“Класіка вабіць самім сваім словам”

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Драматургія — асобная частка нацыянальнай літаратуры. Прычым тая частка, якой беларусы могуць ганарыцца па праве, бо п’есы нашых аўтараў, без перабольшвання, скарылі сцэны ўсіх кантынентаў. Напярэдадні Дня пісьменства “Культура” вырашыла высветліць, якая драматургія найбольш запатрабавана ў сучасным тэатры, у аднаго з самых вядомых рэжысёраў — Мікалая ПІНІГІНА. А заадно — распытаць у яго пра першыя месяцы працы на пасадзе мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

 /i/content/pi/cult/225/2985/19-1.jpg

Зарабіць на камедыі

- Мікалай Мікалаевіч, дазвольце павіншаваць з пачаткам новага тэатральнага сезона - першага для вас у якасці мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ці змяніліся вашы адносіны да тэатра: тэатра канкрэтнага і тэатра ўвогуле?

- Мастацкі кіраўнік - не проста нейкае званне ці дадатковы радок у біяграфіі. Гэта зусім іншая прафесія, чым рэжысёр. Яна вымагае быць менеджэрам, у пэўнай ступені - адміністратарам, шмат часу праводзіць за сталом, займацца бягучымі справамі, якія могуць быць зусім нецікавымі творчай асобе. Але гэтую працу павінен нехта выконваць. Памятаю, калі мы з Уладзімірам Мулявіным рыхтавалі Дзень Беларусі на адным са "Славянскіх базараў", ён сказаў: "Ведаеш, я за некалькі месяцаў арганізацыйнай працы не напісаў ніводнай ноты". Для мастака быць кіраўніком вельмі цяжка. Так і магу адказаць на ваша пытанне: перастаеш быць творцам, а становішся адміністратарам. Больш нічога ў маіх адносінах з тэатрам не змянілася.

- Ваша апошняя па часе прэм'ера - спектакль паводле п'есы французскага драматурга Франсіса Вебэра "Вячэра з прыдуркам". Новая работа будзе пастаўлена па творы ірландскага аўтара. Ці значыць гэта, што вас больш цікавіць замежная драматургія? Для айчынных твораў на Купалаўскай сцэне знойдзецца месца?

 - Што наконт Вебэра - гэта спектакль не новы: калісьці ён ішоў у атрэпрызе. Я вырашыў перанесці яго ў Купалаўскі тэатр, калі даведаўся, што грошай на цалкам новую пастаноўку пакуль недастаткова. Раптам вызваліўся час: новы спектакль у піцерскім БДТ давялося адкласці з прычыны тых жа фінансавых цяжкасцей. "Вячэра з прыдуркам" - праект паспяховы. Думаю, ён дазволіць зарабіць нам на нешта больш сур'ёзнае. Мне за яго не сорамна, бо спектакль атрымаўся: білеты набыць вельмі цяжка. Пагадзіцеся, гэта таксама паказчык. Ды і жанр камедыі не лічу нейкім другасным: паставіць добрую камедыю вельмі складана, драму - куды прасцей. Што да п'есы ірландскага драматурга Браяна Фрыла "Translations", то для Беларусі яна вельмі актуальная. На жаль, айчынныя аўтары прадставіць твор на такую тэму пакуль не могуць. П'еса расказвае пра лёс роднай мовы ірландцаў - так званай гэльскай, адной з моў, якой карысталіся старажытныя кельты. Калісьці яны жылі па ўсёй Еўропе, адпаведна, паўсюль гучала іх мова. Потым Ірландыя стала часткай Брытаніі, ірландцы паступова развучыліся гаварыць па-свойму. На сённяшні дзень гэльскай мовай карыстаюцца ў Ірландыі не больш за 5% насельніцтва, астатнія - мовай суседзяў... Мовы, на жаль, знікаюць з паверхні Зямлі, як і людзі. Дзе тая мова, на якой пісаў вялікі Гамер? Яна ўжо не існуе. Дзе тая латынь, на якой калісьці размаўляла ўся Еўропа? Жыццё не стаіць на месцы, ідзе працэс так званай глабалізацыі, у тым ліку культурнай. Паглядзіце, якай мова дамінуе ў Інтэрнеце: так, англійская, старонак на іншых значна меней. А што да нацыянальнай драматургіі... У бліжэйшым будучым я маю намер паставіць п'есу Уршулі Радзівіл "Распуснікі ў пастцы", да 65-годдзя Перамогі рыхтуецца пастаноўка паводле аповесці Алеся Адамовіча - "Нямко". Я вельмі паважаю айчынных аўтараў, але рэжысёр і тэатр увогуле не павінны замыкацца толькі на сваіх. Ставіць творы беларусаў толькі за тое, што яны беларусы, - нонсенс. Звычайна за прыклад я прыводжу Эймунтаса Някрошуса, сусветна вядомага літоўскага рэжысёра, які не паставіў ніводнага спектакля паводле літоўскай драматургіі! І пры гэтым ён не стаў менш літоўскім. Таго, што ён іграе на сваёй мове, дастаткова, каб годна прадстаўляць Літву ў тэатральным свеце.

