Прамень адзінства і любові

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

У шаснаццаты раз праходзіць Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя з нязгаснай лампадай, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства. За ўсе гады ў праекце паўдзельнічала каля 200 чалавек: пісьменнікаў, навукоўцаў, журналістаў, святароў, настаўнікаў, медыкаў, артыстаў — людзей, неабыякавых да духоўнай культуры Беларусі.

 
Кожны год экспедыцыя пашырае сваю геаграфію, але застаецца традыцыйным першае месца, якое наведваюць удзельнікі праекта: гэта Святое поле пад Баранавічамі, непасрэдна звязанае з ваеннымі старонкамі гісторыі нашага краю. Апрача яго, сёлета маршрут праекта пралягае паўз вёскі і гарадскія пасёлкі паміж Салігорскам, Мазыром, Лельчыцамі, Смалявічамі, Чэрвенем і складае, па словах намесніка кіраўніка экспедыцыі, супрацоўніка Інстытута мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандра Лапаты-Загорскага, 1200 кіламетраў. А завершацца духоўна-асветніцкія мерапрыемствы ў Смаргонскім раёне. Цікавая адметнасць сёлетняга праекта ў тым, што папярэдне са Смаргоні было ўзята трошкі зямлі, часткаякой цягам экспедыцыі будзе "абменьвацца" ў прамежкавых прыпынках. У канцы экспедыцыі зямля з розных месцаў "паяднаецца", што падкрэсліць дэвіз праекта: "Адзінствам і любоўю ўратуемся!".