Манюшка цяпер і ў Тураве

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

4 верасня на старажытнай Тураўскай зямлі, слаўнай сваімі легендамі і паданнямі, пройдзе свята мастацтваў, зладжанае Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга пры падтрымцы дзяржавы і мясцовых улад.

  У цэнтры музычных падзей апынецца святкаванне 190-годдзя з дня нараджэння знакамітага класіка беларускай і польскай музыкі Станіслава Манюшкі. Нарадзіўшыся непадалёк ад Мінска, больш за 30 гадоў свайго жыцця ён правёў на Міншчыне і Віленшчыне. У Варшаву ж яго запрасілі ўжо сталым майстрам, аўтарам не толькі безлічы вакальных, інструментальных, сімфанічных твораў, але і опер. Аднак юбілейны канцэрт невыпадкова пройдзе пад назвай "Знакамітыя сыны Беларусі". У ім прагучыць музыка не толькі С.Манюшкі, але і ягоных суайчыннікаў і сяброў: Напалеона Орды, Мечыслава Карловіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншых выдатных творцаў. Выканаўцамі выступяць не толькі шматлікія камернаінструментальныя склады Нацыянальнага канцэртнага аркестра, але і новы вакальны калектыў, што з'явіўся ў гэтым аркестры, - харавая група пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Шанаванне памяці С.Манюшкі стане не адзіным акцэнтам фестывалю, які носіць, найперш, асветніцкі характар. Распачнецца свята ў Жыткавічах. Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, наша знакамітая маладая піяністка Даша Мароз правядзе майстар-клас для навучэнцаў тамтэйшай школы мастацтваў. Акцыя "Майстры мастацтваў - дзецям і моладзі" перанясецца і ў Тураў, дзе адбудзецца творчая сустрэча з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Эдуардам Зарыцкім. Вядомыя жывапісцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў правядуць адкрыты ўрок малюнка "Маёй радзіме прысвячаецца". Сваё майстэрства пакажуць і гаспадары свята. У Тураўскім гарадскім доме культуры пройдзе выстаўка вырабаў народных майстроў Жыткаўшчыны. Там жа выступіць і народны хор Турава пад кіраўніцтвам Васіля Сушко.