Прэзентаваліся два кампакты: “Музычныя традыцыі масленіцы беларускага Падняпроўя” і “Надзежда Адамаўна Швед” (менавіта Надзежда, як гэта вымаўляецца ў вёсцы Перароў, што на Гомельшчыне). Удзельнічала ў прэзентацыі і сама 70-гадовая спявачка, якая ўжо пры жыцці стала легендай, годнай увасаблення не толькі ў дакументалістыцы. І выдала такі “сольнік”!
Калі “шведаўскія” запісы рабіліся ў адзін заход, дык масленічныя — на працягу 40 гадоў, рознымі экспедыцыямі. Уяўляеце размах і ўзровень сістэматызацыі? А ёсць жа яшчэ і нотныя “расшыфроўкі” некаторых песень, прыведзеныя ў буклетах да дыскаў (няма чаго і казаць, самі даследчыкі маюць расшыфроўкі ўсіх песень, але для іх публікацыі патрабуюцца зусім не “буклетныя” маштабы). Застаецца спадзявацца, што выпуск аўдыёатласа будзе працягнуты. Не толькі таму, што попыт на падобныя навуковыя зборы — найвялікі (дарэчы, тыраж у 100 асобнікаў — зусім не для продажу, хіба для “падарункаў”). А таму, што культура — гэта тое, што зберагаюць для нашчадкаў. І не “здзіраюць”, бы старыя шпалеры, каб зрабіць “еўрарамонт”.
— У наш кабінет народнай музыкі, — усміхнулася пасля “афіцыйнай часткі” яго загадчыца, кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Бярковіч, — звяртаюцца многія дзеячы мастацтва, асабліва кампазітары. Нядаўна “Аляксандра і Канстанцін” званілі, цікавіліся нашымі калекцыямі. Так што будзем чакаць “ходу ў адказ” ад нашых творцаў.