Восеньская туга Агінскага

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Ёсць на Смаргоншчыне вёска Вётхава, дзе нарадзіўся чалавек, якім цяпер ганарацца на яго малой радзіме. Гэта Арсен ЛІС, вядомы беларускі фалькларыст, літаратуразнаўца і краязнаўца. Доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай Прэміі Беларусі, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі — Арсена Сяргеевіча не патрэбна прадстаўляць шырокай публіцы. Пра Смаргоншчыну, гэты адметны беларускі край, пра арыгінальныя жніўныя песні на сваёй малой радзіме, пра Дзень беларускага пісьменства напярэдадні свята карэспандэнт “К” пагутарыў з навукоўцам.

/i/content/pi/cult/225/2980/17-2.jpg

- Арсен Сяргеевіч, што для вас Смаргоншчына, чым яна вам запомнілася з дзяцінства?

- Адразу ўспамінаю песні маёй маці, з якіх фактычна пачалося маё свядомае жыццё. Памятаю вершы Багушэвіча, Багдановіча, Гаруна, якія чытаў на памяць мой дзядзька Грышка... Справа ў тым, што маладосць маіх бацькоў прыйшлася на 1920-я гады, і, зразумела, шматлікія ўспаміны пра тыя бурлівыя часы даволі часта гучалі ў нашай хаце. Менавіта так, спачатку з вуснаў дарагіх мне людзей, і прыйшло да мяне беларускае слова, цікавасць да яго. Смаргоншчына - прыгожая зямля з багатымі гістарычнымі і духоўнымі традыцыямі. Дасюль памятаю ланцугі ўзгоркаў, якія цягнуцца адсюль аж да Вільні, Залессе з сядзібай Агінскіх. А вядомы Паланез Агінскага асацыіруецца ў мяне толькі з маёй малой радзімай. Мне падаецца, што ў гэтай мелодыі аўтар выкарыстаў мінор асенняй беларускай песні, у яе класічным, смаргонскім, варыянце. Велічны Крэўскі замак, Кушляны, дзе жыў і памёр Багушэвіч, Павел Южык, якога я асабіста ведаў і які быў хросным бацькам майго бацькі, Алесь Салагуб, муж сястры маёй маці, вершы якога чытала мне маці, знакамітыя беларускія навуковыя даследчыкі Станкевічы - Адам, Янка, Станіслаў, якія нарадзіліся непадалёк, у вёсцы Арляняты, - усё гэта, зразумела, не магло не накласці пэўны адбітак на маё светаўспрыняцце.

- Дзень пісьменства ў Смаргоні, у іншых гарадах Беларусі - наколькі гэта, на вашу думку, запатрабавана ў наш час, асабліва для беларускай моладзі?

- Мне падаецца, што гэтае свята ў стратэгічным плане вельмі добра задумана і арганізавана. Дзень пісьменства вяртае гістарычную памяць народу, звяртае ягоную ўвагу на культурныя, гістарычныя, краязнаўчыя здабыткі беларусаў нейкага асобнага рэгіёна - і, адначасова, усёй Беларусі, прымушае моладзь цікавіцца сваёй малой і вялікай радзімай, разважаць над яе багатай гісторыяй і традыцыямі. А ў самой Смаргоні вельмі добра працуюць краязнаўцы. Адзін з прыкладаў іх якаснай работы - кніга "Памяць", выдадзеная ў 1994 годзе.

- І, зразумела, не магу не запытацца ў такога слыннага знаўцы беларускага фальклору: ці ёсць на Смаргоншчыне свае, унікальныя, народныя песні?

 - Кожны рэгіён мае сваю адметнасць, і гэта вельмі добра бачна ў фальклоры, у песнях абрадна-каляндарнага цыкла. Зразумела, што першым адкрыла для мяне свет народнай песні родная маці. Яна спявала мне ў дзяцінстве ўсе песні каляндарнага цыкла, і, пэўна, гэта і прыцягнула маю ўвагу да такога жанру народнай творчасці, скіравала мяне да навуковай дзейнасці ў гэтай галіне. Думаецца, асабліва адметныя ад іншых рэгіёнаў Гродзеншчыны, ды і ўсёй Беларусі, асеннія, жніўныя і купальскія песні маіх землякоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА  

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"