“Вяршыні без асновы не бывае, як і кроны без каранёў...”

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Дзень пісьменства штогод змяняе не толькі сваю сталіцу. Творчую эвалюцыю спазнае таксама і праграма свята. Якія інавацыі чакаюць яго гасцей сёлета? І якое значэнне мае Дзень пісьменства для жыцця краіны ў цэлым? Такім быў тэматычны дыяпазон “перадсвяточнай” гутаркі карэспандэнта “К” з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам РУСАКЕВІЧАМ.

 /i/content/pi/cult/225/2973/3-2.jpg

- Праграма свята ў значнай ступені вынікае менавіта з яго "вандроўнай" канцэпцыі, - перакананы Уладзімір Васільевіч. - Бо кожная са сталіц Дня пісьменства мае сваю гісторыю, свае унікальныя адметнасці, урэшце, сваё архітэктурнае аблічча. Тыя замежныя госці, якія ўжо неаднойчы наведвалі гэтае свята, са здзіўленнем адзначаюць: якая ж цікавая і разнастайная Беларусь! Прадставіць гэтыя рэгіянальныя адметнасці ў прывабнай форме - немалаважная задача Дня пісьменства. Багатая на падзеі мінуўшчына Смаргонскага краю і цяперашнія ягоныя культурныя адметнасці раскрыюцца перад гасцямі ва ўсёй красе. Будуць і вядомыя ансамблі, і народныя майстры, і рыцары, і, канешне ж, мядзведзі з абаранкамі. У іншым горадзе свята прайшло б зусім іначай.

 - Дзень пісьменства мае за плячыма салідную гісторыю. На вашу думку, ці адчуваецца яго ўплыў на будзённае, штодзённае грамадска-культурнае жыццё краіны?

- Свята праводзіцца шаснаццаты раз. Значыць, яго аднагодкі - тыя хлопцы і дзяўчаты, якія з'явіліся на свет у 1994 годзе, - ужо выпускнікі школ. Гэта людзі, якія нарадзіліся ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і ад якіх залежыць яе будучыня. Іх пакаленне не выклікае ў нас насцярожанасці: цяперашняй моладзі ўласцівыя патрыятызм, адказнасць, унутраная культура. Без сумневу, гэта плады той нязменнай увагі, якую Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка надае выхаванню маладога пакалення. Так, свята бывае ўсяго раз на год. Але Дзень пісьменства - толькі найбольш выразная праява таго пачыну, які дзеецца ў нас няспынна, толькі "вяршыня айсберга". Вяршыні без асновы не бывае, як і кроны без каранёў. І гэтак сама ўсе відавочныя поспехі Рэспублікі Беларусь, сведчаннем якіх з'яўляюцца тыя ж дагледжаныя смаргонскія вуліцы, трымаюцца на моцнай духоўнай аснове.

- Смаргоншчына на літаратурнай карце нашай краіны - гэта, вядома, перш за ўсё Багушэвіч...

- Гэта краевугольны камень новай беларускай літаратуры. І я лічу сімвалічным тое, што бронзавая постаць класіка будзе ўсталявана не на пастаменце, а менавіта на вялізным і мажным камені. А "нерукачынным" помнікам аўтару "Дудкі беларускай" стануць тыя словы ўдзячнасці, якія, упэўнены, неаднаразова прагучаць з вуснаў удзельнікаў Фестывалю кнігі і прэсы. Ён, дарэчы, пройдзе ў гарадскім парку - вобразна кажучы, ля падножжа Багушэвіча. Пры жыцці Мацей Бурачок мог толькі марыць пабываць на такім магутным фэсце роднага Слова.

 - Кожны падобны фестываль - магчымасць убачыць вынікі працы кнігавыдавецкай галіны. На вашу думку, ці не збяднелі паліцы беларускіх кнігарняў у сувязі з сусветным крызісам?

 - Вядома, казаць пра тое, што ўсеагульныя цяжкасці не закранулі гэтую сферу, не выпадае: кнігавыдавецтва чуйна рэагуе на агульныя эканамічныя працэсы. Але ж выпуску сацыяльна-значнай літаратуры гэта ніяк не тычыцца. Дзяржава ніколі не пакіне без падтрымкі тыя ініцыятывы, якія спрыяюць духоўнаму росту яе грамадзян. І што ўжо дакладна не падуладнае ніякаму крызісу - дык гэта творчыя здольнасці і працавітасць выдаўцоў, мастакоў, дызайнераў і ўсіх тых, хто стварае той складаны, комплексны прадукт, які мы можам з прыемнасцю пабачыць на паліцах кнігарняў. Пра гэта, ужо ў каторы раз, засведчылі вынікі Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі". Па колькасці атрыманых нашымі выданнямі дыпломаў Беларусь заняла першае месца: мы атрымалі ўзнагароды ў 7 намінацыях, а ўсяго іх было восем. Сапраўдны ж шэдэўр кніжнай справы- альбом "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны" выдавецтва "Мастацкая літаратура" - справядліва ацэнены Гран-пры.

 - Сталіцай наступнага Дня пісьменства стануць Хойнікі...

- І менавіта таму нам патрэбна будзе прыкласці асаблівыя намаганні, каб парушыць магчымыя стэрэатыпы адносна "чарнобыльскага следу". Прыедзьце сёння ў Хойнікі- і вы пераканаецеся, што гарадок жыве звычайным жыццём: людзі працуюць, ствараюць сем'і, нараджаюць дзяцей... Сярод жыхароў Хойнікаў - і сваякі геніяльнага летапісца Палесся Івана Мележа. Родам ён менавітаадтуль. Тым болей, гэты выбар - далёка не першае сведчанне таго, што дзяржава ніколі не абдзяляла ўвагай пацярпелыя ад чарнобыльскай навалы рэгіёны. Перакананы, што правядзенне ў Хойніках Дня пісьменства стане новай вяхой у адраджэнні прыгожага палескага краю.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 Ад рэдакцыі.

 Сёлета дыпламатычнае прадстаўніцтва на Дні беларускага пісьменства не можа не радаваць сваёй геаграфіяй: на момант падпісання газеты ў друк свой удзел у свяце пацвердзілі прадстаўнікі пасольстваў амаль 20 краін. Зрэшты, на старонках нашага выдання многія з тых дыпламатаў, хто будзе вітаць святочную Смаргоншчыну, не раз выказвалі цёплыя словы на адрас беларускага народа і яго стасункаў з уласнай гісторыяй, культурай.