40-годдзе мулявінскіх традыцый

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” адзначыў днямі 40-годдзе. Павіншаваць калектыў з юбілеем прыехалі міністр культуры краіны Павел Латушка і яго першы намеснік Уладзімір Рылатка.

 /i/content/pi/cult/226/2995/2-1.jpg

- Як аматар, - прызнаўся міністр, - я добра ведаю калектыў з дзяцінства. "Песняры" адразу ўвайшлі ў мае сэрца і душу, як і для большасці нашых суграмадзян. Гэта - калектыўлегенда, без якога ўявіць беларускую нацыянальную культуру немагчыма. Таму ў гэты дзень я хацеў бы ўспомніць Уладзіміра Мулявіна і ўсіх, хто працаваў дзеля славы "Песняроў" і нашага мастацтва, - і падзякаваць ім. Як міністр культуры разумею, што роля "Песняроў" і сёння павінна быць вельмі важнай. Вельмі ўсцешыўся, калі меў магчымасць бачыць нядаўняе выступленне ў Канцэртнай зале "Мінск", дзе вы паказвалі новы альбом "Вольнаму воля". Я вельмі рады, што нараджаюцца новыя альбомы, што вы захоўваеце менавіта мулявінскія традыцыі і ідзяце далей, што з'яўляюцца новыя артысты - гэта таксама знакавы момант для калектыву. Ведаю, вы цяпер працуеце над новым праектам на вершы Янкі Купалы, плануеце "экспартныя" праграмы ў Расійскую Федэрацыю і іншыя краіны свету. Як дыпламат неаднойчы быў сведкам, калі людзі на вашых канцэртах па 15 - 20 хвілін віталі калектыў авацыямі. Таму вельмі важна, каб "Песняры" і надалей як мага часцей выязджалі за межы краіны, прадстаўляючы на высокім узроўні нашу культуру. Міністэрства культуры будзе гэта ўсяляк падтрымліваць. З нагоды юбілею Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры былі ўзнагароджаны касцюмер калектыву Алена Прахіна і музычны кіраўнік Раман Козыраў.

 На здымку: Павел Латушка ў студыі "Песняроў"

 Фота Юрыя ІВАНОВА   

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"