! А хто канкрэтна атрымае перамогу? Мабыць, Жана Літвіненка з Драгічына? Або Міхаіл Ліла з Мазыра? Дарэчы, хлопчык рэдкага таленту! Прадзюсіруе сына Сяргей Міхайлавіч Ліла, урач хуткай дапамогі. “Дапамагаю, як магу,— паведамляе ён мне. — Пакуль у нас усё цудоўна. Атрымалі прыз на “Славянскім базары ў Віцебску”. Песня “Маленства край” напісана спецыяльна для майго сына”.
Мазыране спявалі цудоўна. Але калі Аляксандра Міраненка з Мурманска спела на чыстай беларускай мове “Мой родны кут”, зала заціхла.
Было заўважна, што многія дзяўчынкі спрабуюць пераймаць Ксеню Сітнік. Добра гэта ці кепска? Нікога не асуджаю. Добра быць падобнай на Ксеню ў яе поспехах.
Не падвялі і хлопчыкі. Дзіма Камісарчук з Пінска,нібы беларускі Каруза, праспяваў “Закаханага салдата”. Я пазнаёмілася з настаўніцай хлопчыка Ларысай Праскурынай. Дзіма — гімназіст, вучыцца добра, спявае яшчэ лепей.
Танцораў менш, чым вакалістаў. Толькі дзве намінацыі — ад 7 да 12 і з 12 да 17 гадоў. Дзіцячая студыя сучаснага танца “Алексіс” з Мазыра бліскуча выканала эстрадны танец.
— Вельмі вырас прафесійны
ўзровень калектыву, — пракаментаваў выступленне танцораў член журы, заслужаны артыст рэспублікі Мікалай Салко.
— Шмат цікавых трак
товак у развіцці тэмы… Спадабаліся і традыцыйныя танцы. Якога “Гапака”
задалі ўкраінцы!
Сваёй неўтаймоўнасцю і прыгажосцю танцы нагадвалі прыпяцкую плынь — відовішча, вартае экранаў
тэлебачання.
Ну, а што ж “Лодачка”, за якую я так “хварэла”? Валда Тымуле зазначыла, развітваючыся са мной: “Хоць і не пе
рамаглі, але прыдбалі для сябе многае.
Шмат чаму навучыліся і праз два гады вырашылі зноў прыехаць у Мазыр”.

Вольга ЯГОРАВА, наш спецкар.
Мінск — Мазыр — Мінск
Фота аўтара і Генадзя ЯСТРЭМСКАГА