Які "ўзрост" якаснай п'есы?

- На ваш погляд, чаму сучасная нацыянальная драматургія не здольная прапанаваць тэатру п'есу кшталту твору Фрыла?

- Браян Фрыл - сусветна прызнаны аўтар у салідным узросце. З ягоным майстэрствам вельмі цяжка спаборнічаць. Чаму ў нас не з'яўляюцца свае Браяны Фрылы? Мне вельмі нялёгка адказаць на гэтае пытанне. У нашай драматургіі слаўныя традыцыі, але новых імёнаў - няшмат, і, наколькі мне бачыцца, гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Таму ж Фрылу - восемдзесят. Самы ж малады "моцны" драматург, якога я ведаю, - гэта таксама ірландзец Марцін Мак Донах, а яму ўжо пад сорак. Драматургія - самы складаны від літаратуры. Ён патрабуе асаблівага таленту, майстэрства. Сёння ўсе пішуць так званыя "тэксты", а тэатр успрымае толькі драматургічную канструкцыю, якой яму якраз і не прапаноўваюць. П'есы павінны апавядаць пра нешта сур'ёзнае, вельмі важнае, тое, што адбываецца вакол чалавека, але не на побытавым узроўні. У сучасных творах гэтага важнага амаль што няма. Драматургія - гэта прафесія. Калі няма дзе ёй навучыцца - вучыся сам, чытай класіку, разбірай яе на асобныя элементы.

- Якім якасцям павінна адпавядаць п'еса, каб мець шанцы трапіць на сцэну тэатра імя Янкі Купалы?

- Ніякіх "стандартаў" тут няма - ні ў тэмах, ні ў памерах. Галоўнае - асоба аўтара, яго пазнавальны стыль, моц мастацкіх вобразаў. Напрыклад, цудоўныя п'есы Аляксея Дударава "Вечар" і "Радавыя" ішлі ў мностве тэатраў у розных краінах. Калі ж браць запыты шараговага гледача, паверце, гэта будзе пераважна камедыя, толькі камедыя! Цудоўны спектакль Аляксандра Гарцуева "Івона, прынцэса Бургундская" ідзе ў нас вельмі рэдка толькі таму, што пастаноўка даволі складаная, яна не ўсімі адразу ўспрымаецца. А камедыя - жанр дэмакратычны, лёгкадаступны. Існуе меркаванне, што "лёгкі" жанр псуе густ публікі. Аднак, ён адначасова і прываблівае людзей у глядзельную залу. Калі ўвесь час есці адно толькі сала, то будзе цягнуць з'есці цукерку, і наадварот: пасля салодкага хочацца нечага іншага, больш "цяжкога". Тэатральнае "меню" павінна быць разнастайным. Але галоўнае - Тэатр павінен быць жывым, а які жанр ён прапаноўвае - іншая справа. Нацыянальны акадэмічны тэатр існуе, у тым ліку, і для таго, каб дапамагаць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Гэта тое месца, дзе павінна гучаць узорная беларуская мова, чалавек можа акунуцца ў сваё культурнае асяроддзе, адчуць, да якой нацыі прыналежыць. Але гэта не значыць, штомы будзем хрэстаматыйнымі і замкнёмся на класіцы, на Купале і Коласе. Беларусь - частка сусвету, і тэатр - таксама. Таму нас хвалююць усе тыя праблемы, што і астатняе чалавецтва.

