Вызвалены за шэсць гадзін

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Смаргоншчына ў гады Першай сусветнай вайны знаходзілася ў эпіцэнтры баявых дзеянняў, у выніку чаго сам горад быў практычназнішчаны, а жыхары Смаргоні сталі бежанцамі. Праз колькі дзесяцігоддзяў жахі другой вайны — Вялікай Айчыннай — таксама не абышлі гэтую мясцовасць.

/i/content/pi/cult/225/2989/22-2.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2989/22-4.jpg

Фашысцкімі акупантамі ў Смаргоні быў арганізаваны лагер для яўрэяў, дзе адбываліся здзекі з тысяч бязвінных ахвяр. Пра гэтыя злачынствы сведчаць успаміны выжыўшых і апублікаваныя дакументальныя акты. Так, паводле аднаго з іх вядома, што ў першыя дні вайны ў гета было сагнана 3280 чалавек, большасць з якіх ніколі ўжо не вярнуліся ў свае дамы. Супраць акупантаў змагаліся на Смаргоншчыне падпольныя і партызанскія атрады. Ужо ў самым пачатку вайны былі створаны дзве падпольныя групы. Адной з іх кіраваў Уладзімір Ручыца. Члены яго групы рыхтавалі і распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, выкрывалі здраднікаў Радзімы, здзейснілі выбух на чыгуначнай станцыі. Група Ручыцы была шчыльна звязана з Мінскім падполлем і адтуль атрымлівала заданні. На жаль, пратрымацца патрыёты здолелі толькі да жніўня 1943 года, калі была арыштавана і расстраляна большасць яе ўдзельнікаў. Другая падпольная група - пад кіраўніцтвам Пракопа Сапача - створана ў Залессі. Пасля падрыву варожага цягніка ён быў арыштаваны і загінуў у Віленскай турме. Як напамін аб сабе Пракоп Іосіфавіч пакінуў на сцяне адной з камер такія словы, напісаныя крывёю: "Сёння мяне павядуць на шыбеніцу. Я не выдаў таварышаў па барацьбе. За справу працоўных, за Чырвоную Зорку, за Савецкую ўладу я аддаю сваё жыццё..." Намаганнямі менавіта такіх людзей і набліжалася Вялікая Перамога. Пад час другога этапа Беларускай наступальнай аперацыі праз тэрыторыю Смаргонскага раёна наступалі тры арміі: 5-я- пад камандаваннем генерал-палкоўніка М.Крылова, 11-я гвардзейская - генерал-маёра К.Галіцкага і 5-я гвардзейская танкавая - маршала бранятанкавых войск П.Ротмістрава. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, фашысты ўмацоўвалі Смаргонь і планавалі ўтрымаць савецкія часці. Тым не менш, супраціўленне акупантаў было адразу зламана. Захапіўшы плацдарм на левым беразе Віліі, асобныя дывізіі ў 9 гадзін раніцы 4 ліпеня 1944 года пачалі наступленне на горад, і да 15.00 Смаргонь была вызвалена, а праз чатыры дні быў вызвалены і Смаргонскі раён.

 Кастусь АНТАНОВІЧ

 На здымках: камандзір коннай разведкі лейтэнант П.А. Кавахім (справа) з байцамі; пяхота на пераправе праз Вілію. 4 ліпеня 1944 г.