Стужка "Іван Мележ. Туманы над багнаю" прадукт вытворчасці РУП "Беларускі відэацэнтр" па сцэнарыі пісьменніка Уладзіміра Мароза - актыўнага прапагандыста нацыянальнай культуры на айчынным экране. Гэта толькі адзін прыклад з багатай калекцыі карцін, прысвечаных вядомым літаратурным постацям, якія былі зняты беларускімі дакументалістамі на розных студыях. З самых вядомых - стужкі пра Францыска Скарыну, Якуба Коласа і Янку Купалу, Пімена Панчанку. Аляксандр Анісімаў прапануе гледачу акунуцца ў свет унікальных архіўных матэрыялаў, успамінаў сяброў Мележа, фатаграфій і кадраў са стужак. Падарожжа ў літаратурнае мінулае суправаджаецца тэкстам, які чытае за кадрам народны артыст Беларусі Ілля Курган. Нягледзячы на тое, што "Палеская хроніка" была задумана і напісана амаль паўстагоддзя таму, яе змест і высновы надзіва актуальныя, упэўнены аўтар стужкі. - Наш фільм - не толькі пра пісьменніка і ягоны твор, - растлумачыў ён у інтэрв'ю "К". - Мы імкнуліся разам з аповедам аб Мележы расказаць пра тое, што яго хвалявала, пра што ён і пісаў сваю самую галоўную кнігу. Вядучая тэма "Палескай хронікі" - зямля і людзі на ёй. Пэўна, нездарма Мележ так і не завяршыў сваю трылогію. І справа не толькі ў тым, што яму не хапіла адпушчанага лёсам часу. Існуе іншая версія: творца проста не ведаў, як распавесці пра перыяд калектывізацыі беларускай вёскі, як вывесці яго на паперы. Я і выбраў Мележа ў якасці героя, бо лічу яго не толькі адным з самых галоўных нацыянальных пісьменнікаў, але і тым чалавекам, які ўзняў пытанне пра зямлю, пра тое, каб яна належалатым, хто на ёй працуе.
- Як вы лічыце, ці дастаткова ў нас здымаецца стужак пра пісьменнікаў?
- На жаль, недастаткова. Безумоўна, такія стужкі ёсць, але гэта не значыць, што больш здымаць не трэба. Нават пра тых класікаў, пра якіх карціны ўжо існуюць. Бо праходзіць час, мы даведваемся пра іх і іхнія творы нешта новае, па-новаму глядзім на рэчы, што яны апісвалі. Здымаць можна і трэба. Я сам выношваю ідэю стужкі, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, якога вельмі люблю, у мяне ёсць кнігі з ягоным аўтографам. Лічу, здымаць пра пісьменнікаў, якія пайшлі з жыцця адносна нядаўна, трэба як мага хутчэй. Бо яшчэ можна застаць тых, хто жыў і працаваў з імі побач, падыхаць атмасферай, у якой пісаліся іхнія творы.
- Над чым вы працуеце сёння?
- З сёмага верасня, таксама на "Белвідэацэнтры", распачнецца праца над стужкай, якая прысвечана садова-паркаваму мастацтву на Беларусі. Спачатку будзем здымаць у Гомелі, у славутым парку палаца Румянцавых і Паскевічаў. Спадзяюся, стужка выйдзе вельмі насычанай і пакажа шмат раней невядомых старонак з гісторыі нашай Бацькаўшчыны.