 "Тэатр плюс..." не атрымліваецца

- Наконт цікавасці да тэатра ў грамадстве. Некалькі дзесяцігоддзяў назад тэлебачанне вельмі моцна ёй спрыяла. Сёння тэатр, у тым ліку беларускі, на экране з'яўляецца не так часта...

 - Больш за тое: тэлебачанне ўдзяляе вельмі мала часу ўсяму класічнаму мастацтву. Нам вельмі не хапае некамерцыйнага тэлеканала, дзе галоўнымі былі б тэатр, музыка, жывапіс... Такое тэлебачанне магло б займацца адукацыяй будучых тэатралаў, і школьнікаў не даводзілася бы цягнуць у глядзельную залу. Чалавек павінен прыходзіць у тэатр сам, па сваёй унутранай патрэбе. Я супраць таго, каб вучняў прыводзілі "за руку" цэлымі класамі. Апошнім спосабам павагу да мастацтва выхаваць нельга. А вось тэлеканалы могуць добра прапагандаваць тэатральнае мастацтва, паказваючы лепшыя спектаклі. Тым больш, што вялікіх грошай для гэтага не трэба.

- На паліцах вашага працоўнага кабінета - кнігі лепшых беларускіх аўтараў, прычым не толькі драматургаў. Гэта значыць, што вы чытаеце толькі айчыннае?

 - На жаль, раскошы чытаць проста для задавальнення, амаль не маю. Асноўнае чытанне на сённяшні дзень - драматургія, бо займаюся пошукам п'ес для тэатра. Калі ж выдаецца вольная хвілінка, чытаю для душы. Але не белетрыстыку: яна мне, па вялікім рахунку, нецікавая. Цікаўлюся кнігамі па ўсходняй культуры, не магу жыць без класікі, гатовы бясконца гартаць Пушкіна, Талстога, Буніна, Караткевіча. Акрамя глыбіні ідэі і тэмы, класіка вабіць самім сваім словам.

 - Бачу на паліцах і дыскі з фільмамі... Якія вашы адносіны з кінамастацтвам? Ці ёсць жаданне зняць стужку?

 - Мяне ніколі не запрашалі працаваць у кіно, ды і вольнага ад тэатральнай рэжысуры часу ў мяне няшмат. Аднак, можа здарыцца, я паспрабую сябе і ў кіно. Былі нейкія размовы на студыі, але пакуль нічога канкрэтнага - адны толькі думкі. Справа ў тым, што дзеля здымак давядзецца на нейкі час пакінуць тэатр, а мне гэта будзе зрабіць вельмі складана.

 - Купалаўскі тэатр неўзабаве чакае рэканструкцыя. Ці абмяжуеццаяна толькі абнаўленнем будынка?

 - Галоўнае - каб мы былі цікавыя нашаму гледачу. Жыццё прапануе нешта новае, кожны новы дзень не падобны на мінулы, і трэба адпавядаць патрабаванням часу. Таму змены, безумоўна, непазбежныя. Мяркую, тэатру патрэбны яны і ў некаторых арганізацыйных пытаннях, і ў пытаннях унутранага распарадку, тэатральнай этыкі, напрыклад. Абнаўленне чакае і рэпертуар; з яго ўжо знікла 14 спектакляў, якія, на мой погляд, не адпавядаюць мастацкаму ўзроўню нацыянальнага акадэмічнага тэатра. Але перамены хутка не адбываюцца. Заўсёды насцярожана адносіўся да людзей, якія прыходзілі і з парога заяўлялі: "Я добра ведаю, што рабіць!" У жыцці так проста не бывае. Жыццё само падкажа, як працаваць...

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА